Ісці ў лес пакуль забаронена

Нумары

Ад жыхароў раёна, якія імкнуцца гэтай летняй парой у лес у грыбы і ягады, паступае шмат пытанняў адносна ўведзенай забароны на ўезд і наведванне лясоў на тэрыторыі раёна.

Тлумачэнне дае інжынер аховы і абароны лесу Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Віталь Расол:

– Раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне № 723 ад 16 чэрвеня 2015 года «Аб забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясных масівах, на тарфяніках і ў населеных пунктах Стаўбцоўскага раёна», якім з 16-га чэрвеня быў забаронены ўезд тэхнікі і наведванне грамадзянамі тэрыторыі ляснога фонду і тарфяных масіваў.

Прыняцце гэтага рашэння абумоўлена Правіламі пажарнай бяспекі ў лясах Рэспублікі Беларусь у сувязі з высокім класам пажарнай небяспекі, выкліканым сухім надвор’ем. Быў улічаны і замежны вопыт, у прыватнасці вопыт Фінляндыі, дзе зберажэнне лясных рэсурсаў уведзена ў ранг нацыянальнага прыярытэту.

Калі прааналізаваць статыстыку, большасць пажараў у лясах адбываецца па віне чалавека. Гэта неахайна кінутыя акурак ці запалка, пакінуты непатушаным касцёр і т. п. Пацвярджэннем служаць і пажары, якімі цяпер ахоплена каля 60 га лесу на Гомельшчыне і каля 50 га – на Магілёўшчыне. На іх ліквідацыі задзейнічаны пажарныя падраздзяленні лясной гаспадаркі, а таксама прыцягваюцца сілы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Аднак справіцца з агнём, які ўзнік або  перакінуўся на цяжкадаступныя месцы, не так проста.

На даны момант праводзяцца сумесныя рэйды работнікаў лясгаса, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету і райаддзела міліцыі па выяўленні асоб, якія парушаюць згаданае вышэй рашэнне райвыканкама. Складзены тры адміністрацыйныя пратаколы. Усе яны звязаны з фактамі ўезду транспарту ў лясныя масівы ў Акінчыцкім лясніцтве з мэтай збору грыбоў і ягад. Парушальнікам пагражае штраф да трох базавых велічынь (да 540 000 рублёў).   

Просім грамадзян аднесціся з разуменнем да часова ўведзенай забароны на наведванне лясоў.  Аб  яе адмене будзе паведамлена дадаткова.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *