Слава, здабытая працай

Людзі і лёсы Нумары Факты, падзеi, людзi

8-07-2015-14

Герой Сацыялістычнай Працы, праслаўлены ў мінулым аператар машыннага даення і вось ужо чвэрць стагоддзя брыгадзір МТФ «Пагарэлае»  ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Зінаіда Ярашэвіч адзначыла свой чарговы жыццёвы юбілей. Імя гэтай, без перабольшвання, цудоўнай жанчыны навечна ўпісана залатымі літарамі ў летапіс працоўнай славы гаспадаркі. Зінаіда Пятроўна вядомы і паважаны чалавек. Равесніца раёна, яго гонар і слава. Працоўны стаж жанчыны ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі складае пяцьдзясят тры гады! Адказная, ініцыятыўная і патрабавальная Зінаіда Пятроўна вывела малочнатаварную ферму ў перадавікі.

Менавіта гэтыя рысы характару і меў на ўвазе былы старшыня калгаса Канстанцін Каробка, калі прапанаваў аператару машыннага даення, тады ўжо Герою Сацыялістычнай Працы, узначаліць калектыў. Маўляў, навучыш усіх працаваць так, як сама. І Зінаіда Пятроўна не падвяла – на працягу ўсяго часу яе брыгадзірства ферма ў лідарах сярод падобных вытворчых падраздзяленняў раёна, вядомая і за яго межамі. Яна падабрала працавіты калектыў, якому па сіле вырашаць складаныя задачы. Работнікі слухаюцца свайго кіраўніка, на яе раўняюцца. Пакуль не перакрылі дасягнутыя жывёлаводамі гэтай фермы паказчыкі работнікі пабудаванага побач сучаснага комплексу, дзе ўстаноўлена даільная зала. Сведчанне таго, што тэхналагічны працэс на старой ферме адладжаны, як часавы механізм. Менавіта дзякуючы яе брыгадзіру, якая падтрымлівае моцную дысцыпліну і пастаянна кантралюе работу сваіх падначаленых. Варта дадаць, што ўжо пакараўся пагарэлаўскім жывёлаводам і дзесяцітысячны рубеж. 

Як расказвае Зінаіда Пятроўна, устае яна ў палове чацвёртага раніцы, без будзільніка – выпрацаваная дзесяцігоддзямі звычка. Выводзіць веласіпед, свой надзейны сродак руху, і ў чатыры гадзіны ўжо на сваім рабочым месцы. Абыходзіць вытворчыя памяшканні, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку. Абавязкова пагутарыць з работнікамі, падбадзёрыць іх. А калі трэба, то і паўшчувае за нядбайнасць. Самае галоўнае, што работа для яе не цяжар.  І не за ўзнагароды шчыруе столькі часу, проста ў другім рытме жыць не зможа. У народзе кажуць: не важна, колькі чалавеку споўнілася гадоў, важна, на які ўзрост ён сам сябе адчувае. 

Нарадзілася Зінаіда Ярашэвіч у вёсцы Андрушы Нясвіжскага раёна. Пасля замужжа пераехала жыць у Пагарэлае. Шчыра працавала, і яе рупнасць была заўважана. Калі даведалася, што ёй прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы, то адразу не паверыла. Усведамленне таго, што адбылося, прыйшло потым. Але эйфарыі не было. Сціплая і нешматслоўная, Зінаіда Ярашэвіч не любіць хваліцца. І зорачку Героя надзявае толькі на ўрачыстасці, бо не прывыкла вылучацца. Раней часцей прыходзілася даставаць яе з сямейнага архіва, бо ездзіла на з’езды і розныя мерапрыемствы. У савецкі час была дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, намеснікам старшыні Савета Саюза. А цяпер яе заўсёды запрашаюць на розныя важныя мерапрыемствы, што праводзяцца ў раёне і за яго межамі. Ну як тут адмовіцца! Самае галоўнае, што ёсць на каго пакінуць справы. Ды і ўпэўнена ў сваіх падначаленых – не падвядуць. У кіраўніцтва сельгаставарыства да Зінаіды Пятроўны асаблівае стаўленне і павага. Ветэран працы і сёння ў страі, перадае вопыт і паказвае прыклад у працы маладым.

На пляцоўцы каля «адміністрацыйнага» будынка фермы сабраліся яе работнікі, кіраўніцтва таварыства, прыехала дэлегацыя з раёна і вобласці. У гонар Зінаіды Ярашэвіч гучалі простыя і сардэчныя словы.

– Паважаная Зінаіда Пятроўна, – звярнуўся да юбіляра старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, – вы прайшлі доўгі жыццёвы шлях, аддалі многа сіл і здароўя сваёй гаспадарцы і заўжды дабіваліся рэкордных вынікаў. Ваша работа, ацэненая званнем Героя, – прыклад для моладзі і будучых пакаленняў. Такіх людзей у нашай краіне нямнога. Вы сапраўдны арганізатар, мудрая жанчына і заслугоўваеце самай высокай пахвалы за шматгадовую плённую працу. Моцнага вам здароўя і вялікі дзякуй за шчыраванне. 

Юрый Мікалаевіч уручыў юбіляру Падзяку райвыканкама. Ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу віншавальныя словы сказаў намеснік старшыні гэтай грамадскай арганізацыі Пётр Окунеў. Ён падкрэсліў, што Зінаіда Пятроўна пачала свой працоўны шлях яшчэ ў далёкі савецкі час і дагэтуль працягвае радаваць гаспадарку высокімі паказчыкамі – гэта сапраўдны працоўны подзвіг. Жанчына дастойна нясе званне Героя Сацыялістычнай Працы, якое прысвойвалі самым лепшым работнікам. За шматгадовую і добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі Прэзідыум Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагародзіў Зінаіду Ярашэвіч нагрудным знакам «За заслугі» – вышэйшай прафсаюзнай узнагародай. А Мінскі абкам прафсаюза – Ганаровай граматай.

– Вы спраўдзіліся ў жыцці не толькі як прафесіянал, а і як маці, бабуля і прабабуля, – сказала, уручаючы падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч, – вырасцілі дастойных дзяцей, якім перадалі сваю любоў да працы і якія па праву ганарацца вамі. Доўгіх вам гадоў жыцця і далейшага шчыравання на сельскай ніве.

Расчуленая да слёз, юбіляр прымала віншаванні і букеты прыгожых кветак.

Ад кіраўніцтва таварыства Зінаіда Пятроўна атрымала ў падарунак вадкакрышталічны тэлевізар. Цёплыя словы ўдзячнасці за шчыраванне на нялёгкім участку работы выказалі брыгадзіру дырэктар Аляксандр Карнічэнка, старшыня прафкама Аксана Ярашэвіч, павіншавалі спецыялісты гаспадаркі і калегі.

Артысты Любкаўшчынскага і Мікалаеўшчынскага СДК падрыхтавалі для юбіляра невялікі канцэрт. Зінаіда Пятроўна задумліва слухала песні яе маладосці, паклаўшы на калені натруджаныя рукі. А над яе галавою шумела лісцем і быццам бы шаптала ўспаміны аб мінулым паўвекавая бяроза. Гады бягуць няўмольна, але яны не стараць Зінаіду Пятроўну. Думаецца, яна і сама стараецца іх не прыкмячаць, застаючыся такой жа жваваю і маладою душою. І робіць яе такою менавіта работа, якая дастаўляе задавальненне і без якой яна не ўяўляе сваё жыццё. На пытанне, адкуль чэрпае сілы, Зінаіда Пятроўна адказала: «Я прывыкла працаваць, і гэтага ад мяне ніхто ўжо не забярэ».

Нямала ў Зінаіды Пятроўны узнагарод рознай вартасці, якіх яна дастойна. Да былых дадалася яшчэ адна – па праву заслужаная. Але ўсё ж такі самай дарагой застаецца зорачка Героя, якая вось ужо больш за дваццаць пяць гадоў асвятляе працоўны шлях простай сялянкі і адначасова самай тытулаванай жанчыны ў раёне. З юбілеем Вас, Зінаіда Пятроўна! 

Надзея БАТАЛКА

На здымках: старшыня райвыканкама Юрый Горлаў уручае Падзяку райвыканкама Герою Сацыялістычнай Працы Зінаідзе Ярашэвіч; здымак на памяць (злева направа) старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч, намеснік старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Окунеў, брыгадзір МТФ «Пагарэлае» Зінаіда Ярашэвіч, старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, дырэктар ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Аляксандр Карнічэнка; Зінаіда Пятроўна з дзецьмі і ўнукамі.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *