Каб Стаўбцоўшчына была прыгожай

Добраўпарадкаванне Нумары

17-07-2015-7

ШТО БУДЗЕ З «МЕККАЙ» НА НЁМАНЕ», АБО ЯК ВЫРАШАЮЦЬ СМЕЦЦЕВУЮ ПРАБЛЕМУ НА АДНЫМ З ПАПУЛЯРНЫХ МЕСЦАЎ МАСАВАГА АДПАЧЫНКУ НА ВАДЗЕ

У разгар сезона адпачынку не застаюцца без пільнай увагі зоны масавага адпачынку на вадзе на тэрыторыі раёна. Надвор’е дазваляе, таму паўсюдна пляжы запатрабаваны адпачываючымі. Сёлета дзякуючы настойлівай пазіцыі раённага выканаўчага камітэта суб’ектамі гаспадарання, якія замацаваны за зонамі адпачынку, шмат чаго зроблена для камфортнага і бяспечнага знаходжання людзей. Да прыкладу, устаноўлены лавачкі і ценявыя навесы, кабіны для пераапранання і туалеты, кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў і ўрны. Інфармацыйныя стэнды ўтрымліваюць неабходную інфармацыю аб правілах паводзін на вадзе, аказанні першай медыцынскай дапамогі, прафілактыцы правапарушэнняў і адміністрацыйнай адказнасці, заклікі да санітарнай чысціні і зберажэння прыроды. Спецыяльнымі таблічкамі абазначаны месцы для купання (іх акваторыя была праверана і ачышчана вадалазнымі службамі). Вызначаны і асобныя месцы для курэння. На пляжах у рысе горада працуюць выратавальныя пасты АСВОД. Дарэчы, на пляжы на рацэ Нёман матросам-выратавальнікам Іосіфам Грыгарцэвічам быў выратаваны шасцігадовы хлопчык, які адпачываў на рацэ разам з мамай і малодшым братам.

Прадстаўнікамі санітарнай службы раёна сумесна з раённай арганізацыяй АСВОД нядаўна наведаны з рэйдавымі праверкамі пляжы раёна. Праведзены маніторынг паказаў, што карціна не ўсюды аднолькавая. Пра парадак можна гаварыць адносна пляжаў на гарадскім возеры, турбазе «Высокі бераг», у Горках, Падгорнай. Аднак гэта пакуль не характэрна для гарадскога пляжа на рацэ Нёман. Камунальнікамі нясвоечасова вядзецца яго абкошванне, уборка дробнага бытавога смецця. У сувязі з гэтым санітарнай службай падрыхтавана інфармацыя ў раённы выканаўчы камітэт, а таксама дырэктару аб’яднання камунальных службаў для прыняцця мер дысцыплінарнага ўздзеяння на работнікаў, якія нядобрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі.

Меры адміністрацыйнай адказнасці ўжо прыменены ў дачыненні да прадстаўнікоў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса, за якім замацавана зона масавага адпачынку ў раёне дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок». На момант праверкі пад спякотлівым сонцам стаялі перапоўненыя кантэйнеры, абапал іх валяліся кучы смецця, здалёку непрыемна нагадвалі пра сябе брудныя туалеты…

– У нас заключаны дагавор з аб’яднаннем камунальных службаў на вываз цвёрдых бытавых адходаў. У панядзелак, пасля выхадных, робім заяўку на вываз смецця. Прыбіраць прыходзіцца і нашым работнікам, – тлумачыць намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.

Варта сказаць, што гэтая зона адпачынку была замацавана за лясгасам толькі сёлета. І за такі кароткі перыяд лесаводамі зроблена шмат па яе добраўпарадкаванні. Раней тут не было, а цяпер з’явіліся розныя дэкаратыўныя навесы, альтанкі, куточкі для гутарак. Затрачаны немалыя сродкі і сілы. Аднак не ўсе адпачываючыя адносяцца да гэтай інфраструктуры беражліва, з удзячнасцю. Сустракаюцца нявыхаваныя карыстальнікі і нават дзікуны-варвары. Смецяць уздоўж берага і акурат там, дзе сядзяць, пакідаюць смецце каля навесаў, куды прыходзяць іншыя і дзе любяць бавіць час дзеці… Ужо «павалены» стойкі, якія служылі варотамі для аматараў футбола… Разбіта шыльда «Месца для купання»… Інфармацыйны стэнд стаіць пусты… А што будзе наступным?..

На жаль, вакол зоны масавага адпачынку на вадзе ў раёне дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок» сапраўды застаецца шмат пытанняў. Месца тут цудоўнае, вядомае і, разам са зручным даездам і адноснай блізкасцю ад электрычкі (многія турысты-палатачнікі, выйшаўшы ў Стоўбцах, прыходзяць сюды пехатою), – сапраўдная «мекка» (гістарычна – месца паломніцтва вернікаў) на Нёмане. У выхадныя тут назіраецца не інакш як турысцкае паломніцтва. Не злічыць машын з рэгістрацыйныі нумарамі самых розных рэгіёнаў Беларусі (пераважна – сёмага, сталічнага), палатачных гарадкоў і людзей, многія з якіх, заўважу, прыязджаюць з начоўкай. Нярэдка на раздольнай лугавіне праходзяць турыстычныя злёты, і тады месца пад сонцам, асабліва для мясцовых, якія «заскокваюць» на Нёман на нейкую гадзіну, увогуле абмежавана. Асмелюся меркаваць, што гэтай парой такога наплыву адпачываючых не мае ні адзін з двух пляжаў непасрэдна ў Стоўбцах.               

Вынікі падобнага бурнага і масавага адпачынку – антысанітарыя, якая не можа не выклікаць трывогу не толькі ў санітарнай службы, а і ў звычайных грамадзян, якія хочуць адпачываць сярод чыстай, не забруджанай, прыроды. Зразумела, у даным выпадку ўстаноўленыя два кантэйнеры, якіх традыцыйна дастаткова для звычайнага мясцовага пляжа, – гэта нішто. І вываз адходаў раз на тыдзень ці нават некалькі, пасля тэлефоннага званка, – гэта не той падыход, які можа забяспечыць жаданы вынік. Лесаводам сёння, падчас пажаранебяспечнага перыяду, не да таго, каб трымаць на замацаванай зоне адпачынку  свайго работніка і «маніторыць» сітуацыю штодзень.

З улікам гэтага, на маю думку, выйсцем можа быць уключэнне гэтай зоны масавага адпачынку на вадзе (у сезон актыўнага адпачынку) у пастаянны штодзённы маршрут спецтэхнікі аб’яднання камунальных службаў. Прымяненне спецтэхнікі гарантуе своечасовую ачыстку і кантэйнераў, і туалетаў. Калі будзе сістэмны падыход – будзе і парадак. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: гарадское возера – чыстае месца адпачынку; многіх вабіць блізкі Нёман; такім пакідаюць турысты пляж паблізу аздараўленчага лагера «Церамок».

Фота аўтара  

 

БЕЗ АДХОДАЎ

Нарыхтоўчы аддзел райспажыўтаварыства мае дадатковыя абавязкі па прыёме другаснай сыравіны ад арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якіх абавязала аб нарыхтоўцы другаснай сыравіны адпаведнае рашэнне райвыканкама.

Нарыхтоўчы аддзел мае свой, дастаткова напружаны, план па нарыхтоўцы гэтага віду прадукцыі. Пасля сарціроўкі і ўпакоўкі макулатура адпраўляецца на Слонімскую кардонную фабрыку, шклабой і рыззё – на перапрацоўчыя прадпрыемствы Мінска.

Начальнік нарыхтоўчага аддзела Ірына Тулейка не стала выдзяляць самых актыўных здатчыкаў другаснай сыравіны, адзначыла што ўсе арганізацыі і прадпрыемствы стараюцца выканаць даведзеныя ім заданні.

 

ЗНЕСЛІ НЕПРЫГОДНЫЯ

У ААТ «Шашкі» актыўна выконваецца заданне па зносе непрыгодных для эксплуатацыі вытворчых пабудоў. А іменна, разабрана пяць былых аб’ектаў: жывёлагадоўчае памяшканне свінафермы і складское памяшканне ў Ругайцы, сенасховішча і канюшня ў Караліне, збожжасклад у Шашках. Дапамогу спецтэхнікай сельгаставарыству аказала ДУП «ПМК-233».

Як расказвае дырэктар таварыства Валерый Ільюшэнка, пляцоўкі, на якіх стаялі пабудовы, добраўпарадкаваны. Усе прыгодныя для выкарыстання будаўнічыя матэрыялы пайшлі ў справу. Яны спатрэбіліся як на новабудоўлях, так і для рэканструкцыі і рамонту дзеючых памяшканняў. У прыватнасці, арматура  – для крапяжу жалезабетонных пліт новых сянажных траншэй. Кроквы, шыфер, скобы пайшлі на рэканструкцыю «бычніка» на МТФ «Дудкі».  Брус – на каркасы індывідуальных домікаў для цялят. Бярвенні парэзалі на слупы для выгульнага двара, жэрдкамі адгародзяць  загон для жывёлы. Цэглай абкладуць жалезныя трубы дымаходаў на фермах. Нямала будматэрыялаў завезена на тэрыторыю склада для далейшага іх выкарыстання па прызначэнні. Дарэчы, будаўнічы бой вывезлі для ўмацавання пляцоўкі пад новы «клюшачнік».

Пр

 

САМ САБЕ «ПАЛІЦЭЙСКІ»

У адзін з суботніх вечароў на вуліцы ў Малых Навіках нечакана сабралася паўвёскі. Здарылася дагэтуль нябачанае, так бы мовіць, прэцэдэнт на ўсё наваколле.

Адзін з так званых «дачнікаў» за некалькі гадзін перакапаў ушыр вясковую вуліцу. Яна і сама па сабе нешырокая – як раз’ехацца дзвюм легкавым машынам, – а тут яшчэ і штучная перашкода з’явілася. Накшталт «спячага паліцэйскага». Адразу падумалася, што гаспадар сабраўся падводзіць газ ці водаправод і таму так старанна, нібыта крот, падрывае дол на грамадскай тэрыторыі.

Ужо пачынала цямнець, калі старшаму ўчастковаму інспектару райаддзела міліцыі Паўлу Карніцкаму паступіла паведамленне ад дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы выехаць на месца здарэння. Участковы працаваў у складзе рэйдавай групы, якая наведвала нядобранадзейныя сем’і раёна і якраз знаходзілася непадалёку – у Ціханавай Слабадзе.

Сапраўды, ля аднаго з дамоў цягнецца перакапаны «шнурок». Перагароджвае дарогу. Зазяваўся – і ўвалішся. Службовы аўтамабіль рухаўся на малой хуткасці, але прасеў у каляіне. А калі ў цемнаце ўскочыла б у яе кола ровара?..

За самаўпраўства ўчастковы склаў на капальшчыка пратакол. А пакуль запісваў тлумачэнні, «спячы паліцэйскі» быў ліквідаваны вінаватымі. Пад парады вяскоўцаў. Праіснаваў ён, дзякуючы аператыўнаму паведамленню ў міліцыю, усяго некалькі гадзін.

«Вясёлая ў вас вёска!» – не ўтрымалася ад кампліменту вяскоўцам.

– Ды спакойная ў нас вёска, – з ахвотай адгукнуліся яны. – Даўно міліцыі ў нас не было.

Каб пацвердзіць свой добразычлівы і памяркоўны  нораў на прыкладзе гэтай сітуацыі, тлумачылі: «Падыходзілі да капальніка, прасілі: «Кідай займацца глупствам!» Аднак ён толькі шпарчэй замахаў рыдлёўкай…»  

Дзівак-чалавек… Гэта я пра дачніка-капальшчыка. Нехта наехаў ягонаму тузіку на лапу, вось ён і прыдумаў пакласці каля дома «спячага паліцэйскага». Маўляў, каб прымусіць кіроўцаў збаўляць хуткасць перад яго дваром.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ                      

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *