Адметнае

Нумары Соцыум

13-07-2015-22

ВАЛАНЦЁРЫ, ЧЫРВОНЫ КРЫЖ, «ВЫСОКІ БЕРАГ»

Валанцёры – гэта людзі без узросту, якія не баяцца цяжкасцяў і… любяць Стаўбцоўшчыну.

Чарговы раз гэта даказалі валанцёры Міншчыны – кіраўнікі ініцыятыўных груп абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа, аб’яднаныя праектам «Пашырэнне магчымасцяў пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнацэннага ўдзелу ў жыцці грамадства», які рэалізуецца пры падтрымцы Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа і Еўрапейскага Саюза. У ходзе рэалізацыі праекта яны пабывалі ў розных кропках Беларусі – Віцебску, Гродне, Жодзіне, Мінску, Уздзе і т. п., а на сваю выніковую сустрэчу з’ехаліся на Стаўбцоўшчыну, на турбазу «Высокі бераг».

– На працягу двух дзён ішла прэзентацыя праектаў, агляд мерапрыемстваў, ажыццёўленых у Мінскай вобласці ў ходзе рэалізацыі праекта, работа ў групах і абмеркаванне з мясцовымі ўладамі прыярытэтных накірункаў сумеснай дзейнасці  па вырашэнні сацыяльна значных пытанняў, якія датычаць пажылых людзей, – адзначыла рэгіянальны менеджар праекта Юлія Кнацько.       

Кіраўнік ініцыятыўнай групы па рэалізацыі праекта на Стаўбцоўшчыне, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс дапоўніў дзелавую частку сустрэчы своеасаблівай уласнай прапановай – пакінуць у летапісе праекта свае пажаданні… Ён паклапаціўся арганізаваць для калегаў і аднадумцаў адметную культурную праграму. Яна ўключала ў сябе знаёмства з філіяламі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа – у Акінчыцах, Смольні. Экскурсіі правялі загадчыца філіяла Софія Міцкевіч і старшы навуковы супрацоўнік Сямён Корсік. Як заўсёды, гэта было вельмі эмацыянальна, паэтычна, нібыта жывая сустрэча з песняром і яго неўміручай творчасцю. Дырэкцыя Мікалаеўшчынскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа гасцінна запрасіла ў школьны этнаграфічна-літаратурны музей «Спадчыны куток». Пазнаёміла  з ім настаўніца роднай мовы і літаратуры Ірына Паплаўская.

Фірменным стаўбцоўскім падарункам для гасцей стала праграма, падрыхтаваная хармайстрам Навасвержанскага Цэнтра культуры Алай Янскай. Яна плённа супрацоўнічае з тэрытарыяльным цэнтрам на працягу многіх гадоў і, па сутнасці, даўно ўлілася ў рады валанцёраў. На гэты раз у яе хутка адшукаліся памочнікі з ліку гасцей. Напрыклад, Вольга Герасімовіч з Клецка, Рустам Ачылаў з Салігорска, якія выканалі свае аўтарскія песні.        

Нельга не звярнуць увагу на такі далікатны момант, як узрост валанцёраў-удзельнікаў сустрэчы. Ён вагаецца ад 30 да 75-ці. Аднак душою гэтыя людзі ўсе маладыя – імкнуліся ў плынь Нёмана, у дарогу… Уявіце сабе, яны пешшу наведалі Смольню, Мікалаеўшчыну. А прайшоўшы па Стаўбцоўшчыне і ўдыхнуўшы яе гаючае паветра, нельга не палюбіць наш край.

Часцінку яго валанцёры павезлі з сабою ва ўсе куточкі Міншчыны – у выглядзе буклета пра Стаўбцоўшчыну, прадастаўленага аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама сувеніраў, вырабленых рукамі Людмілы Няверавай і Таццяны Шаўчук, кіраўнікоў гурткоў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.  Удзячнасць адрасавана адміністрацыі турбазы за гасцінны прыём і, безумоўна, рэгіянальнаму менеджару праекта Юліі Кнацько – за тое, што ў маштабах Міншчыны змагла стварыць брацтва аднадумцаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 

ДА ПАЖЫЛЫХ ЛЮДЗЕЙ

Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы і інвалідаў наведаў кіраўнік епархіяльнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні, настаяцель храма Прападобнай Ефрасінні Полацкай у Івянцы Віктар Перагудаў са сваімі памочнікамі.

Дырэктар сацыяльнай установы Валянціна Атрушкевіч ветліва сустрэла гасцей, адбылася размова аб важнай ролі Царквы ў жыцці дома-інтэрната, неабходнасці духоўнага акармлення пажылых людзей. Прадстаўнікі аддзела па царкоўнай дабрачыннасці мелі гутарку з пражываючымі. У падарунак дому-інтэрнату было перададзена 10 экзэмпляраў Бібліі, праваслаўная літаратура, календары.

Агаворана пытанне, каб у ліпені правесці сумеснае мерапрыемства, накіраванае на аказанне духоўнай дапамогі пажылым людзям, якія пражываюць у доме-інтэрнаце.

Пр

 

ПАД ПАКРОЎ САФІІ СЛУЦКАЙ

Навучальны год у нядзельнай школе пры кафедральным саборы праведнай Ганны ў Стоўбцах завяршыўся паломніцкай паездкай да святынь нашай сталіцы.

Вучні і члены гуртка духоўных зносін з бацькамі па благаславенні свяшчэнства наведалі кафедральны Свята-Духаў сабор горада Мінска. Паломнікаў у складзе 21 чалавека сардэчна сустрэў прадстаўнік экскурсійнай службы, памочнік настаяцеля сабора па маладзёжнай рабоце студэнт Інстытута тэалогіі св. Мяфодзія і Кірыла БДУ, выпускнік нашай нядзельнай школы і стаўбцоўскай гімназіі № 1 Антон Блашко. Антон правёў вельмі цікавую і змястоўную экскурсію, за што мы засталіся ўдзячныя яму.

З вялікай пашанай мы прыклаліся да цудатворнай іконы Божай Маці Мінскай, якая, паводле царкоўнага падання, з’яўляецца спіскам з іконы, напісанай святым апосталам і евангелістам Лукой, і была страчана ў Кіеве. А ў 1500 годзе мінчане змаглі вярнуць яе. У саборы знаходзяцца мошчы святой Сафіі Слуцкай, да якіх таксама вучні і дарослыя з малітвай прыклаліся.

На памяць аб паездцы вучні атрымалі ў дар іконкі Прасвятой Багародзіцы і святой Сафіі Слуцкай.

Наталіўшыся духоўна, мы наведалі потым парк імя Горкага. З вялікім задавальненнем і непрыхаванай радасцю дзеці і дарослыя з вышыні птушынага палёту любаваліся беларускай сталіцай, заміралі на атракцыёнах, елі смачнае марожанае.

Дадому вярнуліся з адчуваннем свята на душы. Я выказваю ўдзячнасць бацькам за гэтую выдатную паездку. Дай Бог нам усім духоўнага ўзрастання, любові да Бога і адзін да аднаго.

Таццяна ІГУМНАВА, выкладчыца нядзельнай школы

 

НА ЭКСКУРСІЮ Ў РАНС

Лета для дзетвары – час канікулаў і адпачынку. А калі адпачынак праходзіць не толькі весела, цікава, але і пазнавальна, то гэта двайная карысць.

Вось і нядаўна выхаванцы дзіцячага аздараўленчага лагера «Сонейка», які размясціўся на базе ДУА «Шашкоўская СШ», пабывалі на экскурсіі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Для дзяцей такая экскурсія стала сапраўдным падарожжам у свет цікавага і захапляльнага. Таццяна Тарасевіч, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС і Вадзім Уставіч, начальнік каравула ПАВЧ № 1, пазнаёмілі гасцей з гісторыяй стварэння пажарнай часці, паказалі сучаснае абсталяванне, тэхнічны арсенал, экіпіроўку выратавальніка. З цікавасцю паслухалі дзеці і пра геройскую прафесію выратавальніка, дзе ім падрабязна апавядалі аб усіх гранях гэтай прафесіі. Змястоўна распавядалі супрацоўнікі аб пажарнай бяспецы і страшных выніках пажараў. А для таго каб дзеці найбольш поўна змаглі зразумець і усвядоміць данесеную да іх інфармацыю, работнікі РАНС далі магчымасць ім адчуць на сабе гэтую прафесію. Школьнікі прымяралі касцюмы, змаглі агледзець і патрымаць у руках усю разнастайную экіпіроўку выратавальніка. Шквал эмоцый у дзяцей выклікала прапанова пабываць у пажарнай машыне, паглядзець яе ў рабоце. А тэхнічнае абсталяванне пажарнай часці ўразіла іх сваёй сучаснасцю і складанасцю.

Экскурсія закончылася. Дзеці ж па дарозе дадому яшчэ доўга абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся адзін з адным уражаннямі. І калі нават у будучым ніхто з іх і не звяжа свой лёс з гэтай прафесіяй, то аб правілах пажарнай бяспекі задумаюцца многія. А гэта ўжо немалаважна.

Галіна МАЛЫШАВА, начальнік аздараўленчага лагера «Сонейка»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *