З гісторыяй Налібак знітаваны лёс кожнага жыхара

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

13-07-2015-24

Некалькі месяцаў з таго часу, як было аб’яўлена аб правядзенні свята,  ішоў аграгарадок Налібакі да гэтага ўрачыстага дня. Прыбіралі падворкі, садзілі  клумбы. А яшчэ – стварылі герб Налібак і памянялі дарожны ўказальнік. Выйшла кніга аб гісторыі Налібак патрыёта сваёй зямлі Адама Сінякевіча, які, на жаль, не дажыў да гэтага дня. Выпусцілі памятныя значкі, календары, надрукавалі граматы, змайстравалі сцэну на вуліцы – вясковы амфітэатр, святочны феерверк. І самае галоўнае – прынесці на гэтае свята свой гасцінны настрой і свае сэрцы, якія ўмясцілі любоў да роднага куточка і ўдзячнасць малой Радзіме. На свята прыехалі і налібаччане, якія жывуць у сталіцы ці іншых мясцінах. Мінчанка Алена Кавалеўская, напрыклад, вырабіла найпрыгажэйшы торт з сімволікай Налібак.

Уся вёска, прыбраная, выйшла на вуліцу. І 101-гадовы Іван Емяльянавіч Чарнец, і іншыя старажылы – Ірына Дошчачка, Юзэфа Чэмка, Ванда Гарохавік, Марыя Жаўнерчык, Марыя Дошчачка, Вера Лукашэвіч, Ганна Макоўская. У Налібаках два жыхары, якім больш за 100 гадоў, – яшчэ і Вольга Ігнатаўна Курдун. Усе гэтыя людзі, як і іх равеснікі, аднаўлялі пацярпелую вёску пасля Вялікай Айчыннай вайны, захоўвалі яе традыцыі, множылі яе славу. Ім шаноўнае месца на свяце ў гэты дзень. Сёння ў аграгарадку Налібакі пражываюць 560 чалавек.

…Урачыстае шэсце з духавым аркестрам Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў сустракаюць жыхары вуліц з такімі жыццесцвярджальнымі і абнадзейваючымі назвамі – Садовая, Школьная, Гасцінная. Ля падворкаў накрыты святочныя сталы з самымі рознымі прысмакамі – вось дык кулінарны талент у налібаччан! Тут і гармонік, і спевы – дзівіцеся на таленты! Раздолле дзятве – яна больш чым хто радуецца такому размаху гасціннасці.

Уважыць свята ў аграгарадку Налібакі прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, які высока ацаніў арганізатарскую падрыхтоўку да ўрачыстасці старшыні Налібацкага сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча і ўсіх жыхароў Налібак, а таксама старшыні сямі сельвыканкамаў нашага раёна і суседняга Івянецкага. Як адзначыла старшыня Івянецкага сельвыканкама Тэрэза Ліпніцкая, тут ёсць чаму павучыцца і што пераняць.

Урачыстая частка праходзіла пад адкрытым небам ля Дома культуры. Тут працавалі гандлёвыя рады з палаткамі раённага камбіната бытавога абслугоўвання, райспажыўтаварыства, работнікі якога паклапаціліся пасмажыць і шашлыкі. Побач размясцілі свой тавар і прыватнікі. Сцэна пахла свежым дрэвам і была ўпрыгожана бярозкамі, паветранымі шарамі, кветкамі. Людзям было дзе прысесці і паглядзець святочную праграму.

Цікава было паслухаць пра гісторыю Налібак, якую агучыла дырэктар Налібацкай СШ Вікторыя Высоцкая. Дарэчы, разам з Аляксандрам Пілінкевічам яна прыняла актыўны ўдзел у стварэнні герба Налібак.

Гісторыя населенага пункта бярэ пачатак з 1447 года, разам з  будаўніцтвам рымска-каталіцкага храма Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Старадаўняе паселішча адметнае рамёствамі. Налібацкая шклокрыштальная фабрыка – у ліку першых мануфактур на тэрыторыі Беларусі, вырабы якой уяўляюць вялікую рэдкасць і каштоўнасць. Іх можна сустрэць цяпер толькі ў музеях Мінска, Вільнюса, Варшавы, Кракава, Львова, Санкт-Пецярбурга. Металургічная мануфактура – таксама значная адметнасць гісторыі Налібак.

Праграма ўрачыстасці ўключыла ўзнагароджанне пераможцаў аб’яўленых конкурсаў і многіх жыхароў, якія аддавалі сваю працу прадпрыемствам розных галін вытворчасці. Узнагароду і прызнанне налібаччан атрымаў ксёндз-канонік Налібацкай парафіі Мар’ян Шэршань за духоўнае акармленне жыхароў і вялікі ўклад у добраўпарадкаванне святых месцаў аграгарадка. Павіншаваць сваіх ветэранаў працы падымаліся на сцэну прадстаўнікі Налібацкага сельвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ТАА «СЖК Налібакі», ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі», Налібацкай СШ, цэнтральнай раённай бальніцы, стаўбцоўскіх электрычных сетак, райспажыўтаварыства, раённага вузла паштовай сувязі, раённага камбіната бытавога абслугоўвання, раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дырэктар гэтага цэнтра Святлана Блашко ўручыла падарункі пяці сацыяльным работнікам, а яшчэ – дзевяці шматдзетным сем’ям з Налібак. 32-х сваіх працаўнікоў адзначыла ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі» – былых свінарак, жывёлаводаў, вадзіцеляў, паляводаў… Пажылым людзям было прыемна пачуць словы ўдзячнасці, атрымаць падарункі, граматы. Варта сказаць добрае слова ў адрас усіх названых арганізацый, якія парупіліся купіць падарункі сваім ветэранам і падарыць святочны настрой, які будзе іх саграваць яшчэ доўга.

Пераможцамі конкурсу  «Лепшы падворак» сталі сем’і Браніслава і Ірыны Кавалеўскіх, Сяргея і Ганны Слабодчыкавых, Фелікса і Ганны Мазуноў. За лепшае кветкавае афармленне сядзібы ўзнагароду атрымала сям’я Георгія Яўсейчыка і Ірыны Раманоўскай.

Праграма была багата аздоблена нумарамі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра культуры, Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў і Дзераўнянскага Дома культуры, таленавітых людзей Налібак. Падарункам жыхарам аграгарадка былі канцэртныя праграмы групы «Чараўніцы «, артыста Георгія Волчака з Мінска, ансамбля «Маладзея» з Маладзечна, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Івянецкага дома культуры. Ва ўрачыстасці прыняў удзел Прудскі дом рамёстваў з вырабамі мясцовых умельцаў.

Свята прадоўжылася вясёлай дыскатэкай з арганізацыйным удзелам ансамбля «Вяселле» з Мінска. Шмат прыйшлося папрацаваць для сваіх аднавяскоўцаў у гэты дзень дырэктару Налібацкага Дома культуры Анатолю Сарнацкаму. Сюрпрызам для налібаччан быў у гэты дзень святочны феерверк позна вечарам, які сабраў на вуліцу ўсіх жыхароў Налібак.

Старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч выказаў вялікую ўдзячнасць усім жыхарам за салідарнасць, за падтрымку, за працу, за актыўны ўдзел у свяце і адрасаваў падзяку спонсарам: Юліі Пятачковай, Віталю Буяну, Ягору Самовічу, Алегу Феську, Уладзіміру Казаку, Васілю Цюнісу, Івану Сянкевічу, Галіне Думчавай, Міхаілу Паўхлебу, Вячаславу Трацяку, Сяргею Крыўко, Генадзю Слуцкаму, Арцёму Калодзінскаму, ТАА «СЖК Налібакі», Мінскаму заводу вінаградных він.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *