Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне за апошнія два тыдні дзевяць шлюбаў, скасавана пяць сямейных саюзаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 17 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ірына Малчанава, Злата Бурдукевіч, Аляксей Пазняк, Ксенія Грыгаровіч, Даніла Клюцук, Аліса Касцюк, Ксенія Казлоўская, Васіліса Тарасава, Мацвей Курыла, Аляксандр Чэмка, Ігар Шыдлоўскі, Даніэль Алешка, двайняты Арцём і Анастасія Баршчовы, Наталля Клепча, Кацярына Самахвалава, Вераніка Піліповіч і Вераніка Яновіч.

Зямны шлях закончыўся для 13-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. Позна вечарам 5-га ліпеня адбылося загаранне сенасховішча ў Заброддзі (ААТ «Дзераўное»). Агнём моцна пашкоджаны будынак, знішчана 20 тон сена. Былі выратаваны вартаўнікамі 11 цялят, якія ўтрымліваліся ў суседнім паднавесе. Прычына пажару, які нанёс гаспадарцы страты ў памеры амаль 9 000 000 рублёў, высвятляецца. Ноччу 7-га ліпеня ў Наваколасаве адбыўся падпал кватэры. Дзякуючы пільнасці суседзяў жыллё амаль не пацярпела. Падпальшчык устанаўліваецца. У абодвух выпадках матэрыялы перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта.

Міліцыяй зарэгістравана 147 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 10 крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазраваемыя. У Наваколасаве зламыснік трапіў у кватэру, каб сякерай пашкодзіць тэлевізар, халадзільнік, СВЧ-печ, газавую калонку. Непадалёку ад МТФ у Жыгалках нецвярозы хуліган збіў жанчыну і нанёс ёй траўмы, небяспечныя для жыцця. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены пратакол у адносінах да стаўбчаніна, які знаходзіўся на вадаёме непадалёку ад аўтадарогі Стоўбцы – Прусінава з забароненымі для лову сродкамі. Браканьеру пагражае штраф да 3 600 000 рублёў.

Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі раённай ветстанцыі аб фактах невытворчага выбыцця сельскагаспадарчай жывёлы. За май 2015 года ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Шашкі» адбыўся падзеж 14-ці (па сем у кожнай гаспадарцы) галоў буйной рагатай жывёлы. Прычынай паслужылі парушэнні тэхналогіі ўтрымання і кармлення. У адрас кіраўнікоў гаспадарак вынесены прадпісанні, 20 работнікаў панеслі дысцыплінарную і матэрыяльную адказнасці.  

Суд асудзіў да 150 гадзін грамадскіх работ і прымусовага лячэння ад алкагольнай залежнасці 40-гадовага новасвяржаніна, які ўхіляецца ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дваіх дзяцей. Стаўбчанін аштрафаваны на 720 000 рублёў за паўторнае знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

ДАІ выявіла 183 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – сем нецвярозых вадзіцеляў і восем вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 17 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася восем аварый, у адной ёсць пацярпелы.

Раённая арганізацыя АСВОД паведамляе, што на гарадскім пляжы на рацэ Нёман быў выратаваны матросам-выратавальнікам шасцігадовы хлопчык, які заплыў на глыбіню. Раней трагедыі ўдалося пазбегнуць і на турбазе, дзе 25-гадовы малады чалавек няўдала скокнуў у ваду.

Санітарная служба заклікае купацца толькі ва ўстаноўленых месцах, не пакідаць на пляжах смецце. Якасць вады на ўстаноўленых зонах масавага адпачынку – у норме.

«Хуткая» выязджала за два тыдні 454 разы.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *