Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне дзевяць шлюбаў, ніводзін сямейны саюз не скасаваны. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Анастасія Феер, Максім Пляхоўскі, Вікторыя Жыгалковіч, Ева Штумф, Ксенія Міцкевіч, Мілана Грэская, Данііл Ліпніцкі і Аліна Капур.

Зямны шлях закончыўся для 21-го жыхара раёна.

Міліцыяй зарэгістраваны 174 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны 11 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. Абрабаваны дом у Семенчыцах, адкуль вынесены мыйка, балгарка, акумулятар, медныя правады і т. п. Электраінструмента і іншых рэчаў не далічыліся ўладальнікі двух дачных дамоў – у Ругайцы і Кляцішчы. З тэрыторыі, прылеглай да дома па вуліцы Цвяточнай у Стоўбцах, злодзей выкапаў чатыры туі. На абочыне грунтовай дарогі паблізу Савоняў быў учынены наезд бульдозерам на грамадзяніна, які ляжаў у траве. Пацярпелы ад атрыманых траўмаў памёр на месцы здарэння.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены тры пратаколы ў адносінах да дзвюх жыхарак Баранавічаў і жыхаркі Кляцішча, якія на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Налібацкі» займаліся зборам чарніц забароненым спосабам – з дапамогай «камбайна». Кожнай пагражае штраф да 20 базавых велічынь. Работнікі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса нагадваюць, што з 16-га чэрвеня дзейнічае забарона на ўезд і наведванне грамадзянамі лясных масіваў і тарфянікаў. На парушальнікаў накладаецца штраф да 25-ці базавых велічынь (да 4 500 000 рублёў) і прадугледжана спагнанне нанесеных страт.

Пракуратурай раёна ўстаноўлена, што на 01.06.2015 дапушчана нясвоечасовая выплата заработнай платы ў рамонтна-будаўнічым упраўленні, ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Вішнявецкі-агра» і ААТ «Шашкі». У адносінах да дырэктара ААТ «Шашкі» складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны ў суд для разгляду. Дырэктару ААТ «Радзіма Дзяржынскага» аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне (ён знаходзіцца на гэтай пасадзе з 10.04.2015). У міжраённую інспекцыю працы накіравана даручэнне аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да службовых асоб РБУ і ААТ «Вішнявецкі-агра» – ужо вядзецца адміністрацыйны працэс у адносінах да іх кіраўнікоў, як фізічнай, так і юрыдычнай асобы.

Суд асудзіў да арышту тэрмінам на адзін месяц 30-гадовага стаўбчаніна, які ўхіляўся ад выплаты штрафу, прызначанага прыгаворам суда. На 1,5 года абмежаваны ў волі 20-гадовы жыхар г. п. Мір, які, будучы ў Тулёнцы, пагражаў забойствам сваёй жонцы.

ДАІ выявіла 260 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – сем нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх, вадзіцель аграпрамэнерга, на дзяржаўным аўтамабілі «ВАЗ-21723» учыніў аварыю паблізу вёскі Дразды) і 15 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 40 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана дзевяць дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. З 10-га ліпеня па 24-га жніўня праходзіць прафілактычная акцыя – «Бяспечныя канікулы».  

«Хуткая» выязджала да хворых 190 разоў, у тым ліку тры сігналы паступілі наконт асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ     



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *