Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна. Аднак у рэспубліцы пачатак года складваецца вельмі трывожна. Ужо зафіксавана 260 пажараў, на якіх загінулі 59 чалавек, з іх трое – дзеці. Жыцці адразу траіх – дзяўчынкі 2007 года нараджэння і двух яе братоў – 2008 і 2010 гадоў нараджэння, забраў пажар 14 студзеня, на стары Новы год, у вёсцы Беражнае Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. На момант пажару, у 19.44, бацькоў дома не было, па месцы жыхарства іх характарызуюць адмоўна. Прычына трагедыі ўстанаўліваецца. Паважаныя бацькі! Не пакідайце сваіх дзяцей адных, выконвайце правілы пажарнай бяспекі!
Міліцыяй зарэгістраваны 144 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджаны чатыры крымінальныя справы, ва ўсіх іх устаноўлены падазраваемыя. Зламыснік паўторна трапіў у дачны дом у Скамарошках, дзе паквапіўся на спіртное. Грамадзянін, будучы нецвярозым, нанёс цялесныя пашкоджанні свайму бацьку, з якім меў працяглыя непрыязныя адносіны. Складзена 10 пратаколаў за дробнае хуліганства, 18 – за распіванне алкагольных напіткаў і з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і іншае.
Пракуратурай раёна аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства афіцыйна папярэджаны пяць асоб, якія панеслі адміністрацыйную адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. У адваротным выпадку іх чакае крымінальная адказнасць з канфіскацыяй транспартнага сродку.
Суд вынес прыгавор 40-гадоваму стаўбчаніну, затрыманаму за рулём аўтамабіля «Аўдзі-100» у нецвярозым стане паўторна на працягу года. За гэта – два гады выпраўленчых работ з утрыманнем з заробку 20 працэнтаў, пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на пяць гадоў, і прымяненне спецыяльнай меры – канфіскацыі аўтамабіля. На чацвёра сутак арыштаваны 34-гадовы жыхар Мікалаеўшчыны, які, будучы нецвярозым, на вясковай вуліцы, нецэнзурна лаяўся, сваімі паводзінамі абражаў людзей. 28-гадовай жыхарцы Навапольцаў, якая ў нецвярозым стане разбіла аконную шыбу ў доме, вынесены штрафныя санкцыі ў памеры 260 000 рублёў. 1 300 000 рублёў прыйдзецца заплаціць 30-гадоваму мінчаніну, не першы раз заўважанаму на сваёй малой радзіме ў Тонаве нецвярозым, які на гэты раз выказваў пагрозы фізічнай расправы ў адрас уласнай маці.
ДАІ выявіла 162 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных і восем бяспраўных вадзіцеляў, 29 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася 16 дарожных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў. Па шчаслівай выпадковасці абышлося ўсё добра і з вадзіцелем аўтамабіля «Фольксваген», жыхаром Наваколасава, які 11 студзеня непадалёку ад Стоўбцаў не справіўся з кіраваннем, не ўлічыў пагодныя ўмовы, у выніку чаго з’ехаў у кювет і перакуліўся.
«Хуткая» выязджала да хворых 252 разы, у тым ліку чатыры сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап’яненнем.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *