Дабрабыт плацельшчыка – бяспека краіны

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

13-07-2015-23

Падатковая служба выконвае важную задачу, клапоцячыся аб напаўненні бюджэту дастатковай колькасцю сродкаў, тым самым ствараючы эканамічную бяспеку дзяржавы. У складзе падатковых работнікаў краіны прафесійна і граматна выконвае свае абавязкі калектыў інспекцыі па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне з 27 чалавек. Нагрузка на калектыў пастаянна ўзрастае. За апошнія 10 гадоў колькасць плацельшчыкаў розных формаў уласнасці ў нашым раёне павялічылася ў два разы і складае больш за 700 юрыдычных асоб. Індывідуальных прадпрымальнікаў на ўліку ў раёне 965. На падатковым уліку стаяць 25317 фізічных асоб.

Начальнік падатковай інспекцыі Іосіф Сяліцкі рэзюмуе, што Стаўбцоўскі раён мае добрую інвестыцыйную прыцягальнасць за кошт разгорнутай транспартнай інфраструктуры, удалага геаграфічнага размяшчэння. Гэтыя фактары спрыяюць рэгістрацыі кожны год новых суб’ектаў гаспадарання, што забяспечыла нашаму раёну лідзіруючыя пазіцыі па такім паказчыку сярод астатніх рэгіёнаў Мінскай вобласці.

Для работнікаў падатковай сферы па-ранейшаму першачарговай задачай з’яўляецца кантроль за выкананнем падатковага заканадаўства ўсімі плацельшчыкамі па поўнай і своечасовай выплаце падаткаў, што з’яўляецца гарантыяй для фінансавання сацыяльных праграм. Калектыў стаўбцоўскай інспекцыі мае права гаварыць аб тым, што, нягледзячы на некаторы спад фінансавай стабільнасці прадпрыемстваў з-за крызісных з’яў у эканоміцы суседніх краін і складанасцяў на знешніх рынках, удалося захаваць добрую дынаміку паступленняў у бюджэт.  У кансалідаваны бюджэт за пяць месяцаў бягучага года паступіла 101,9 мільярда рублёў, што ў супастаўных цэнах на 33,2 працэнта вышэй узроўню такога ж перыяду мінулага года. План пяці месяцаў выкананы на 101,7 працэнта. Задача па выкананні плана даходаў бюджэту на ўсіх узроўнях забяспечана.

Па-ранейшаму ў агульным аб’ёме паступленняў найбольшую ўдзельную вагу займаюць плацяжы арганізацый дзяржаўнага сектара – 55 працэнтаў, недзяржаўнага сектара эканомікі – 34,8 працэнта. Тэмп росту падатковых паступленняў арганізацый недзяржаўнага сектара за пяць месяцаў склаў 117 працэнтаў, недзяржаўнага – 224 працэнты. Найбольшыя паступленні ў бюджэт з пачатку бягучага года забяспечылі філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, РУП  «Стаўбцоўскае АКС», райспажыўтаварыства. Сярод камерцыйных арганізацый найбольшая ўдзельная вага ў паступленнях бягучага года ў ТАА «СЖК Налібакі», СТАА «Фрэор-Рэфрыгерайшн», СЗАТ «Агракамбінат «Колас». У агульным аб’ёме падатковых збораў  доля плацяжоў індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб складае 14,9 працэнта, ці 15490 мільёнаў рублёў, што за такі ж перыяд мінулага года больш на 319 мільёнаў. Суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу за пяць месяцаў унесена ў бюджэт падаткаў 3194 мільёны рублёў, што складае 30,7 працэнта ад агульных паступленняў. Тэмп росту плацяжоў склаў 130,8 працэнта.

За 2014 год па выніках пра-ведзенай кантрольнай работы дадаткова ў бюджэт паступіла 5,6 мільярда рублёў, за першае паўгоддзе бягучага года – 5,1 мільярда.  За мінулы год арыштавана і вернута ў бюджэт тавараў на суму 0,5 мільярда рублёў, за першае паўгоддзе бягучага года – 2,3 мільярда. У сувязі з уступленнем у сілу Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» для спецыялістаў аддзела кантролю за падаткаабкладаннем індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб, які ўзначальвае  Наталля Ярашэвіч, важнасць набывае такі накірунак, як арганізацыя работы па выяўленні грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.

Многія плацельшчыкі падключыліся ўжо да сістэмы электроннага дэкларавання. І гэты накірунак будзе далей актыўна развівацца. Для павышэння падатковай культуры плацельшчыкаў супрацоўнікі інспекцыі праводзяць вялікую работу па тлумачэнні падатковай палітыкі дзяржавы. З гэтай мэтай праводзіцца  вучоба для прадстаўнікоў арганізацый розных формаў уласнасці, індывідуальных прадпрымальнікаў. Такі курс дае плён. 92,2 працэнта ўсіх паступленняў забяспечваецца ў добраахвотным парадку. Дзверы інспекцыі заўсёды адкрытыя для плацельшчыкаў, якія хочуць атрымаць кансультацыю. Актыўнае прымяненне маніторынгу як адной з формаў кантролю дазваляе дабіцца павелічэння плацяжоў без прымянення прымусовых мер.

Пастаяннае рэфармаванне падатковай сістэмы патрабуе дакладанага ведання ўсіх змяненняў у падатковым заканадаўстве, пастаяннага прафесійнага ўдасканалення, умення дакладна прымяніць гэта на практыцы і навучыць новаму падаткаплацельшчыкаў. Калектыў інспекцыі адметны і стабільнасцю кадраў. За гэтыя 25 гадоў у інспекцыі было толькі два кіраўнікі. Станаўленне падатковай службы раёна звязана з імем Ніны Пятрышча, сёння светлай памяці. Апошнія 10 гадоў калектыў узначальвае кампетэнтны эканаміст, добры арганізатар Іосіф Сяліцкі. Пад яго кіраўніцтвам калектыў не адзін раз выходзіў пераможцам па выніках работы ў вобласці і рэспубліцы, быў узнагароджаны Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.

Свой уклад у стабільную, плённую і выніковую работу зладжанага, мэтанакіраванага калектыву ўносіць кожны супрацоўнік. З моманту арганізацыі падатковай інспекцыі працуюць: намеснік начальніка аддзела кантролю за арганізацыямі, выдатнік падатковай службы Галіна Анікейчык; галоўныя дзяржаўныя падатковыя інспектары Таццяна Шарафановіч, Святлана Каласоўская, Людміла Фаміна; старшыя дзяржаўныя падатковыя інспектары Таццяна Паплаўская, Алена Васілеўская. 22 гады – стаж службы ў намесніка начальніка падатковай інспекцыі Элы Вярэніч. Яна курыруе ўсю кантрольную дзейнасць інспекцыі, што з’яўляецца вельмі важным і адказным участкам. Больш за 20 гадоў аддаюць свой высокі прафесіяналізм падатковай службе начальнік  аддзела ўліку і выканання плацяжоў Алена Шапавалава, намеснік начальніка Алена Стула, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Іна Кідрон. Добрасумленна выконваюць свае важныя службовыя абавязкі намеснік начальніка аддзела кантролю за падаткаабкладаннем індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб Святлана Шык, дзяржаўныя падатковыя інспектары Валянціна Доўнар, Алена Макась, Ірына Хамітава, Руслан Жданок, Ірына Русакова, Наталля Ткачук, галоўны бухгалтар Наталля Блінкоўская і іншыя.

Святочны настрой юбілейнай урачыстасці стане стымулам для далейшай плённай працы кожнага на сваім рабочым месцы па выкананні важных дзяржаўных задач, якія ўскладзены на падатковую службу краіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: 1) рабочы дзень у начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне Іосіфа Сяліцкага і яго намесніка Элы Вярэніч пачынаецца з абмеркавання задач дня; 2) будынак падатковай інспекцыі; 3) спецыялісты аддзела кантролю за арганізацыямі (злева направа) Людміла Фаміна, Валянціна Доўнар і Галіна Анікейчык; 4) спецыялісты аддзела ўліку і спагнання плацяжоў з начальнікам Аленай Шапавалавай; 5) галоўны інспектар-сістэмны адміністратар Руслан Жданок і галоўны бухгалтар Наталля Блінкоўская; 6) спецыялісты аддзела падаткаабкладання індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб з начальнікам Наталляй Ярашэвіч.

Фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *