Паслугі

Нумары Факты, падзеi, людзi

17-07-2015-8

ПРА ВІРТУАЛЬНЫ МАГАЗІН І «ЗАКАДЗІРАВАНЫЯ» ПІСЬМЫ

Сучасная пошта развіваецца імкліва, разам з новымі тэхналогіямі і запытамі сваіх кліентаў. Развіццю дзвюх навейшых паслуг – інтэрнэт-магазіна і паслугі «Па дарозе» – была прысвечана прэс-канферэнцыя, арганізаваная кіраўніцтвам Мінскага філіяла РУП «Белпошта» з рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі.

Прэзентавала новыя паслугі намеснік дырэктара Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Алена Ішчук. Яна заўважыла:

– Паштовы інтэрнэт-магазін shop.belpost.by – гэта новы амбіцыйны праект, першы інтэрнэт-магазін айчынных тавараў, арганізаваны на нашым сайце. У віртуальным магазіне прадстаўлена больш за тысячу беларускіх вытворцаў і каля чатырох тысяч найменняў самых розных тавараў (для дзяцей, мужчын і жанчын, усёй сям’і, для вядзення гаспадаркі). Сярод іх мы прапануем і тавары паштовыя: віншавальныя паштоўкі, маркі, паштовыя карткі і т. п. Можна ажыццявіць заказ тавару, які вам спадабаўся, і атрымаць яго акурат каля дзвярэй сваёй кватэры. Кошт перасылкі тавару  – невысокі і не залежыць ад вагі. Акрамя таго, можна атрымаць бонус: перасылка заказу на суму, большую за 300 000 рублёў, ажыццяўляецца бясплатна.              

У ходзе размовы высвятляецца, што многія работнікі Мінскага філіяла актыўна карыстаюцца паслугамі інтэрнэт-магазіна і, адпаведна, набываюць беларускія тавары. «Ёсць тавары, якім пакуль няма аналагаў на рынку», – прызнаюцца яны. У інтэрнэт-магазіне можа размясціць інфармацыю аб сваім тавары любы вытворца рэспублікі, буйны або малавядомы, прычым – на бясплатнай аснове. Не бярэцца перадаплата і з заказчыка – разлік адбываецца пры ўручэнні заказу. Зручнасць такой пакупкі – відавочная, а пра яе выгаднасць скажа тое, што цана на тавар фарміруецца з аптовай цаны вытворцы і мінімальнай гандлёвай надбаўкі. Для павышэння пакупніцкага попыту распаўсюджана сістэма скідак. Асноўнай праблемай на даны момант з’яўляецца негатоўнасць некаторых нашых вытворцаў выконваць заказ сёння на сёння ці сёння на заўтра, з-за чаго павялічваюцца тэрміны яго дастаўкі. Дарэчы, як падкрэсліла Алена Ішчук, на сайце ёсць схема для адсочвання шляху заказу ўсцяж да заказчыка.

Ад таго, што паштовы транспарт курсіруе па ўсіх рэгіёнах рэспублікі, «нарадзілася» паслуга «Па дарозе». Яна гарантуе хуткую перавозку грузаў ці таварных укладанняў з аднаго населенага пункта ў другі па цане, меншай за кошт паштовага адпраўлення. Груба кажучы, з паштовай машынай можна перадаць сёння сваім знаёмым або дзецям у горад вядро клубніц. І не накладна выходзіць, і, што называецца, без клопату.

– Нашы паштовыя машыны курсіруюць кожны дзень, з аўторка па суботу, а патрабаванні да ўпакоўкі перадачы мінімальна спрошчаныя. Яна такая, якую адпраўшчык палічыць дапушчальнай, – падкрэслівае перавагі Алена Ішчук.

Пасля прэзентацыі паслуг-навінак для журналістаў была наладжана экскурсія ў цэх пісьмовай карэспандэнцыі вытворчасці «Мінская пошта», каб пазнаёміць з работай сучаснага пісьмасартавальнага абсталявання. Прадукцыйнасць яго сапраўды ўражвае – сарціроўка да 45 тысяч пісьмаў у гадзіну. Аднак для такой разумнай машыны вельмі важна, каб на канверце быў правільна ўказаны адрас, разборлівым почыркам. Машына счытвае назву населенага пункта, а калі такіх «імён» сустракаецца шмат – арыентуецца на назву райцэнтра, паштовы індэкс. Калі неабходныя даныя ўказаны не поўнасцю або разабраць напісанае цяжка, пісьмо блукае па іншых цэхах, дзе работнікі пошты імкнуцца расшыфраваць «закадзіраваны» адрас.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ     

НА ЗДЫМКУ: на вытворчасці «Мінская пошта» сучаснай машынай сарціруецца да 45 тысяч пісьмаў у гадзіну .

Фота аўтара

 

ТЭЛЕФОННЫЯ НУМАРЫ З «СЯМЁРКІ»

Больш за дзве тысячы тэлефонных нумароў абанентаў раёна ўжо пачынаюцца з «сямёркі», а да канца бягучага года дабавіцца яшчэ каля 1,5 тысячы такіх нумароў.

Дзякуючы работнікам вузла электрасувязі ў дамы жыхароў Стаўбцоўшчыны актыўна прыходзяць новыя тэхналогіі.

– Ідзе замена абаненцкіх ліній, пабудаваных у свой час на аснове медных кабеляў, на валаконна-аптычныя. Як і паўсюдна па рэспубліцы, укараняем так званыя PON-тэхналогіі, – падкрэслівае начальнік вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі. – Гэтыя работы вядуцца на даны момант у Стоўбцах, у жылым мікрараёне за магазінам «Гаспадарчыя тавары». Яны ахопліваюць шматпавярховыя дамы па вуліцах Свярдлова і Цэнтральнай, часткова – па Ленінскай. У перспектыве гэтая тэхналогія закране шматпавярховую забудову не толькі горада, а і буйных населеных пунктаў раёна.  

Акрамя таго, згодна з планам ажыццяўляецца выключэнне апошняй у райцэнтры каардынатнай станцыі і перавод яе абанентаў на IMS-платформу, адзіную для рэспублікі, з дапамогай якой забяспечваецца высокая якасць сувязі і шырокі спектр сучасных паслуг. Плануецца расшырэнне станцыі F-50/1000, ёмістасць якой дасягне тысячы тэлефонных нумароў.

Цяпер на Стаўбцоўшчыне налічваецца больш за 19 тысяч тэлефонных абанентаў. І масавыя змяненні на гэтым напрамку – і колькасныя, і якасныя, – будуць працягвацца, асабліва ў сельскай мясцовасці. Так, на наступны год намечана замена састарэлых тэлефонных станцый і каардынатна-камутацыйнага абсталявання ў Тонаве і Мархачоўшчыне. Абаненты гэтых населеных пунктаў таксама будуць пераключаны на  IMS-платформу. У Прудах будзе будавацца ў 2016 годзе вузел сеткі перадачы даных, які дазволіць жыхарам гэтай і суседніх населеных пунктаў быць з высокахуткасным інтэрнэтам.

– Усе гэтыя аб’екты будуць узводзіцца ў тым ліку з пашырэннем абаненцкай сеткі, для чаго будуць дадаткова пракладвацца кабелі сувязі, – адзначае Міхаіл Касабуцкі.

– Міхаіл Іванавіч, якія праекты можна назваць прарыўнымі, унікальнымі для нашага раёна?

– 2015-2016 гады – перыяд, калі ў Мінскай вобласці рэалізуецца праграма «Электронная школа», у сувязі з чым вядзецца пракладка да гарадскіх школ валаконна-аптычных ліній сувязі. У ліку першых  і школа № 2 г. Стоўбцы. Гэта сумесны пілотны праект РУП «Белтэлекам» і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе стварыць платформу для ўкаранення ў школе электроннага дакументаабарота, электронных падручнікаў, прадстаўленне сэрвісу «Электронны класны журнал – дзённік школьніка» і нават арганізаваць, пры жаданні кіраўніцтва школы, дыстанцыйнае навучанне школьнікаў, відэаназіранне і т. п. Хуткасць інтэрнэту – да 100 Мбіт/с – дае магчымасць усё гэта рэалізаваць. Згодна з праграмай «Электронная школа», да новага навучальнага года валаконна-аптычныя лініі сувязі будуць пракладзены і да школы № 3 г. Стоўбцы.

Хочацца сказаць і пра ўкараненне такой цікавай паслугі, як «Відэаканферэнцсувязь». Сярод яе карыстальнікаў ужо і 15 сельгасарганізацый раёна. Праз інтэрнэт яны бяруць удзел у віртуальных нарадах з органамі мясцовай улады, што істотна эканоміць і рабочы час, і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы. Па тэмпах укаранення гэтай паслугі ўнутры свайго раёна мы – у ліку першых у Мінскай вобласці. А ў цэлым актыўна карыстаюцца гэтай паслугай розныя суб’екты гаспадарання – аўтапарк № 17, Навасвержанскі лесазавод, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, якія такім аператыўным чынам кантактуюць са сваімі вышэйстаячымі арганізацыямі, ведамаснымі структурамі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *