Удача ўсміхнулася мацнейшым

Год моладзі Нумары

8-07-2015-20

У Дзень моладзі на гарадскім стадыёне праходзіла пятая раённая летняя спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу, якая прысвячалася гэтаму дзяржаўнаму святу і 70-годдзю Перамогі. Дзень выдаўся па-летняму цёплым і сонечным. За права стаць мацнейшымі прыехалі памерацца сіламі трынаццаць камандаў. Гонар падняць сцяг спаборніцтваў выпаў прадстаўнікам камандаў-прызёраў мінулай спартакіяды ААТ «Рочавічы» і «Жацерава».

З прывітальнымі словамі і пажаданнямі ўдалага старту да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колесень.

– Час няўмольна бяжыць наперад, – сказаў Дзяніс Сяргеевіч. – Здаецца, зусім нядаўна адгрымелі баталіі зімовай спартакіяды, і вось мы сустрэліся зноў. Сёння вырашыцца, хто з вас лепшы. Аднак удача заўсёды ўсміхаецца тым, хто моцны духам. Жадаю кожнай камандзе дастойна прадставіць свае гаспадаркі і атрымаць зарад адрэналіну і бадзёрасці. Зычу ўсім поспехаў не толькі на спартыўных пляцоўках, а таксама ў працоўнай дзейнасці і асабістым жыцці.

Першай праводзілася спартыўная эстафета. У ёй прымалі ўдзел па чатыры спартсмены ад кожнай каманды: два мужчыны і дзве жанчыны, кожны з іх прабягаў стометроўку. Самыя хуткія секунды паказалі спрынтары ААТ «Радзіма Якуба Коласа», якія затрацілі  на ўсю дыстанцыю менш за мінуту. Другімі сталі бегуны ААТ «Жацерава», а трэцімі – «Радзіма Дзяржынскага». Усіх прызёраў «расставілі» па месцах літаральна секунды.

Затым спаборніцтвы працягнуліся адначасова на ўсіх спартыўных пляцоўках.

Міні-футбол уключылі ў праграму спаборніцтваў упершыню. І сабраў гэты від спорту найбольш балельшчыкаў. За свае каманды гулялі  кіраўнікі ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Радзіма Дзяржынскага», якія закупілі сёлета для сваіх спартсменаў новую форму. Пераможцамі і прызёрамі сталі футбалісты ААТ «Шашкі», «Агранёманскі» і «Каганец». У валейболе роўных не было валейбалістам ААТ «Радзіма Якуба Коласа», якія не прайгралі ніводнай гульні. У прызёрах – ААТ «Вялікі Двор» і ААТ «Рочавічы».

Гіравы спорт для мужчын – магчымасць праявіць сілу, волю і характар. Сто разоў падняў спартыўны снарад асілак з ААТ «Вішнявецкі-агра» Аляксандр Курловіч. Яўген Ляўковіч з ААТ «Жацерава» і Сяргей Пяткевіч з ААТ «Рубяжэвічы» занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.

У скачках на скакалцы сярод мужчын вызначыліся Яўген Чэмка (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), Віктар Быкаў ( ДУП «Стаўбцоўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм»), Вадзім Казлоўскі (зводная каманда ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і філіяла СГФ «Аталезь-агра»). У жанчын лепшымі сталі Наталля Саўчыц (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), Святлана Чышэвіч (ААТ «Рубяжэвічы»), Аліна Шуцько (ААТ «Дзераўное»).

Цікавым выдаўся конкурс для кіраўнікоў, якія білі мячом па варотах. Нягледзячы на тое, што пераможца вызначыўся адразу, ім стаў малады дырэктар ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Васілій Лаўрашчук, які не прамахнуўся ні разу, далейшая барацьба тут была даволі захапляльнай. Асабліва за прызавыя месцы. Адразу некалькі ўдзельнікаў набралі аднолькавую колькасць ачкоў і працягвалі сапернічаць між сабою. Больш пашанцавала Віктару Дзейку (ААТ «Вішнявецкі-агра»). Мікалай Дронь (ААТ «Дзераўное») заняў трэцяе месца. 

У дартсе спаборнічалі старшыні прафкамаў. Самым трапным стаў Леанід Слесарчык ( ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»), другое месца ў Вікторыі Райскай (ААТ «Вялікі Двор»), а трэцяе – у Жанны Навіцкай (ААТ «Рочавічы»).

Па-ранейшаму самым відовішчным відам спартакіяды было і застаецца перацягванне каната. Гэтае спаборніцтва праводзіцца апошнім, таму яно самае масавае. Эмоцыі перапаўнялі балельшчыкаў. А перамаглі тут волаты ААТ «Радзіма Якуба Коласа», з дапамогай свайго кіраўніка. Другая і трэцяя прыступкі за дужымі мужчынамі ААТ «Вішнявецкі-агра» і зводнай камандай ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс і філіяла СГФ «Аталезь-агра».

Па выніках усіх відаў спорту пераможцай спартакіяды стала каманда ААТ «Радзіма Якуба Коласа», якая вярнула сабе званне мацнейшых. Другое і трэцяе месцы занялі спартсмены ААТ «Жацерава» і «Рочавічы». Яны ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і каштоўнымі прызамі. Пераможцы спартакіяды ў асабістых і камандных выступленнях атрымалі дыпломы, медалі і падарункі.

Спартыўныя спаборніцтвы завяршыліся на мажорнай ноце. Па настроі ўдзельнікаў можна было меркаваць, што мерапрыемства прайшло на ўзроўні, свята ўдалося.

Арганізатарамі спартакіяды выступілі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і пастаянны спонсар – Аграпрамысловы саюз.

Прысмакі прапаноўвалі ўдзельнікам спартакіяды работнікі выязнога гандлю філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат».

Надзея БАТАЛКА

На здымках: выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Дзяніс Колесень і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч узнагароджваюць прызёраў камандных спаборніцтваў – спартсменаў ААТ «Вішнявецкі-агра»; галоўны прыз у каманды-пераможцы ААТ «Радзіма Якуба Коласа»; дырэктар ААТ «Жацерава» Іван Краўчук задаволены другім агульнакамандным месцам; самы відовішчны від спартакіяды -– перацягванне каната; Васілій Лаўрашчук перамог у конкурсе для кіраўнікоў.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *