«Полымя» – скарбонка ўсмешак

Культура Нумары

14-07-2015-18

Гэты калектыў даўно вядомы ў нашым раёне. Выдатныя акцёры, цудоўны гумар, добрыя пастаноўкі, дэкарацыі і касцюмы – гэта ўсё складнік поспеху народнага тэатра «Полымя». Вось і нядаўна на сцэне раённага Цэнтра культуры тэатр парадаваў гледачоў спектаклем  «Скарбонка ўсмешак» па матывах народнай творчасці. Жыхары нашага раёна мелі выдатную магчымасць атрымаць асалоду ад трапнага гумару і выдатнага выканання мініяцюр, з якіх складаўся спектакль. Я прысутнічала на ім і магу засведчыць, што пастаноўка выклікала шмат эмоцый, пазітыву. І я, уражаная гэтым спектаклем, вырашыла напісаць артыкул пра тэатр з выдатнай назвай – «Полымя».

 Народны тэатр мініяцюр «Полымя», жанравым накірункам якога з’яўляюцца гумарыстычныя мініяцюры, быў створаны ў 1957 годзе Марыяй Канстанцінаўнай Грэсь на базе агітацыйна-мастацкай брыгады Стаўбцоўскага ГДК. Да 1998 г. Марыя Канстанцінаўна была мастацкім кіраўніком і рэжысёрам тэатра, а з 1998 года кіраўніком калектыву з’яўляецца Марыя Нуттэ.

  Марыя Мікалаеўна, пасля заканчэння Мінскага культурна-асветнага вучылішча, працавала дзевяць гадоў у Клецкім раённым Доме культуры інструктарам, метадыстам па рабоце з дзецьмі і падлеткамі, кіраўніком тэатральнага калектыву. Пасля яна стала кіраўніком тэатра «Полымя». Фадзей Крамко так гаворыць пра яе: «Наша сённяшняя кіраўніца – цікавы чалавек, улюбёная ў сваю справу». Наталля Грынкевіч таксама лічыць, што Марыя Мікалаеўна  вельмі вясёлая, цікавая, жыццярадасная, ветлiвая і таленавітая.

 Пад кіраўніцтвам Марыі Нуттэ народны тэатр «Полымя» стаў дыпламантам абласных фестываляў народнай творчасці, паспяхова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і абласных святах працаўнікоў вёскі «Дажынкі», у аглядах і конкурсах мастацкіх калектываў.

М. М. Нуттэ ў сваёй творчай дзейнасці не спыняецца на дасягнутым, імкнецца да адкрыцця новых талентаў. У родны тэатр Марыя Мікалаеўна ўкладвае душу, «Полымя» стаў неад’емнай часткай яе жыцця. Кожны спектакль – гэта плён карпатлівай працы кіраўніка і акцёраў тэатра, каб глядач спаўна мог адчуць і зразумець цудоўны свет народнага мастацтва.

У складзе калектыву – вакальны ансамбль, салісты. Загадчыкам пастановачнай часткі з’яўляецца Уладзімір Сошка, акампаніятарамі – Фадзей Крамко і Сяргей Крамко. У мастацкі савет уваходзяць Наталля Грынкевіч, Людміла Несцярук і Валерый Малухін.

Усяго ўдзельнікаў у тэатры – 13, чый узрост ад 20 да 63 гадоў. Гэта Сяргей Крамко, Фадзей Крамко, Наталля Грынкевіч, Алена Міско, Марыя Манцывода, Арцём Цітко, Паліна Камяк, Вольга Лабун, Дар’я Найдзяновіч, Людміла Пархімовіч, Віталій Ігнаценка. Шмат гадоў пры тэатры працуе вакальны ансамбль «Квецень», рэпертуар якога дапаўняе праграмы тэатра каларытнымі беларускімі песнямі.

 Дар’я Найдзяновіч, удзельніца тэатра «Полымя», так гаворыць аб iм:

– «У гэтым тэатры адбываецца вельмі цікавая творчая праца. Пастаянна новыя эмоцыі, новыя ўражанні. Рэпетыцыі праходзяць вельмі весела. Ты атрымліваеш пазітыў, зараджаешся бадзёрасцю, энергіяй. Дзякуючы тэатру ты можаш пераўвасабляцца, станавіцца іншым чалавекам, прымяраць на сябе нейкія асаблівыя рысы характару. У калектыве пануе вельмі прыязная атмасфера».

Тэмы для выступленняў калектыву падказвае час. Гэта – святы  праваслаўнага і каталіцкага календароў, прафесійныя святы, кірмашы, вечары-абрады. За апошнія тры гады на суд гледачоў прадстаўлены новыя праграмы: «Прыгоды ў купальскую ночку», «Па-суседску жыць – у згодзе быць», «А нам усяго 55», «У госці да прыпеўкі», «Хто кахае па-сапраўднаму», «Смеху варта», » У кожнай хаце сваё кіно», «Як так?», «Прыехала Каляда ў вазочку», «Красавіцкія жартачкі».

Наталля Грынкевіч так пракаменціравала дзейнасць тэатра «Полымя»:

– Спадзяемся, што мы дастаўляем людзям задавальненне ад нашых сустрэч. Мы з усіх сіл стараемся падарыць нашаму гледачу добры настрой, усмешкі – хвіліны, напоўненыя шчасцем і радасцю.

Народны тэатр мініяцюр «Полымя» пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства. Калектыў добра ведаюць і любяць усе жыхары нашага раёна.  Артысты і спяваюць, і танцуюць – сапраўдныя таленты.

Аднак вельмі шкада, што на спектаклі прыходзіць мала народу. Гэта праблема не толькі для тэатра «Полымя», але і для іншых мастацкіх гуртоў. Спадзяемся, што гэтае пытанне абавязкова вырашыцца.

 У 2012 годзе народны тэатр «Полымя» адзначыў сваё 55-годзе. І  гэты ўзрост для тэатральнага калектыву – росквіт творчых сіл. У планах – новыя праграмы і ідэі, а вынікі творчасці калектыву, як і заўсёды, будзе ацэньваць глядач.

Кацярына  ІГНАТОВІЧ, вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы

 

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *