Справы жыццёвыя

Нумары Спорт

Калі спазніліся да пачатку гульні, то, зразумела, карціць хутчэй даведацца, які ж лік. На стадыёне ў Стоўбцах даводзіцца турбаваць іншых гледачоў. Табло, хаця б прымітыўнае, як атрыбут спартыўнага аб’екта, цяпер тут наогул адсутнічае…

А лік на пачатку другога тайма сустрэчы камандаў «Нёман-Агра» і смалявіцкай «СМІ-аўтатранс» быў ужо 3:0 на карысць гасцей. Яны ўдала спынялі нясмелыя наскокі гаспадароў, а самі дзейнічалі хутка, умела. І вынікова. Далей усё ішло па інерцыі. Футбалісты са Смалявіч былі задаволены такім раскладам, а ў нашых не надта атрымлівалася. Каманды яшчэ абмяняліся галамі, і з канчатковым вынікам 4:1 перамогу святкавалі госці.

Прычыну няўдалай гульні нашай каманды дасведчаныя балельшчыкі не ўтойвалі. Адсутнічала некалькі футбалістаў асноўнага саставу. Хлопцы гулялі на вяселлі. Сапраўды, можна толькі парадавацца за маладых людзей, якія ўступілі ў важны сямейны этап жыцця. Каманда аматарская, кожны з яе членаў мае таксама асноўнае месца працы, выхадныя – для спорту.

Але ж трэба зразумець і гледачоў, шчырых прыхільнікаў каманды. Дарэчы, на хісткіх лаўках трыбуны стадыёна «Юнацтва» шмат было моладзі. У спякотны дзень прамянялі адпачынак на пляжы на прагляд футбольнага дзейства і падтрымку спартсменаў. А пайшлі засмучонымі.

Усё больш аддаляецца «Нёман-Агра» ад лідарскіх пазіцый. Пасля дзявятага тура першынства вобласці каманда займае пятае месца. Наперадзе ўсё ж яшчэ доўгі турнірны шлях, адолена пакуль толькі трэцяя частка дыстанцыі.

Сапраўды, футбол, які дэманструе наш калектыў, калі ўсе спрактыкаваныя ігракі на месцы і ў належнай спартыўнай форме, дазваляе спадзявацца на перспектыву. А яна зразумелая. Пастарацца трапіць у прызёры, каб разлічваць на павышэнне ў класе. Бо ўдзельнікі чэмпіянату рэспублікі, у адрозненне ад рэгіянальнага, абласнога турніру, маюць ужо прафесійны ці паўпрафесійны статус. А гэта значыць, што і адказнасць павышаецца. І хіба ж Стаўбцоўшчына з яе моцнымі спартыўнымі традыцыямі не заслугоўвае вартага футбола?

Давайце паглядзім на склад камандаў – сёлетніх сапернікаў стаўбчан. «На вобласці» Смалявічы прадстаўлены па сустнасці другой камандай, бо галоўная задзейнічана ў першай лізе чэмпіянату Беларусі. ФК «Гарадзея» – галоўны клуб Нясвіжчыны – настойліва імкнецца ў вышэйшы дывізіён. У першай і другой лігах рэспубліканскага першынства выступаюць таксама каманды Мінскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага, Уздзенскага, Клецкага, Любанскага раёнаў. З імі нашы паспяхова змагаліся і, спадзяёмся, рэсурс не вычарпаны.

Аднак жа вынікі дзясятага тура, сустрэчы якога прайшлі ў мінулую нядзелю, не даюць падстаў для аптымізму. Стаўбчане зноў прайгралі – з лікам 1:2 камандзе ДЮСШ-4 з Маладзечна.

Ф. ФЯДОТАЎ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *