Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны Факты, падзеi, людзi

столбцовщина для навін
Падарункі для ўсёй сям’і
Здабыткам для нашага горада з’яўляецца кожнае новае адкрытае прадпрыемства, пашырэнне сеткі паслуг, павелічэнне колькасці прадпрымальных людзей, якія адважваюцца адкрыць сваю ўласную справу.
Перад самым новым годам на міні-рынку па вуліцы Цэнтральнай пакупнікоў гасцінна запрасіў гандлёвы павільён «Падарункі для ўсёй сям’і». Наведвальнікі і сапраўды маглі набыць тут арыгінальныя падарункі да навагодніх і ражджэственскіх свят як для дарослых, так і для дзяцей.
Гаспадыня магазіна Тамара Кахавец расказвае:
– Попытам карыстаюцца камплекты пасцельнай бялізны расійскай, польскай, беларускай вытворчасцяў. Многія пакупнікі аддаюць перавагу пасцельнай бялізне з бязі Баранавіцкай вытворчасці. Свой выбар можна спыніць на посудзе. Дзецям прапануем цацкі. Шмат самай рознай сувенірнай прадукцыі. У аддзеле касметычных сродкаў асаблівую ўвагу звяртае балгарская касметыка з пялёсткаў ружаў – высокай якасці і даступная па цэнах. Уся прадукцыя ў нашым магазіне сертыфікавана.
Магазін працуе па наяўным і безнаяўным разліках з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Напярэдадні 23 лютага і 8 Сакавіка прадпрыемствы могуць зрабіць заказы і набыць тут падарункі для сваіх працаўнікоў.

Усталюецца зіма – вернецца і попыт
2013 год торфабрыкетчыкі раёна завяршылі з нядрэннымі вынікамі – выканалі план на 100 працэнтаў. Аднак лагодны і бясснежны характар гэтай зімы пакуль адмоўна ўплывае на рэалізацыю іх прадукцыі.
Пасля своеасаблівых калядных канікулаў вытворцы вярнуліся да звычайнага рабочага рытму. Пры наяўнасці попыту яны гатовы адгружаць у суткі 150 і больш тон торфабрыкетаў.
У мінулым годзе было выпушчана 31,1 тысячы тон брыкету. Увесь ён знайшоў свайго пакупніка. Гэта спажыўцы з сямі раёнаў, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання завода, а таксама замежныя пастаўкі ў Польшчу і Літву. Як адзначае дырэктар завода Іна Круглінская, завадчане спадзяюцца, што і новы год паспрыяе ім і з аб’ёмамі прадукцыі, і з яе экспартам.

Прыватызаваць жыллё
У мінулым годзе ў аб’яднанне камунальных службаў паступілі 223 заявы на прыватызацыю жылля – гэта ў чатыры разы больш, чым у папярэднім годзе (у 2012 годзе іх было 56). Па ўсіх іх прыняты рашэнні раённага выканаўчага камітэта аб задавальненні просьбы.
Ажыятаж на прыватызацыю жылля спецыяліст па прыватызацыі АКС Алена Вайдзілевіч звязвае з уступленнем у сілу Указа № 563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін». Згодна з гэтым дакументам, жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду, не прыватызаваныя грамадзянамі, будуць пераведзены ў камерцыйнае жыллё пасля 1 ліпеня 2016 года. Да гэтай даты грамадзяне могуць скарыстаць права на прыватызацыю.

Прапануе элітгас
Для абнаўлення сартавога і рэпрадукцыйнага саставу яравых збожжавых і зернебабовых, азімых культур у нашым раёне на працягу некалькіх гадоў працуе элітгас «Агранёманскі». Штогод ім закупляецца для размнажэння арыгінальнае насенне, а іменна, гадавальнікі першага і другога гадоў размнажэння і суперсуперэліта. Работа ў даным накірунку пастаўлена на належным ўзроўні. Напрыклад, летась было атрымана шэсць тон арыгінальнага насення ячменю сорту «Бровар» і «Стратус», аўса – «Юбіляр», грэчкі – «Кармен», гароху – «Белус». Каэфіцыент іх размнажэння даволі добры. Для патрэб сельгаставарыстваў раёна пад яравую сяўбу бягучага года падрыхтавана звыш 720 тон элітнага і суперэлітнага насення вышэйназваных збожжавых і зернебабовых культур. Дарэчы, пастаўлена задача пасеяць яравыя збожжавыя не ніжэй за першую рэпрадукцыю. Пад ураджай сёлетняга года выкарыстана элітнага насення азімых збожжавых: жыта – 150 т, пшаніцы – 166 т, трыцікале – 150 тон.

Пракантралюе камп’ютар
На новай малочнатаварнай ферме ААТ «Вішнявецкі-агра» кармы жывёле раздаюцца кормазмешвальнікам-раздатчыкам кармоў КРГ-15, вытворчасці беларуска-італьянскага СТАА «Ферабокс». Падобную тэхніку вішняўчане набылі першыя ў раёне. Унікальнасць кормараздатчыка заключаецца ў выкарыстанні запатэнтаванай тэхналогіі Duo-Mix, дзякуючы якой гарантуецца высокая якасць рэзкі. Устаноўлена і камп’ютарнае абсталяванне, з дапамогаю якога фіксуецца чарговасць загрузкі кампанентаў, іх дакладныя порцыі і час змешвання. Адначасова з прыгатаваннем і раздачай кармавой сумесі ажыццяўляецца і кантроль за строгім прытрымліваннем тэхналогіі.

Каманда інтэлектуалаў
28 вучняў нашага раёна, якія набралі найбольш балаў у раённай прадметнай алімпіядзе, атрымалі права ўдзелу ў ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Каманда інтэлектуалаў адправілася абараняць гонар нашага раёна. У складзе яе без малога палова вучняў СШ № 3 г. Стоўбцы.
Інтэлектуальнае спаборніцтва праходзіла на працягу некалькіх дзён і выявіла пераможцаў, якія атрымаюць права ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Акрамя таго, што наш раён прадстаўляюць моцныя вучні, яшчэ – і педагогі. Настаўнік біялогіі СШ № 3 Віктар Вярбіцкі не першы ўжо год запрашаецца быць членам журы рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Прымяненне ёлкам
Аб’яднанне камунальных службаў знайшло прымяненне навагоднім ёлкам, якіх нямала выстаўлена гэтымі паслясвяточнымі днямі побач з кантэйнернымі пляцоўкамі.
Акурат пасля старога Новага года цацачныя ўборы з жывых прыгажуняў людзі здымаюць і выносяць ёлкі з кватэр і дамоў. Камунальнікі не грузяць іх разам з іншымі бытавымі адходамі, каб адправіць на звалку, а спецыяльна збіраюць па горадзе і адвозяць у свае кацельні. У прыватнасці, як зазначыў дырэктар АКС Дзмітрый Шкляр, ёлкі, што дарылі радасць дзецям і дарослым, прынясуць цяпер карысць у якасці паліва для лазняў.

Карыстальнікам з Акінчыца
З кожным годам у жыхароў раёна з’яўляецца ўсё больш магчымасцяў для атрымання сучасных паслуг электрасувязі.
Сярод самых запатрабаваных застаюцца інтэрактыўнае тэлебачанне і хуткасны інтэрнэт byfly. З 37-мі пляцовак сеткі перадачы даных, якія дзейнічаюць на Стаўбцоўшчыне, 30 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Работнікамі раённага вузла электрычнай сувязі праводзяцца мерапрыемствы па пашырэнні ёмістасці гэтых пляцовак, а таксама па паляпшэнні якасці аказаных паслуг.
Так, у мінулым годзе адна са стаўбцоўскіх пляцовак сеткі перадачы даных – па вуліцы Інтэрнацыянальнай – была набліжана да канчатковага спажыўца. Гэта дало магчымасць жыхарам мікрараёна Акінчыцы звярнуцца ў сэрвісную службу для высвятлення тэхнічнай магчымасці і далейшага заключэння дагавора на аказанне неабходных ім паслуг. У новым годзе ў Стоўбцах запланавана ўстанавіць яшчэ адну пляцоўку сеткі перадачы даных – у раёне вуліц Камарова і Гагарына.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Вёска – у ланцужок
Зусім нязначныя пашкоджанні атрымаў у выніку пажару дом шматдзетнай сям’і з Новай Вёскі дзякуючы зладжаным дзеянням вяскоўцаў і выратавальнікаў.
Падраздзяленні МНС прыбылі на месца здарэння аператыўна і ўбачылі наступную карціну: вяскоўцы, выстраіўшыся ў ланцужок, перадавалі вёдры з вадою адзін аднаму і залівалі агонь. На чале гэтай каманды добраахвотных памочнікаў быў намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі. Ураджэнец Новай Вёскі акурат вечарам 8 студзеня, калі здарыўся пажар, знаходзіўся ў бацькоў. Пачуўшы вестку пра пажар, кінуўся туды і арганізаваў тушэнне разам з насельніцтвам спадручнымі сродкамі. Да прыбыцця пажарных падраздзяленняў ім удалося трымаць ачаг агню ў першапачатковых памерах, пад поўным кантролем.
У выніку, ніхто – ні трое дзяцей, ні іх матуля – не пацярпелі, дому нанесены агнём невялікія пашкоджанні, аднак ёсць ад чаго і ўстрывожыцца. Прычына гэтага пажару, як адзначылі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, – няправільная эксплуатацыя пячнога ацяплення.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *