Купалле

Культура Нумары

13-07-2015-25

ПЛЫВІ, ВЯНОЧАК!

Па старой добрай традыцыі з 6 на 7 ліпеня ў Новым Свержані, на беразе Нёмана, спявала і гуляла Купалле.

Пастараліся работнікі мясцовага Дома культуры, якія адмысловай афішай запрасілі ўсіх новасвяржан на  канцэртную праграму. Апранутыя ў святочныя народныя строі, артысты весялілі публіку так, што не раз сарвалі апладысменты з воклічам «брава!». У прыродзе, як і сярод людзей, адчувалася асаблівая празрыстасць і лёгкасць. Напярэдадні, у духу магічных купальскіх сімвалаў, з неба лінуў доўгачаканы дождж, павеяла прыемнай прахалодай…

А затым святочная працэсія пад гукі народных песень рушыла ад Дома культуры да Нёмана. На плыткім беразе ўжо чакала ўсё неабходнае для вялікага вогнішча і карагодаў вакол яго. Кульмінацыя дзейства наступіла, калі дзяўчаты-купалінкі, зайшоўшы да сярэдзіны Нёмана, спусцілі на ваду вянок. Ён пакруціўся некалькі секунд на адным месцы і быў падхоплены агульным цячэннем.

«Плыві, вяночак, плыві далёка», – наказвалі яму купалінкі. Сплецены з любоўю з багата якіх ліпеньскіх красак, ён панёс у свет людскія мары і спадзяванні, замілаванне тым краем, дзе, згодна з павер’ем, расцвітае ноччу цудадзейная папараць-кветка. Дарэчы, на свяце прысутнічаў жыхар Прыбалтыкі, беларус, які здымаў відэафільм для дыяспары беларусаў.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО       

 

У ВЯСЁЛЫМ КАРАГОДЗЕ

Людна было на стадыёне Горкаўскай школы купальскім вечарам. Паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне сабраліся жыхары аграгарадка і навакольных вёсак. Вабіла да сябе ўпрыгожаная каляровымі стужкамі Купальніца. Школьнікі падрыхтавалі інсцэніроўку «Пошук папараць-кветкі», дзе ўвасоблены і мясцовыя традыцыі святкавання.

І вось дзейства, якое ўсіх захапіла. Многія сталі ўдзельнікамі. Мужчыны з косамі ішлі падпіраць вароты, каб ведзьмы не ўвайшлі ў хату. Жанчыны прасілі Івана Купалу, каб «галавіў» цыбулю, маладыя скакалі праз стажок крапівы. Траўніца, у ролі якой была настаўніца біялогіі Наталля Шабаліна, падрыхтавала і прадставіла выставу купальскіх зёлак, падаравала прысутным амулеты на шчасце.

Усім даспадобы прыйшоўся конкурс «Міс Купалінка». Вясёлыя жанчыны Мар’я і Ганна (Аксана Агароднік і Алена Пятровіч) праводзілі конкурсы. Жадаючыя плялі купальскія вянкі, вязалі венікі, асілкі падымалі гіру. А хто спрытнейшы, каб з завязанымі вачыма вілкамі дакладна паставіць гаршчок у печ? Вакол скакалі чэрці, ведзьмы, лесуны, нават вадзяны прыйшоў з русалкамі з боку блізкага возера. Купальскія песні спявалі школьны фальклорны гурт «Вясёлка» і народны ансамбль вакальнай песні «Дольніца».

Закончылася свята ля вогнішча, куды ўсе дружна адправіліся вадзіць карагоды. Дзяўчаты пускалі вяночкі на ваду і загадвалі свой лёс. Увесь вечар вялі дзейства Яніна Душкевіч, яна ж і аўтар сцэнарыя, і Зоя Аўласіна. Ініцыятарам правядзення народнага свята стала адміністрацыя Горкаўскай школы.

Валянцін ГІРАЕЎСКІ, вучань 10 класа Горкаўскай СШ, член гуртка «Юны карэспандэнт»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *