Да ўборачнай кампаніі – асаблівы падыход

Нумары Сельская гаспадарка У райвыканкаме

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення ўборкі збожжавых і зернебабовых культур ураджаю 2015 года. З інфармацыяй па даным пытанні выступіў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іван Загдай.

Іван Міхайлавіч зазначыў, што ў бягучым годзе патрэбна будзе ўбраць 25,5 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых культур, 2516 гектараў азімага і яравога рапсу, 400 гектараў шматгадовых траў, у тым ліку 185 гектараў бабовых. Ва ўборачнай кампаніі будзе задзейнічана 100 збожжаўборачных камбайнаў, на адвозцы збожжа – 93 адзінкі тэхнікі гаспадарак.

Своечасовы і якасны рамонт збожжаўборачнай тэхнікі, правільная абкатка – гэта аснова яе безадказнай работы ў полі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца праверцы месцаў магчымых страт збожжа і іх ухіленню. Ёсць 86 збожжаўборачных камбайнаў са здрабняльнікамі, з якіх на ўборцы рапсу будзе задзейнічана 40 адзінак. Укамплектаванасць камбайнерамі складае 75 працэнтаў. На дапамогу гаспадаркам падчас уборкі будуць прыцягвацца работнікі з арганізацый раёна.

Асаблівую ўвагу патрэбна ўдзяліць рабоце сушылак, бо менавіта яны вызначаюць тэмпы і якасць уборкі пры любых умовах надвор’я. Для апрацоўкі збожжа ў раёне ёсць 29 адзінак збожжаачышчальных сушыльных комплексаў. Для прыёмкі і захоўвання збожжа ў гаспадарках ёсць 91 збожжасклад. У раёне наладжана дзяжурства па аказанні дапамогі з боку абслуговых арганізацый (МАУП «Стаўбцоўская ПМК», ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ЗАТ «Стаўбцоўскае аграпрамэнерга»). Для павышэння эфектыўнасці работы, накіраванай на выкананне ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі, у раёне распрацаваны план мерапрыемстваў па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы на вытворчасці, бяспекі дарожнага руху і пажарнай бяспекі ў гаспадарках АПК, распрацаваны графік штодзённых сумесных рэйдаў з 19.00 да 24.00 з удзелам прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі, РАУС і РАНС.

Прынята рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый да правядзення ўборачнай кампаніі. Дадзены канкрэтныя даручэнні кіраўнікам АПК, РАУС, РАНС, міжраённай інспекцыі працы, Стаўбцоўскай ЦРБ, раённаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і іншым. У раёне ствараюцца ўсе ўмовы, каб своечасова сабраць багаты ўраджай.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *