Аўтограф ад Дар’і Домрачавай

Дабрачыннасць Нумары

Сям’я Бандаровічаў са Стоўбцаў чакае сустрэчы з трохразовай чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў Дар’яй Домрачавай. Ёсць шанц, што гэтая сустрэча можа сапраўды адбыцца ў Стоўбцах.

Сям’я Бандаровічаў, у якой гадуюцца двое дзяцей-інвалідаў – 15-гадовы Антон і 19-гадовы Дзмітрый, з’яўляецца падапечнай у Беларускага дзіцячага хоспіса. 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, праводзілася дабрачынная акцыя па зборы сродкаў для ўзвядзення будынка хоспіса. Беларускае тэлебачанне здымала фільм пра дзейнасць гэтай грамадскай дабрачыннай арганізацыі, аказанне ёю дапамогі. Здымачная група наведала і некалькі сем’яў, у тым ліку і сям’ю стаўбчан Бандаровічаў.

Уразіла надзвычай пазітыўная атмасфера гэтай сям’і, матуліна і бацькава служэнне сваім дзецям, якія нарадзіліся з генетычнымі адхіленнямі. Напэўна, многія памятаюць (мы расказвалі пра гэтую сям’ю ў газеце), як Антон не мог ні мінуты пражыць без апарата штучнага дыхання, таму гадамі вымушаны быў знаходзіцца разам з мамай у бальніцы. Многія з нас, ахвяраваўшы пасільныя сродкі, дапамаглі набыць для яго ўласны, персанальны апарат. Такім чынам, Антоша аказаўся дома сярод сваіх блізкіх. Было гэта чатыры гады таму…    

Удзел у тэлездымках узялі абое хлопцаў – і Антон, і Дзмітрый. Антон у інтэрв’ю расказаў пра сваё самае моцнае захапленне – біятлон. Расказаў пра Дар’ю Домрачаву, за выступленнямі якой ён сочыць даўно. Хлопец проста шакіраваў усіх, калі стаў называць узнагароды сёння алімпійскай чэмпіёнкі за той перыяд, калі яна была звычайным юніёрам… Антон, між іншым, у курсе ўсіх спартыўных падзей у свеце.

Нядзіўна, што такому заўзятаму спартыўнаму аматару была паабяцана асабістая сустрэча з Дар’яй Домрачавай. А на даны момант неаднаразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар’я Домрачава (яна блізкая нам і сваёй актыўнай падтрымкай дабрачынных акцый) перадала сям’і Бандаровічаў каляндар, выпушчаны Міжнародным саюзам біятланістаў IBU, майкі з лагатыпам гэтай арганізацыі. Зразумела, упрыгожыла падарунак і сваім аўтографам. «Абрадаваны Антон, зірнуўшы на каляндар з фатаграфіямі сусветных зорак біятлона, тут жа назваў усіх іх пайменна», – расказала мама Антона Алена Станіславаўна.          

Я запытала ў Алены Станіславаўны: «Адкуль Вы чэрпаеце сілы?» Яна адказала: «На наступныя выхадныя збіраюся разам з парафіянамі ў Будслаў, у паломніцтва. З дзеткамі пабудзе тата…»

Дай Божа гэтай дружнай сям’і блаславення, цярпення і ўзаемнай любові, каб сустрэчы з цікавымі людзьмі прыносілі ім шчасце.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *