Што паказала праверка на маторным

Нумары Пракурорскі нагляд

У адпаведнасці з каардынацыйным планам кантрольнай (нагляднай) дзейнасці па Мінскай вобласці пракуратурай Стаўбцоўскага раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і № 3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». Праверана захаванне патрабаванняў заканадаўства па барацьбе з карупцыяй, пры закупках тавараў (работ, паслуг), а таксама заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб філіялам ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы.

Падставай для правядзення праверкі паслужыла неспрыяльная сітуацыя з колькасцю зарэгістраваных на тэрыторыі філіяла ММЗ на працягу 2014 года выпадкаў вытворчага траўматызму, у тым ліку з цяжкімі вынікамі.

У мінулым годзе ў раёне зарэгістравана 17 выпадкаў вытворчага траўматызму, што на тры менш, чым у 2013 годзе. Аднак адзначаны рост вытворчага траўматызму з цяжкімі вынікамі з чатырох (за 2013 год) да шасці (за 2014 год). З агульнай колькасці няшчасных выпадкаў, якія адбыліся на прадпрыемствах раёна, 8 здарылася на тэрыторыі філіяла ММЗ, у тым ліку тры – з цяжкім зыходам.

У ходзе аналізу прычын вытворчага траўматызму ўстаноўлена, што найбольшая іх колькасць адбылася ў выніку парушэння пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, лакальных нарматыўных прававых актаў па ахове працы, невыканання кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы.

Праверка паказала, што парушэнні правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі на філіяле ММЗ па-ранейшаму дапускаюцца. Так, пры рабоце на вышыні выкарыстоўваюцца металічныя і драўляныя лесвіцы, якія не адпавядаюць тэхніцы бяспекі.

Дапускаюцца парушэнні правілаў аховы працы пры эксплуатацыі вытворчага абсталявання. На прэсавым і інструментальных участках, у фарбавальным аддзяленні стэлажы не маюць борцікаў і надпісаў аб гранічна дапушчальнай нагрузцы. На прэсавым участку, у фарбавальным і слясарна-зварачным аддзяленнях не на ўсім абсталяванні часткі, што ўяўляюць небяспеку, і ўнутраныя паверхні агароджанняў, якія адкрываюцца без прымянення інструмента, маюць сігнальныя колеры і пазначаны знакам бяспекі. На вентылятары ўнутрышліфавальнага станка адсутнічаюць крыльчатка і накрыўка.

На тэхнічным участку дапускаецца выкарыстанне станкоў без надпісаў на кнопках кіравання, без ахоўнага агароджання на ланцуговай перадачы і злучальнай муфце электрапрывада кантэйнера. На прэсавым, інструментальным, нарыхтоўчым участках, у фарбавальным, слясарна-зварачным аддзяленнях гальванікі лябёдкі і іншыя пад’ёмна-транспартныя механізмы не маюць адпаведнай афарбоўкі, адсутнічае ахова дыскавай пілы гарызантальна-фрэзернага станка, на фрэзерным станку зона апрацоўкі дэталяў не агароджана ахоўным экранам.

Пры наведванні дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок», які знаходзіцца на балансе філіяла ММЗ, устаноўлены парушэнні правілаў пажарнай бяспекі. Так, работнікамі лагера дапускаецца курэнне на тэрыторыі, спальванне смецця і сухой расліннасці ў лясным масіве ці блізка ад яго. У памяшканні халадзільных установак эксплуатуецца адкрытая размеркавальная каробка. У складскім памяшканні (падвал сталовай) свяцільнік не закрыты ахоўным плафонам, адлегласць ад свяцільнікаў з лямпамі напальвання да гаручых матэрыялаў складае менш за 0,5 метра. Акрамя таго, нягледзячы на размяшчэнне лагера «Церамок» у лясным масіве, мерапрыемствы, якія б перашкаджалі распаўсюджванню пажару, адказнымі асобамі не прадугледжаны, як і распрацоўка мінералізаванай супрацьпажарнай паласы шырынёй не менш за тры метры па перыметры за агароджай з боку ляснога масіву.

Належным чынам не забяспечана захаванасць маёмасці на тэрыторыі кацельні ДАЗ «Церамок». У прыватнасці, тэрыторыя кацельні, нягледзячы на тое, што мяжуе з аднаго боку з лясным масівам, з другога – з полем сельскагаспадарчага прызначэння, па перыметры не абгароджана, вартавой аховай не забяспечана. Знаходзяцца на адкрытай пляцоўцы, належна не ўкрыты дровы для кацельні.

У ходзе праверкі выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб устаноўлена, што ў філіяле ММЗ справаводства па гэтых пытаннях вядзецца. У журнале рэгістрацыі за 2013 год адзначана пяць пісьмовых зваротаў грамадзян, у 2014 – адзін, за першы квартал 2015 года – тры. Разам з тым, нягледзячы на невялікую колькасць зваротаў, выяўлены парушэнні і недахопы пры іх разглядзе. У прыватнасці, спецыялістамі філіяла ММЗ дапускаецца рэгістрацыя і разгляд заяў работнікаў да наймальніка наконт вырашэння таго ці іншага працоўнага пытання (прадастаўленне водпуску, пераводу, звальнення і т. п.). Але гэтыя пытанні рэгламентуюцца Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, сфера дзейнасці Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» для рэгулявання данага віду ўзаемаадносін не распаўсюджваецца. Акрамя таго, у выпадку поўнай ці частковай адмовы ў задавальненні зваротаў парадак абскарджвання данага рашэння заяўнікам не растлумачваецца.

Пры вывучэнні пратаколаў пасяджэнняў камісіі па супрацьдзеянні карупцыі выяўлены факты неналежнага афармлення, а таксама разгляду на пасяджэнні камісіі пытанняў, якія не адносяцца да яе задач. Не праводзілася прадугледжаная адпаведным палажэннем штогадовая частковая замена членаў камісіі па правядзенні закупак тавараў, работ ці паслуг.

Па выніках праверкі пракуратурай раёна ў адрас дырэктара філіяла ММЗ унесены прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў.

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *