Дзесяць тысяч сустрэч

Калонка Рэдактара Нумары

14-07-2015-4

Сёння выйшаў у свет 10-тысячны нумар нашай раённай газеты «Прамень». З 1939 года, калі з’явіўся «Голас селяніна», і з 1 мая 1962 года, калі газета атрымала назву «Прамень», журналісты розных пакаленняў стваралі летапіс жыцця раёна. «Голас селяніна» актыўна інфармаваў сваіх чытачоў пра жыццё краіны і пра тыя пераўтварэнні, што адбываліся ў перадваенны час на Стаўбцоўшчыне. У ліпені 1943 года газета выходзіць у падполлі, у адным з партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі ў Налібацкай пушчы. Пасляваенная «раёнка» актыўна прапагандавала лепшыя ўзоры працы жыхароў раёна, расказвала аб перадавіках вытворчасці, выступала супраць коснасці і кансерватызму.

Сёння «Прамень» таксама знаходзіцца на плыні жыцця. Газету выпісваюць і чытаюць не толькі ў раёне, але нават нашы землякі з Гродзеншчыны, з горада Хомска Брэсцкай вобласці, са сталіцы.

Увогуле, поспех раённай газеты ў многім залежыць і ад таго, колькі ў яе супрацоўнікаў, саюзнікаў і памочнікаў. А яны ў нас ёсць: гэта раённы выканаўчы камітэт, увесь аграпрамысловы комплекс, культура, адукацыя і іншыя. Цяпер можна сказаць, што «Прамень» вытрымаў экзамен: газета жыве на ўласныя сродкі, пры гэтым пачала выходзіць па суботах каляровай, павялічыўся яе аб’ём (серада – 8 старонак, субота – 16 старонак).

Наша прафесія ставіць нас перад неабходнасцю паспяваць за часам, газета павінна быць, як любы тавар, канкурэнтназдольнай. Гэта датычыць не толькі зместу, інфармацыйнай насычанасці, але і дызайну, паліграфічнага афармлення, тыражу. Гэтыя пытанні заўсёды надзённыя для журналістаў.

Горад Стоўбцы – радзіма класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. У свой час стаўбцоўская «раёнка» дала творчае жыццё многім вядомым у нашай краіне людзям. На яе старонках спрабавалі сваё пяро беларускія пісьменнікі і паэты Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей, Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Генрых Далідовіч, Уладзімір Мархель і іншыя. Сёння ж газета атрымлівае шмат допісаў маладых аўтараў.

Паважаныя супрацоўнікі рэдакцыі газеты «Прамень», ветэраны друку, няштатныя аўтары, падпісчыкі і чытачы, дазвольце павіншаваць вас з 10-тысячным выхадам нумара «раёнкі». Шчасця, радасці, дабрабыту, поспехаў, творчага натхнення і ўсяго таго, што робіць жыццё больш прыгожым і змястоўным. Дзякуй, што вы заўсёды побач з намі. А мы, калектыў рэдакцыі газеты, з упэўненасцю гаворым: мы будзем працягваць справу, распачатую нашымі былымі калегамі, будзем працягваць ствараць «кнігу жыцця» і будзем рабіць усё, каб наш родны «Прамень» быў на плыні жыцця і часу.

З павагай Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

1 комментарий по теме “Дзесяць тысяч сустрэч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *