Да ведама

Кантроль, бяспека Нумары

14-07-2015-16

«УРА!» – ДАРОЖНАМУ РУХУ

У ДУА «Аздараўленчы лагер «Нёман» Стаўбцоўскага раёна» дзеці віталі воклічамі «ўра!» прыезд работнікаў Дзяржаўтаінспекцыі і спецыялізаванага «тэматычнага» аўтобуса Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

На адметным аўтобусе красуецца лозунг – «Захаваем сабе жыццё!». Ён акурат сведчыць пра актуальную задачу бягучага моманту – у перыяд летніх канікулаў навучыць нашых дзяцей быць граматнымі і ўважлівымі пешаходамі, веласіпедыстамі і нават пасажырамі, каб зберагчы іх ад наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў.

Для гэтага падчас акцыі ім тлумачылі правілы дарожнага руху ў форме віктарыны, загадак. У зале ўзняўся «лес» дзіцячых рук, калі інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Мінаблвыканкама Ірына Сапунова прапанавала паўдзельнічаць. Сапраўды развесяліла ўсіх знаёмства з дарожнымі знакамі, бо, як аказалася, сэнс іх нашы дзеці з большага разумеюць ці хаця б могуць здагадацца, але сфармуляваць яго  не атрымліваецца. Вучыліся гэтаму ў «руху» ўласных думак і фантазіі, а таксама пры дапамозе падказак, напрыклад, ад старшага інспектара дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Дзмітрыя Яўсейчыка.

Падвяла вынікі акцыі старшы інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Мінаблвыканкама Алена Сакалова:

– У 22-х дзіцячых аздараўленчых лагерах Мінскай вобласці праходзіла абласная прафілактычная акцыя «Школа дарожнай бяспекі» з прыцягненнем спецыялізаванага аўтобуса. У мінулым годзе з мэтай прафілактыкі сярод школьнікаў вобласці быў задзейнічаны расійскі аўтобус-трэнажор. Пабываў ён і ў вашым раёне. І сёння мы са сваім спецыялізаваным аўтобусам у вас – у лагеры «Нёман».

На Стаўбцоўшчыне з пачатку года пацярпеў у дарожнай аварыі адзін непаўналетні (ён ехаў у якасці пасажыра). У цэлым жа праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму застаецца адной з вострых і актуальных. З пачатку года на дарогах Мінскай вобласці зарэгістравана 20 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, у іх адно дзіця загінула і 20 – траўміраваны. Палова гэтых дарожных здарэнняў адбылася па віне саміх дзяцей – пешаходаў і веласіпедыстаў, з-за іх элементарнай няўважлівасці і недысцыплінаванасці на дарозе, слабых ведаў правілаў дарожнага руху. Безумоўна, дарослым варта пастаянна  памятаць пра неабходнасць належнага кантролю за сваімі дзецьмі, набыць для іх флікеры і забараняць да дасягнення 14-гадовага ўзросту выезд на веласіпедзе на дарогі агульнага карыстання і т. п.            

…Дзеці атрымалі ад супрацоўнікаў ДАІ прызы, падарункі. Гэта тэматычныя закладкі для кніг, ручкі, шарыкі, флікеры. А да будучага навучальнага года ім прыдасца каляровы расклад урокаў… 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СЛЕДЧЫ ЎНЁС ПРАДСТАЎЛЕННЕ

Пытанні эфектыўнай работы па выяўленні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў, забеспячэнні кантролю за падрыхтоўкай і разглядам унесеных прадстаўленняў абмеркаваны на аператыўнай нарадзе пракуратуры раёна і асабовага саставу раённага аддзела Следчага камітэта.  

Як адзначана на нарадзе, такія працэсуальныя дзеянні следчага, як узбуджэнне крымінальнай справы, прыцягненне да крымінальнай адказнасці, прымяненне меры спынення і т. п., накіраваныя на папярэджанне магчымасці ўчынення вінаватай асобай новых супрацьпраўных дзеянняў, самі па сабе не ўхіляюць усе абставіны, што абумовілі злачынства. Прымяненне спецыяльных мер прафілактыкі, у прыватнасці, выяўленне ў працэсе следства парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства, а таксама прыняцце адпаведных мер да іх ухілення значна павышае эфектыўнасць і мэтанакіраванасць работы следчага, а таксама выступае яе лагічным завяршэннем.

Асновай прафілактычнай работы следчых з’яўляецца накіраванне прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў, згодна з артыкулам 199 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Так, за пяць месяцаў бягучага года пры вытворчасці папярэдняга следства па крымінальных справах унесена больш за 50 прадстаўленняў у адрас кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў розных формаў уласнасці. Прадстаўленні аб ухіленні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў, унесены па крымінальных справах аб злачынных замахах супраць уласнасці і грамадскага парадку, а таксама па справах карупцыйнай і эканамічнай накіраванасцяў. У выніку іх разгляду прыняты меры рэагавання ў адносінах да сямі службовых асоб.

Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню стану прафілактычнай работы ў ходзе расследавання крымінальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі. Следчымі высвятляюцца ўмовы жыцця і выхавання непаўналетняга, яго акружэнне. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаюцца звесткі пра паводзіны падлетка ў быце і школе, кола яго інтарэсаў і зносін. Праводзіцца актыўная работа па ўзаемадзеянні з вучэбнымі ўстановамі, інспекцыяй па справах непаўналетніх, бацькамі і сваякамі.

Па выніках нарады, дзе былі заслуханы і абмеркаваны выступленні ўдзельнікаў, выпрацаваны дадатковыя меры па ўдасканаленні прафілактычнай работы.

Мікалай СКРЫГАН, часова выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела Следчага камітэта

 

НА ДЗЯЖУРСТВЕ – І «ФОТАПАСТКА»

З пачатку сёлетняга пажаранебяспечнага перыяду зафіксавана пяць загаранняў у лясных масівах раёна.

Адно з іх, дарэчы, «убачыла»  так званая «фотапастка», устаноўленая гэтай вясной у адным з месцаў масавага адпачынку. Усе загаранні былі своечасова заўважаны, таму і абышліся лесаводы ў іх ліквідацыі без старонняй дапамогі.

– У пажаранебяспечны перыяд у лясгасе і ва ўсіх дзевяці лясніцтвах нясуць дзяжурства нашы работнікі. Яно арганізавана ў будныя і выхадныя дні, – адзначыла начальнік пажарна-хімічнай станцыі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Алёна Мазура.

Пажарна-хімічныя станцыі дзейнічаюць таксама ў трох лясніцтвах – Кульскім, Хатаўскім і Налібацкім, у астатніх – арганізаваны пункты супрацьпажарнага інвентара. Падобны пункт быў адкрыты сёлета ў суседнім з горадам Акінчыцкім лясніцтве. І пункты, і станцыі аснашчаны ўсім неабходным на выпадак тушэння агню, у тым ліку за станцыямі замацаваны пажарныя машыны, а на пунктах падрыхтаваны спецыяльныя бочкі з вадою.

Не сакрэт, што найбольш частай прычынай загаранняў у лясных масівах становіцца наша абыякавасць, бескультур’е. А кінутая ў сухую траву запалка ці акурак могуць прынесці нямала праблем і выклікаць  значныя матэрыяльныя выдаткі. Рашэннем раённага выканаўчага камітэта з 16-га чэрвеня забаронены ўезд у лясныя масівы, на тарфянікі.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЗАХАВАЕМ ЛЕС РАЗАМ

У сувязі з цёплым і ветраным надвор’ем раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне аб забароне наведвання лясоў і тарфянікаў з 16-га чэрвеня.

Кожны з нас ведае, што неахайна кінутыя запалка або акурак, касцёр, пакінуты без нагляду, і прыгатаванне шашлыка з ігнараваннем правілаў пажарнай бяспекі могуць прывесці да ўзнікнення пажару.

Акрамя таго, масавыя пажары як у лясах, так і на тарфяніках могуць узнікнуць у спякотнае і засушлівае надвор’е ад удараў маланкі, пры спальванні сухой травы і т. п. Найбольш часта ў лясных масівах узнікаюць нізавыя пажары, пры якіх выгараюць лясная падсцілка, падрост і падлесак, травяніста-куставы покрыў, валежнік, карані дрэў.

Гарэнне торфу і каранёў раслін небяспечнае падземнымі пажарамі, што распаўсюджваюцца ў розныя бакі. Над палаючымі тарфянікамі магчыма ўтварэнне «слупковых завіхрэнняў» гарачага попелу і тарфянога пылу, якія пры моцным ветры могуць пераносіцца на вялікія адлегласці.

Для недапушчэння падобных сітуацый будзьце ў пажаранебяспечны перыяд максімальна асцярожнымі з агнём. Захоўвайце меры пажарнай бяспекі!

 

КУПАЦЦА – ДЛЯ ЗДАРОЎЯ

З пачатку года ў Беларусі ўжо ўтапілася больш за 130 чалавек, з іх 13 – дзеці. У нашым раёне на вадзе абарвалася жыццё аднаго чалавека, жыццё яшчэ аднаго было выратавана.

Асноўнай прычынай узнікнення няшчасных выпадкаў на вадзе з’яўляецца адсутнасць культуры бяспекі. Адпачываючыя нярэдка забываюцца, што купацца можна толькі ў спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах. Нельга ўваходзіць у ваду ў стане алкагольнага ап’янення. Не рэкамендуецца знаходзіцца ў вадзе больш за 10-15 мінут, таму што ў выпадку пераахаладжэння ўзнікаюць сутаргі. Нельга падплываць блізка да суднаў, якія рухаюцца, заплываць у зону акваторыі катараў і гідрацыклаў, выкарыстоўваць маторныя вадаплаўныя сродкі, водныя веласіпеды і матацыклы ў зонах пляжаў, у грамадскіх месцах купання пры адсутнасці буйковай агароджы пляжнай зоны і ў межах гэтай зоны. Нельга пакідаць каля вады без нагляду дзяцей. Асцярожнасці патрабуе  плаванне на надзіманых матрацах. Небяспечна ныраць у незнаёмым месцы, скакаць з дамбаў або лодак, выкарыстоўваць для плавання дошкі і т. п., дапускаць гульні на вадзе, падаваць ілжывыя сігналы аб дапамозе. Само сабою, нельга забруджваць вадаёмы.      

Калі на вашых вачах нехта тоне, паклічце на дапамогу іншых, выратавальнікаў. Таму, хто тоне, трэба кінуць выратавальны круг або доўгую вяроўку з вузлом на канцы. Можна падплыць да яго на лодцы або самому, калі добра плаваеце. Наблізіўшыся, абхапіце пацярпелага ззаду за плечы і плывіце з ім назад. Калі ж ён у непрытомнасці, цягніце яго да берага, узяўшы рукою пад падбародак такім чынам, каб твар яго знаходзіўся над паверхняй вады. Неабходна выклікаць хуткую дапамогу і неадкладна прыступіць да аказання першай дапамогі.

Рабіць яе трэба хутка. Калі пацярпелы паспеў наглытацца вады, непрытомны, то найперш трэба выдаліць ваду з яго лёгкіх. Для гэтага кладзём яго жыватом на валік (бервяно) або на калена так, каб галава звешвалася ўніз. Пасля гэтага рэзка націскаем раскрытымі далонямі між лапатак. Паўтараць гэтую працэдуру трэба да таго часу, пакуль з рота пацярпелага не пацячэ вада.

Калі ж пацярпелы пасля гэтага не дыхае, трэба пераходзіць да сардэчна-лёгачнай рэанімацыі: перавярнуць чалавека на спіну і пакласці яго на цвёрдую паверхню. Нос і рот трэба ачысціць ад бруду і ілу. Услед – штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца: два ўдыхі – 30 націсканняў (калі ў гэтай працэдуры ўдзельнічаюць двое). Працягваць гэта да таго часу, пакуль пацярпелы не зможа дыхаць самастойна.

Адпачывайце на вадаёмах бяспечна!

 

***

ЧЫТАЙЦЕ НА 5-Й СТАРОНЦЫ ГАЗЕТЫ:

  • Финансовая грамотность с ОАО «АСБ Беларусбанк»: ЧТО ДЕЛАТЬ В НЕСТАНДАРТНЫХ СИТУАЦИЯХ ДЕРЖАТЕЛЯМ БАНКОВСКИХ ПЛАТЕЖНЫХ КАРТОЧЕК ОАО «АСБ БЕЛАРУСБАНК».
  • ПРОСІМ ПАВЕДАМІЦЬ.


Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *