Грамадскае жыццё Стаўбцоўшчыны

Нумары Соцыум

8-07-2015-19

БЕЛАРУСЬ СТАЛА РОДНАЙ

Расіянін, франтавы марак і ўдзельнік абароны Ленінграда Барыс Усачоў (на здымку) пераехаў жыць у Беларусь, у вёску Казейкі, амаль два гады таму. І цяпер пра гэтае рашэнне не шкадуе. На новым месцы пакрысе ўладкаваўся, асвоіўся. Разам з сынам Уладзімірам, былым кадравым ваенным, яны набылі ў вёсцы дом, добраўпарадкавалі яго ўсімі зручнасцямі, а сувязь са сваякамі-расіянамі падтрымліваюць вельмі проста – праз інтэрнэт.

– Беларусь – мая любімая рэспубліка. Тут спакойна, камфортна, – прызнаецца Барыс Міхайлавіч, прыроджаны туляк. Родам з Магілёўшчыны была яго цешча, ды і сыну Уладзіміру, з якім цяпер жыве, служыць давялося ў Брэсце. Прызнанню гэтага чалавека, які так шчыра ўсміхаецца, нельга не верыць: за плячыма ў яго было вялікае і няпростае працоўне жыццё, адзнака за якое – званне «Заслужаны энергетык».  

З’яўленне сярод жыхароў Стаўбцоўшчыны такога адметнага чалавека як Барыс Усачоў не засталося па-за ўвагай грамадскасці. Напярэдадні 71-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў да яго завіталі старшыня ветэранскай арганізацыі Старасвержанскага сельсавета Сямён Стома і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Іосіф Язвінскі. Разам ім ёсць аб чым пагаварыць, што абмеркаваць ужо пры першай сустрэчы. Праз якую гадзіну пасля знаёмства яны, здаецца, адчуваюць сябе старымі неразлучнымі сябрамі. Вось што значыць франтавое брацтва, якое не прызнае ні межаў, ні нацыянальнасцяў.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО    

 

ПРЫТУЛАК ПУСТУЕ

Спецыялісты аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначаюць такі прыемны факт – з пачатку бягучага года ў аддзяленне дзіцячага прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра не паступіла ніводнага дзіцяці.

Як правіла, прытулак становіцца часовым месцам прабывання для дзяцей, забраных з нядобранадзейных сем’яў, падчас разгляду пытання аб іх далейшым уладкаванні – у прыёмныя, апякунскія сем’і, інтэрнатныя ўстановы. Найважнейшым клопатам з’яўляецца вярнуць дзіця ў кроўную сям’ю. Падчас знаходжання дзяцей у прытулку з бацькамі вядзецца работа па выпраўленні іх жыцця.

 

НА ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў КАСЦЁЛЕ

Набажэнства ў Навасвержанскім касцёле ў гэты дзень было асабліва ўрачыстым. Чыталі Ружанец з нагоды свята Святых апосталаў Пятра і Паўла, а касцёл асвечаны ў іх імя. Таму на Імшу сабралася шмат вернікаў, удзел прымалі і святары з іншых касцёлаў.

Пранікнёным было слова  ксяндза Мірскага касцёла святога Мікалая. І духоўныя, і маральныя аспекты пазітыўна ўздзейнічаюць на тых, хто наведвае Божы храм. Упрыгожыла святочную Імшу выступленне самадзейных артыстаў Горкаўскага Дома культуры. Мастацкае ўвасабленне ў песнях і вершах вечных ісцін – гэта таксама як асвяжальны глыток з крыніцы жыцця. А потым усіх прысутных запрасілі адведаць пачастунак – гарбату, сокі з выпечкай, што падрыхтавалі новасвяржане.

Святы храм не толькі для шчырых вернікаў, а і для кожнага, хто імкнецца знайсці супакой душы. Адраджэнне адвечных традыцый вельмі важнае ў нашым грамадстве.

Пр

 

З’ЯВЯЦЦА ПРАФСАЮЗЫ І Ў КАМЕРЦЫЙНЫХ СТРУКТУРАХ

Прайшло пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. На пасяджэнні абмеркаваны вынікі VІІ з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Па гэтым пытанні выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька. Яна падкрэсліна, што з’езд вызначыў накірункі работы прафсаюзаў на бліжэйшую пяцігодку – умацаванне арганізацыйнага адзінства, павышэнне адказнасці і дысцыпліны, заняцце прынцыповай пазіцыі па важнейшых сацыяльна-эканамічных пытаннях, рэгуляванне працоўных адносін, умацаванне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы. Акцэнт зроблены на ўдасканаленні сістэмы аплаты працы, яшчэ адзін важнейшы накірунак дзейнасці – ахова працы. Вялікае значэнне для рэгулявання працоўных адносін мае генеральнае пагадненне паміж аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзамі, не губляюць актуальнасці пытанні развіцця і ўмацавання сацыяльнага партнёрства на ўсіх узроўнях.

Згодна з рашэннем прафсаюзнага форуму, на пасяджэнні савета раённага аб’яднання было разледжана пытанне стварэння да сярэдзіны наступнага года прафсаюзных арганізацый ва ўсіх арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці, у тым ліку і прыватнай. Члены працоўных калектываў зацікаўлены ў дапамозе прафсаюзаў, у прыватнасці, у такім пытанні, як выдача заработнай платы ў канвертах, што паўплывае ў будучым на памер іх пенсіі.

Галіна Шапецька звярнулася да прафсаюзных лідараў з заклікам, каб пытанні, якія абмяркоўвалі на з’ездзе, знайшлі шырокую рэалізацыю ў паўсядзённай рабоце прафсаюзных арганізацый раёна.

Перад прысутнымі выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Стаўбцоўскага райвыканкама Наталля Лапко, якая з’яўляецца і старшынёю каардынацыйнага савета грамадскіх фарміраванняў раёна. Прамоўца закцэнтавала ўвагу на значэнні калектыўных дагавораў, дзякуючы якім члены працоўных калектываў атрымліваюць падтрымку і сацыяльныя гарантыі. Былі адзначаны арганізацыі, дзе найбольш поўны сацыяльны пакет, дзе абаронены інтарэсы ветэранаў вытворчасці, а таксама, тыя, дзе ўдзелена найбольшая ўвага маладым кадрам.

Важныя задачы прафсаюзных арганізацый па ахове працы закрануў у сваім выступленні галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Стаўбцоўскага райвыканкама Віктар Філіповіч.

У абмеркаванні задач, якія пастаўлены перад прафсаюзнымі арганізацыямі на з’ездзе, прынялі ўдзел старшыні прафсаюзных арганізацый стаўбцоўскіх электрычных сетак Дзмітрый Макарэвіч і аб’яднання камунальных службаў Вера Друзь.

Пасяджэнне савета прафсаюзных лідараў раёна нацэліла на плённую работу. У прафсаюзных арганізацыях ёсць прававыя магчымасці, якія патрэбна не баяцца выкарыстоўваць, каб стаць абаронцамі інтарэсаў працоўных калектываў і кожнага члена прафсаюза ў прыватнасці. Толькі гэта можа павысіць ролю і аўтарытэт прафсаюзаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ПЫТАННІ І АДКАЗЫ ДЛЯ ЎСІХ УЗРОСТАЎ

Універсітэт трэцяга ўзросту, што дзейнічае ў тэрытарыяльным цэнтры, дае сваім слухачам адказы на самыя надзённыя пытанні.

Пажылыя людзі – гэта тыя, хто шмат чаго перажыў, пабачыў на сваім вяку і шмат чым можа падзяліцца. Аднак і жыццё не стаіць на месцы: змяняюцца законы і правілы, узнікаюць новыя абставіны, адкрываюцца іншыя магчымасці, пра якія раней і не здагадваліся. Каб запоўніць гэты «вакуум», кіраўнік універсітэта, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс (пры метадычнай падтрымцы хармайстра Навасвержанскага Цэнтра культуры Алы Янскай) правёў заняткі з удзелам кампетэнтных спецыялістаў. 

Да слухачоў прыйшла памочнік урача цэнтральнай раённай бальніцы Вольга Булаш. «У любым узросце важна займацца пытаннямі прафілактыкі гіпертаніі, – канкрэтна акрэсліла яна тэму размовы. – Трэба правільна харчавацца, весці здаровы лад жыцця і, безумоўна, не ігнараваць парады ўрача, у тым ліку адносна прыёму лекавых сродкаў». Вольга падзялілася са слухачамі буклетамі аб здаровым ладзе жыцця.   

З дапамогай старшыні раённай арганізацыі АСВОД Івана Шчарбанюка «ўсплыла» тэма бяспечных паводзін на вадзе. Іх, прымаючы да ўвагі статыстыку няшчасных выпадкаў, неабходна выконваць усім без выключэння – і дзецям, і дарослым. Не была абыдзена ўвагай і пажарная бяспека – з-за сухога надвор’я цяпер трэба быць асабліва асцярожнымі пры наведванні лесу.        

Актуальную тэму зберажэння і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, якія ёсць у нас, працягнулі прадстаўнікі камунальнай службы – Наталля Кукаловіч і Антаніна Ішчук. У аб’яднанні камунальных службаў гэтыя спецыялісты займаюцца налічэннем камунальных плацяжоў, а таму дакладна ведаюць, як можна сэканоміць сямейны бюджэт. Трэба ўстанаўліваць лічыльнікі, заключаць дагаворы на вываз цвёрдых камунальных адходаў і т. п. Ім было адрасавана найбольш пытанняў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ   

 

БУДАВАЦЬ ДОМ БЕЗ НАСІЛЛЯ

У нашым раёне ў рамках рэспубліканскай праводзілася акцыя «Дом без насілля».

Псіхолагі і спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва актывізавалі прафілактычную работу сярод розных груп насельніцтва. Сумесна з інспектарамі РАУС наведалі 14 прадпрыемстваў, дзе былі праведзены прафілактычныя гутаркі. У ходзе гэтай акцыі наведвалі тыя сем’і, дзе прызнана, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане.

Жыхарам раёна прадастаўлена інфармацыя аб паслугах часовага прытулку ў выглядзе «крызіснага пакоя».  Асобы, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць скарыстаць паслугі такога часовага прытулку ў тэрытарыяльным цэнтры. У «крызісны пакой» змяшчаюцца грамадзяне па накіраванні органаў унутраных спраў, арганізацый аховы здароўя, іншых дзяржаўных органаў, а таксама тыя, хто звярнуўся па ўласным жаданні. Рашэнне аб змяшчэнні грамадзяніна ў «крызісны пакой» на ўмовах кругласутачнага прабывання прымае дырэктар цэнтра.

У ходзе акцыі распаўсюджаны прафілактычныя памяткі, буклеты па прафілактыцы насілля ў сям’і.

Поўную інфармацыю аб аказанні экстраннай псіхалагічнай дапамогі можна атрымаць у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра ў кабінеце № 6, па тэлефоне 5-54-99 ці па тэлефонах даверу 8-029-360-54-99, 8-033-359-54-99,

Зінаіда КАТЛАШЭЎСКАЯ, спецыяліст аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *