Гады і лёсы, плынь жыцця – засведчаць усё газетныя старонкі

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

14-07-2015-12

Калі існуе выраз «газета жыве адным днём», то ёсць і іншы – «газета вечная». Няхай заўтра ўжо не такімі актуальнымі будуць сённяшнія навіны, зменяць іх у бегу часу іншыя, якія адлюструе чарговы нумар газеты, але назаўсёды застанецца летапіс падзей і лёсаў.

Дзесяць тысяч нумароў – жывыя старонкі энцыклапедыі жыцця Стаўбцоўшчыны за амаль 76 гадоў з дня выхаду першага нумара выдання, якое змяніла  першапачатковыя назвы «Знамя», «Голас селяніна» на «Прамень». Гучны шчыры голас і яркае жыццесцвярджальнае святло – для пакаленняў жыхароў цудоўнага нашага наднёманскага краю – будаўнікоў новага жыцця і змагароў з ворагам, тых, хто адраджаў народную гаспадарку і хто сёння знаходзіць сваё шчасце, працуе дзеля росквіту незалежнай Беларусі.

Напісанае застаецца. Давайце ж, уяўна перагортваючы старонкі штогадовых падшывак газеты, спынім увагу ад першых нумароў далей – на юбілейных яе нумарах, якія адлюстроўваюць пэўны перыяд часу, эпоху.

Можа калі і пашчасціць убачыць нумары стаўбцоўскай газеты, датаваныя 1939, 1940, 1941 гадамі.

Бібліяграфічнай рэдкасцю з’яўляюцца і нумары «Голаса селяніна», выдадзеныя ў партызанскай рэдакцыі і друкарні. Мне вельмі пашанцавала, калі падчас камандзіровак у пачатку журналісцкай работы сустрэўся з выдатным чалавекам Іванам Андрэевічам Шавелем. Шчыра ўлюбёны ў родную зямлю, захавальнік гістарычных скарбаў, ён стварыў у Старасвержанскай школе краязнаўчы музей. І яго дарагімі экспанатамі сталі лісткі «Голаса селяніна» ваеннага часу. Памятаецца, амаль увесь дзень пераглядаў гэтыя газеты і перапісваў асобныя заметкі ў блакноцік, які беражліва захоўваю.

Фармат – лістоўка з заклікам над загалоўкам: «Смерць нямецкім акупантам!», і ніжэй – «Прачытай і перадай другому». Нумары датаваныя 15 лістапада 1943 года, 18 лютага, 2 красавіка, 1 мая, 22 чэрвеня 1944 года. Са снайперскай дакладнасцю загалоўкі: «Жыхары Стоўбцаў, абараняйцеся!» , «Першы падрыў тав. Рудольфа», «Усё памятаем, за ўсё адпомсцім»», «Партызанская кемлівасць», «Табе, Радзіма, наш першамайскі падарунак», «Стане вольным наш родны край».

І нарэшце 3 ліпеня 1944-га. Змешчаныя ў газеце Паведамленне Саўінфармбюро і Загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага абвясцілі аб вызваленні Стоўбцаў, Вілейкі, Гарадзеі, Нясвіжа і салюце ў гонар гэтага ў Маскве дваццаццю артылерыйскімі залпамі.

Адказны рэдактар газеты-змагаркі Гірша Смоляр, відавочна, быў і аўтарам многіх матэрыялаў пад ініцыяламі Г. С. З 20 ліпеня 1944 года газету падпісваў ужо рэдактар І. Куноўскі. «Удзячнасць вызваліцелям на справе», «Адбудова пачалася», «У фонд Чырвонай Арміі», «Абавязацельствы сялян Баханоў». Адраджэнне з папялішчаў горада і вёсак, дапамога арміі нарыхтоўкамі сельгаспрадукцыі і шмат што іншае асвятлялася ў такіх надзённых на той час публікацыях.

Магу толькі прыкладна ўстанавіць час выдання тысячнага нумара «Голаса селяніна». Хутчэй за ўсё гэта канец 1949-га ці пачатак 1950 года. І ўявіць выгляд тагачаснай «раёнкі», бо, вядома, адрозныя па змесце нумары вызначаліся пэўным стандартам афармлення і падбору публікацый. На першай старонцы – абавязкова перадавы артыкул з дырэктыўным матэрыялам. А ўказанні гэтыя найперш дыктаваліся рашэннямі партыйных форумаў, абавязковымі для выканання, і надзённымі задачамі гаспадарчай дзейнасці раёна. Значнае месца на другой старонцы адводзілася агляду міжнародных падзей. Для чытачоў усё было вельмі цікавым. Сапраўды, для многіх толькі газета (правадное радыёвяшчанне на той час было яшчэ ў лічаных вёсках) з’яўлялася акном у вялікі свет. Ажыўлялі газету пісьмы селькораў, асабліва калі яны смела выкрывалі недахопы. Рэдагавала «раёнку» гэтага перыяду Праскоўя Масленікава, падмяняў яе часам рэдактар газеты палітаддзела свержанскай МТС Аляксей Пысін, знакаміты беларускі паэт.

Двухтысячны нумар выйшаў у свет у 1956 годзе. Газета была ўжо чатырохпалоснай, а значыць, і месца для публікацый стала больш. З вялікай цікавасцю людзі чыталі пра тое, што робіцца ў раёне. Асабліва чакалі чарговых падборак «Нашага вожыка» – сатырычнага кутка газеты. Вёў яго Андрэй Траяновіч, чалавек таленавіты і як журналіст, і як мастак, скульптар. Пэўны час Андрэй Сцяпанавіч рэдагаваў газету, потым быў прызначаны намеснікам. Згаданы юбілейны выпуск падпісваў Казімір Туміловіч. У жніўні 1956 года быў накіраваны на працу ў стаўбцоўскую рэдакцыю Рыгор Шырко. Яны прайшлі вайну на фронце, у партызанскіх атрадах. Рукамі і, прама кажучы, галовамі гэтых таленавітых людзей, а таксама Дзмітрыя Петрашэўскага, Міхаіла Залескага рыхтаваліся нумары раённай газеты.

Трохтысячны нумар стаўбцоўскай газеты, якая ўжо мела назву «Прамень», выйшаў 4 снежня 1965 года. Гэта быў пярэдадзень Дня Канстытуцыі СССР, і знамянальнай даце, Закону, па якім мы жылі, прысвечана большая частка матэрыялаў. А для душы чытачам – «Літаратурная старонка». Дарэчы сказаць, што яе рыхтаваў рэдактар Антон Шабан, які і сам пісаў вершы. Вельмі ўважлівы да творчых людзей, ён заснаваў і літаратурнае аб’яднанне пры газеце, і школу рабселькораў. Антон Георгіевіч узяўся за падрыхтоўку кнігі па гісторыі Стаўбцоўшчыны, прымеркаванай да паўвекавых юбілеяў Кастрычніка, СССР, БССР.

Такое вось супадзенне, што роўна праз сем гадоў, 5 снежня 1972 года, выйшаў чатырохтысячны нумар «Праменя». Змест тэматычна падобны, «канстытуцыйны», і ўся газета характэрная духам аптымізму. Клішыраваныя рубрыкі «Рашэнне з’езда КПСС – у жыццё», «На вахце пяцігодкі», «Перадавы вопыт – усім гаспадаркам».

19 мая 1979 года чытачы атрымалі пяцітысячны нумар «Праменя». Перыяд вялікага малака». «Ява калгаснай вёскі», зноў жа «Рашэнні з’езда партыі выканаем». Відавочная ідэалагічная лінія газеты, якая, як адзначалася, сілай слова спрыяла важкім дасягненням. Стаўбцоўскага раёна, які ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве пяць гадоў запар выходзіў пераможцам. Увогуле ж, калі пагартаць падшыўкі газеты сямідзясятых, то тут сустрэнем нарысы, фотарэпартажы, допісы на тэмы маралі, адным словам, матэрыялы на ўсе густы. Шмат замалёвак і фотапартрэтаў людзей працы.

Упэўнена вёў рэдакцыйны карабель Часлаў Петрашкевіч, прафесіянал у сваёй справе, чалавек і патрабавальны, і чулы, таленавіты журналіст.

Шасцітысячны нумар «Праменя», які падпісваў Іван Багатка, пазначаны 31 кастрычніка 1985 года. «Семінар ідэалагічных работнікаў», «Яны ўдастоены ўзнагарод». І тэматычная старонка «Розум супраць рэлігіі», што ж, думалі і так…

Ёсць тэматычная старонка і ў сямітысячным нумары за 26 жніўня 1992 года. Прысвечана яна юбілею сяродняй школы № 2, якая дала пуцёўку ў жыццё на той час больш як паўтары тысячы стаўбчанам. Звяртае ўвагу балюча-трывожнай чарнобыльскай ранай і публікацыя «Саркафаг трашчыць па швах»…

8 лютага 2003 года датаваны васьмітысячны нумар. «Саветы напярэдадні выбараў», «Медсавет», «Юбіляры», нарэшце калонка аператыўнай інфармацыі «Якое яно, наша жыццё?». Усе гэтыя звыклыя і сёння рубрыкі, як і падборка пісьмаў чытачоў «Наша пошта». Суботні нумар газеты выйшаў ужо ў пашыраным аб’ёме – шэсць старонак, першая і апошняя – у два колеры.

Матэрыялы дзевяцітысячнага нумара, які атрымалі чытачы 13 чэрвеня 2009 года, размешчаны на 10 старонках. І гэта дазваляла публікаваць значна больш аператыўнай інфармацыі. Пералічым толькі рубрыкі заметак на 2-й і 3-й старонках: «З дзяржаўнай падтрымкай», «Купляйце стаўбцоўскае!», «Прадпрымальніцтва», «Праграма «Малако», «У нашым горадзе». А з больш аб’ёмных матэрыялаў – замалёўка, прысвечаная юбіляру, настаўніку В. В. Чыкуну. А таксама рэпартаж з калектыву Стаўбцоўскіх электрычных сетак, які атрымаў рэспубліканскі сертыфікат «Знак якасці».

Сціслы агляд-экскурс у гісторыю. А яна працягваецца. Адлік пойдзе на другі дзясятак тысяч. Жыві «Прамень», свяці «Прамень»!

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *