Спартыўныя навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Спорт

З ЧЭМПІЁНСКІМ ТЫТУЛАМ

Прыемныя навіны прыйшлі з Брэста. На спаборніцтвах першынства Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў пераможцам у бегу на дыстанцыі 400 метраў з бар’ерамі стаў Кірыл Борыс. Наступны забег, у якім чэмпіён рэспублікі выступаў у эстафеце за каманду Мінскай вобласці разам з Антонам Васілеўскім, Кірылам Луцэвічам, прынёс бронзавы медаль. Сваімі выхаванцамі ганарыцца трэнер Стаўбцоўскай ДЮСШ Анатоль Турчановіч.

Цяпер Кірыл Борыс, Антон Васілеўскі і Кірыл Луцэвіч займаюцца ў Мінскім абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера Беларусі Уладзіміра Полагава і Таццяны Нарэйка. Пажадаем жа юным землякам далейшых поспехаў. Трымаць курс на Алімпійскія гульні!

ДАПАМАГЛІ ДЗЕРАЎНЯНСКІЯ ВАЛЕЙБАЛІСТЫ

У Жлобіне адбыўся турнір па валейболе ў праграме Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. У складзе зборнай каманды Мінскай вобласці былі выхаванцы Дзераўнянскай ДЮСШ Ілья Супрановіч і Арсеній Гаптар.

Калектыў сталічнай вобласці перамог валейбольныя дружыны Віцебшчыны і Магілёўшчыны, аднак гэтага не хапіла, каб заняць прызавое месца. Прынамсі ва ўсіх сустрэчах гульня ішла на роўных, але крыху не пашанцавала. Да таго ж, толькі ў Мінскай вобласці няма пакуль спецыялізаванага аддзялення па валейболе ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Каманды для выступленняў на рэспубліканскіх спаборніцтвах фарміруюцца з выхаванцаў рэгіянальных дзіцяча-юнацкіх спартшкол. Дарэчы тут і плённая праца трэнера Дзераўнянскай ДЮСШ Віктара Гаптара.

ВЕЛЬМІ ЧУЖЫЯ ПАЛІ

Вынік выезду на Дзяржыншчыну каманды «Нёман-Агра» зноў прынёс прыхільнікам нашых футбалістаў засмучэнне – паражэнне ад ФК «Фалько» з лікам 1:2.

У спорце ёсць тэрмін «чужое поле». Як пацвярджэнне таго, што гаспадары арэны стараюцца ўсімі сіламі парадаваць сваіх балельшчыкаў і, адпаведна, засмуціць гасцей у спартыўным плане. Аднак жа моцны, майстравы, упэўнены ў сваіх сілах калектыў ніякія абставіны не спыняць. А вось у нашай футбольнай каманды роўны пульс не праслухоўваецца.

Праўда, паводле сведчання відавочцаў, на стадыёне сельгаспрадпрыемства «Фалько-2003» стаўбчане пачалі ўпэўнена, стварылі некалькі небяспечных момантаў. Але спрацавала таксама даўняе футбольнае правіла: не забіваеш ты – забіваюць табе. І вось ужо «фалькоўцы» вядуць з лікам 2:0, прытым адзін з галоў на рахунку былога нёманаўскага бамбардзіра Анатоля Ціханчыка. Адзінае, што змаглі стаўбчане, – «размачыць» лік, мяч правёў Максім Шкураценка.

Даводзіцца канстатаваць, што лідарская пазіцыя ад нашых яшчэ больш аддалілася. Узначальвае турнірную табліцу першынства Міншчыны «Колас» з Чэрвеня, на рахунку якога 19 ачкоў. 16 ачкоў у «Віліі» (Вілейскі раён) і па 15 – у «Нёман-Агра» і ФК «Старыя Дарогі». Прытым стаўбчане правялі ў вароты сапернікаў у васьмі турах чэмпіянату 31 мяч, амаль удвая перакрыўшы паказчык «Коласа»  – 17 галоў. 20 галоў у «Лівадзіі-Юні», у астатніх яшчэ менш. Прыемна, вядома, што пераважную колькасць з гэтых здабыткаў убачылі стаўбчане на стадыёне «Юнацтва». Але ж у футболе ацэньваецца трыма пераможнымі ачкамі нават самая сціплая, але перавага над сапернікам.

Наступная, згодна з футбольным календаром, значылася сустрэча на нашым гарадскім стадыёне з камандай «СМІ-аўтатранс» (Смалявіцкі раён). Калі традыцыя ў сэнсе «гучна адолеем гасцей» захавалася, то выдатна. Аднак жа і ў іншых гарадах і пасёлках трэба дэманстраваць свой клас.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *