Маладосць, прыгажосць, зачараванне…

Год моладзі Нумары

10-07-2015-13

У Дзень моладзі ў раённым Цэнтры культуры адбыўся конкурс прыгажосці «Міс Стоўбцы-Аграпрам-2015» – незвычайнае і дзіўнае відовішча, якому заўжды спадарожнічае поспех. У мерапрыемстве, якое праходзіла пад эгідай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, прынялі ўдзел дзевяць дзяўчат і маладых жанчын, якія працуюць у аграпрамысловым комплексе раёна. Конкурс вясковых прыгажунь праходзіў пры поўным аншлагу.

Вядучы запрашае гледачоў, а ў зале аншлаг, здзейсніць падарожжа ў казачную краіну прыгажосці, маладосці і зачаравання пад назвай «Аграпрам». Удзельніц конкурсу, які праводзіўся другі раз, чакалі нялёгкія выпрабаванні, па выніках якіх сярод канкурсантак выбіралі каралеву шоу – самую прыгожую, не толькі знешне, а і духоўна, грацыёзную і абаяльную супрацоўніцу аграпрамысловага комплексу. Гэтая місія, як і заўжды, прадастаўлялася журы. А вось «Міс глядацкіх сімпатый» павінны былі вызначыць самі гледачы.

Конкурс за валоданне каронай каралевы прыгажосці пачаўся з «дэфіле». Кожная ўдзельніца павінна была праявіць элегантнасць, сцэнічную культуру, эстэтыку, арыгінальнасць і ўменне трымацца на публіцы. Усе без выключэння справіліся з пастаўленай перад імі задачай. Але некаторыя праявілі вышэйшы клас і адразу, паклалі ў сваю скарбонку найбольшую колькасць балаў.

– Прыгажосць правіць светам, – сказаў, адкрываючы мерапрыемства, першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Колесень. – І мы сабраліся для таго, каб атрымаць асалоду ад абаяльнасці і прыгажосці ўдзельніц гэтага конкурсу. Ужо пасля першага іх выхаду ўсе зачараваныя. 

Даволі цікава прайшоў другі этап – «Візітная картка», у якім канкурсанткі расказвалі пра сябе, выкарыстоўваючы мультымедыйную сістэму. Фотаздымкі дапаўнялі змест і давалі магчымасць пабачыць кожную ўдзельніцу не толькі на рабоце, а і падчас адпачынку – сярод родных, сяброў, знаёмых. Прыгажуні пелі, чыталі вершы, не страчваючы пры гэтым пачуццё гумару. Расказвалі пра свае захапленні, мары і жыццёвыя планы. Зала падбадзёрвала кожную ўдзельніцу апладысментамі. Першай выступала Алена Супрун, якая працуе мікрабіёлагам на філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Алена падкрэсліла, што займаецца любімай справай. Яна шчаслівая жонка і маці дваіх дзяцей. Каб падтрымліваць сябе ў форме аддае перавагу актыўнаму адпачынку. Сярод транспартных сродкаў больш паважае веласіпед, але ўмее вадзіць і аўтамашыну. Пры ўсёй занятасці паспявае будаваць дом. Сярод сваіх захапленняў наступная ўдзельніца Ганна Лаўрашчук, інспектар па ахове працы ААТ «Дзераўное», назвала музыку, маляванне і танцы. Яна таксама любіць вязаць і займацца іншай творчасцю. Пад апладысменты залы выканала вядомую песню з кінафільма «Каўказская палонніца». Таццяна Кацуба працуе эканамістам у ААТ «Жацерава». Вельмі таленавітая дзяўчына. На сцэне трымалася даволі ўпэўнена і літаральна ўсіх зачаравала: яна і на фартэпіяна іграла, і верш на беларускай мове прачытала. Дарэчы тут дадаць, што Таццяна сама піша вершы. У людзях цэніць шчырасць, сумленнасць і дабрыню. Самая патаемная мара – каб усе, хто дарагі сэрцу, былі побач. Упэўнена, што шчасця не становіцца менш, калі ім пачынаеш дзяліцца. Юлія Вішнеўская, юрысконсульт ААТ «Радзіма Якуба Коласа», любіць падарожнічаць, і абавязкова – з фотаапаратам. Праводзіць экскурсіі для родных, якія прыязджаюць у госці з замежжа – паказвае ім прыгажосць беларускай прыроды. Прымае актыўны ўдзел у рабоце грамадскай арганізацыі БРСМ. Сёлета паспяхова здала экзамены і атрымала вадзіцельскае пасведчанне. Наталля Федарынчык скончыла Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж па спецыяльнасці ветэрынарная медыцына і  працуе ветлабарантам у ДУ «Стаўбцоўская райветстанцыя». У калектыў улілася нядаўна, і ёй прадаставілася магчымасць  паказаць сябе. Зараз яна асвойвае новую прафесію – студэнтка-завочніца эканамічна-прававога факультэта Беларускага інстытута правазнаўства. Святлана Гурская, інспектар аддзела кадраў ААТ «Вялікі Двор», вырашыла прыняць удзел у конкурсе кіруючыся крылатым выразам, што прыгажосць выратуе свет. Дзяўчына захапляецца спортам, танцамі і выдатна спявае. А яшчэ, што вельмі важна, добра гатуе. Таццяне Жыбуль, аграному-насенняводу ААТ «Агранёманскі», уласціва жыццярадаснасць. Яна простая і добрая дзяўчына, якая ўмее сябраваць і развесяліць любую кампанію. Марына Карсека з ААТ «Вішнявецкі-агра» па жыццёвай дарозе стараецца ісці дастойна. Даражыць сябрамі. Любіць агульную ўвагу. Выхоўвае дваіх дзяцей, якія выйшлі на сцэну з плакатам «Мама Марына, ты лепшая!!!». У Хрысціны Місюкевіч, бухгалтара ААТ «Рочавічы», хобі – кулінарыя. Яна вельмі любіць жывёлу. Даспадобы дзяўчыне новыя знаёмствы.

Наступны этап конкурсу – «Спартыўная зарадка». З маладым запалам і энергіяй канкурсанткі выканалі захапляльны спартыўны танец. І паступова працягвалі набіраць балы.

Нікога не пакінуў раўнадушным чацвёрты этап «Фантазія з падручнага матэрыялу», у якім канкурсанткі прадстаўлялі даволі арыгінальныя сукенкі, зробленыя з папяровых пакетаў, гумавых пальчатак, каляровых пластыкавых бутэлек, газет, туалетнай паперы, бярозавай кары і іншага. Фантазія была бязмежнай, а кожная сукенка заслугоўвала вышэйшай ацэнкі.

Аб апошнім этапе «Поўня», калі дзяўчаты, грацыёзныя, асляпляльна прыгожыя і непаўторна прывабныя, выйшлі на подыум у вячэрніх сукенках, можна сказаць так: «Працягніся, працягніся зачараванне…»

Праграма конкурсу на гэтым завяршылася, але не для членаў журы, перад якімі  стаяла нялёгкая задача – вызначыць каралеву-прыгажуню. І вось, нарэшце, надышоў самы прыемны момант. Для ўдзелу ў місіі ўзнагароджання пераможцы на сцэну запрасілі ганаровую госцю, уладальніцу вышэйшага тытула першага конкурсу «Міс Стоўбцы-Аграпрам-2011» Кацярыну Каспяровіч. Пад бурныя апладысменты старшыня журы Дзяніс Колесень каранаваў Марыну Карсека, якой прысвоілі тытул «Міс Стоўбцы-Аграпрам-2015» (яна на здымку злева). Папрасіў астатніх удзельніц конкурсу не засмучацца, бо ўсе яны мілыя і прывабныя, дастойныя  перамогі і сапраўдныя прынцэсы. Марыне дастаўся і тытул «Міс глядацкіх сімпатый”. Віншаванне і каштоўны падарунак яна атрымала ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алены Суднік. У інтэрв’ю журналістам Марына прызналася, што ехала на конкурс з упэўненасцю перамагчы, бо раней неаднойчы прымала ўдзел у падобных мерапрыемствах, а ў школе збірала ўсе тытулы. «Віцэ Міс» стала Святлана Гурская, якую павіншаваў з перамогай і ўручыў падарунак намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. «Міс Грацыя» Алена Супрун атрымала віншаванні ад начальніка РАУС Івана Мамайкі, «Міс Фантазія» Ганна Лаўрашчук – ад дырэктара ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Сяргея Савіцкага, «Міс Індывідуальнасць» Таццяна Кацуба – ад дырэктара ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Сяргея Мельніка. «Міс Элегантнасць» Юлію Вішнеўскую вітала дырэктар філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» Рамуальда Бурдукевіч, «Міс Дасканаласць» Наталлю Федарынчык – намеснік начальніка райсельгасхарча Іван Загдай, «Міс Шарм» Таццяну Жыбуль – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька, «Міс Абаяльнасць» Хрысціну Місюкевіч – дырэктар філіяла СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Аляксандр Дударэвіч. Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Прыз і дыплом ад дзяржаўнай установы «Рэдакцыя газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы» за творчасць і талент уручаны Таццяне Кацуба. Акрамя гэтага, усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі матэрыяльнае заахвочванне і прыгожыя букеты кветак ад кіраўнікоў і старшынь прафкамаў сельгаспрадпрыемстваў, якія яны прадстаўлялі.

Арганізатары конкурсу выказваюць удзячнасць спонсарам: раённаму Аграпрамысловаму саюзу, цэнтру павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў райсельгасхарча, ЗАТ «Стаўбцоўскае райаграпрамэнерга», ТАА «СЖК Налібакі», індывідуальнаму прадпрымальніку Аляксандру Латушку, балетмайстру ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Гарошынка» Наталлі Захаравай. Дзякуюць і самім канкурсанткам і тым, хто дапамагаў ім.

Бавілі вольны час гледачоў паміж конкурсамі артысты раённага Цэнтра культуры, якія падрыхтавалі цікавую музычную праграму.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *