Мірнага неба табе, Стаўбцоўшчына!

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары Факты, падзеi, людзi

8-07-2015-12

3 ліпеня ў Стоўбцах прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Яркае ліпеньскае сонца. Яго промні нібы нагадваюць усім жыхарам Стаўбцоўшчыны аб самым вялікім дзяржаўным свяце – Дні Рэспублікі і 71-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты незвычайны дзень а 10-й гадзіне раніцы каля вёскі Новы Свержань адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака – гарматы, устаноўленага ў гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і вызвалення горада Стоўбцы ад фашысцкіх акупантаў.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, адкрываючы памятны знак, сказаў: «Менавіта з гэтага месца 71 год назад каля 10 гадзін раніцы пачалося наступленне нашых войскаў на горад Стоўбцы з мэтай вызвалення Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1994 годзе тут была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, а сёння мы ўстанавілі і адкрываем гэты памятны знак – гармату – як даніну памяці тым, хто вызваляў нашу Беларусь, нашу Стаўбцоўшчыну. Іх подзвіг неўміручы». Старшыня райвыканкама выказаў словы ўдзячнасці Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь, камандзіру Наваколасаўскай воінскай часці Нікіціну В. А., мясцоваму дэпутацкаму корпусу на чале са старшынёй райсавета Казякоўскім А. Р., усім арганізацыям, якія прымалі ўдзел у стварэнні гэтага помніка. «Тут вельмі прыгожае месца, прыгожы панарамны выгляд, і кожны з нас унёс часцінку сваёй душы ў стварэнне гэтага невялікага комплексу», – зазначыў Юрый Мікалаевіч.

Успамінамі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны падзяліўся ветэран вайны і працы, мясцовы жыхар Анатоль Андрэевіч Дзягель. Затым да памятнага знака былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Плошча Бессмяротнасці. Сотні гараджан, прадстаўнікі грамадскасці, работнікі прадпрыемстваў, арганізацый, вучні школ пад урачыстыя гукі духавога аркестра прыйшлі на святое месца ў нашым горадзе. Мітынг-рэквіем «Рэха памяці» адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Затым да мікрафона падыходзіць старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Мікалаевіч Горлаў. Юрый Мікалаевіч згадвае трагічныя і слаўныя старонкі вайны, гаворыць аб стваральным шляху незалежнай Беларусі. Шчыра і сардэчна ён віншуе ветэранаў, усіх жыхароў Стаўбцоўшчыны са святам.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Ігнатавіч Байчук  ад імя ветэранаў гаварыў аб тым, што памяць заўсёды павінна жыць у сэрцах пакаленняў, і гэтае пажаданне падтрымала прадстаўніцтва моладзі Стаўбцоўшчыны, інспектар па кадрах філіяла РУП «Мінскэнерга» Стаўбцоўскія электрычныя сеткі Аксана Лабун, якая эмацыянальна расказала пра добрыя справы стаўбцоўскай моладзі, пра пераемнасць пакаленняў. Павіншаваў з вялікім дзяржаўным святам і пажадаў жыхарам раёна Божай дапамогі святар прыхода храма  святой праведнай Ганны айцец Георгій.

Хвіліна маўчання. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць усіх, хто не вярнуўся з вайны. Да помніка і стэлаў мемарыяла вызваліцелям ускладваюцца вянкі і кветкі.

Далей асноўная праграма народнага гуляння разгарнулася на плошчы Леніна г. Стоўбцы. Працягам святочных мерапрыемстваў стаў канцэрт-віншаванне з удзелам артыстаў тэатра зоркі беларускай эстрады Ірыны Дарафеевай і тэатралізаваны канцэрт «Мы табе, Беларусь, сёння шчыра пяём» калектываў мастацкай самадзейнасці раёна.

На стадыёне «Юнацтва» прайшлі турніры па валейболе, настольным тэнісе, шахматах і шашках.

Вечарам стаўбчане мелі магчымасць паглядзець канцэртную праграму «Ты ў сэрцы маім, Беларусь!». Кульмінацыяй свята стала рэспубліканская акцыя «Спяваем гімн разам». Віншаванні са святам ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. І… святочны салют. Разносяцца воклічы: «Красуй, Беларусь!», «Ура Стаўбцоўшчыне!»

Дзень Незалежнасці – сапраўды вялікае свята, урачыстасць, якая выклікае пачуццё гонару за свой народ – народ-воін, народ-пераможца, народ-працаўнік, свята, якое аб’ядноўвае ўсіх.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *