Працавітыя, шчырыя людзі Раёўшчыны

Нумары Соцыум

17-07-2015-10

Добрая традыцыя

Стаўбцоўшчыны –

Ладзіць адмыслова святы вёсак.

І ад рэю, што вяла Раёўшчына,

Радасны ўспамін і адгалосак.

Каля весніц столікі пад ліпамі

І музыкаў звонкае ігранне.

У гарачы дзень суботні ліпеня

Гаспадары, прымайце віншаванні!

Слаўна вы да свята пастараліся,

Кажуць, рыхтаваліся з паўгода.

Дружна і старанна прыбіраліся.

І ў кожнага святочная нагода.

Жыхары вёскі раёўшчына сваё свята, можна сказаць, стварылі самі. Як вядзецца, навялі ўзорны парадак на сядзібах. Адзначым, што і гаспадарка – ААТ «Жацерава» – зрабіла свой важкі ўзнёсак. Так, сельгаспрадпрыемства парупілася аб новай агароджы для даволі значнай колькасці двароў.

І вось яна, сонечная раніца, для ўсёй вёскі святочная. І вяскоўцы, і госці збіраюцца ля дома Ярмакоў, пачатковага па цэнтральнай вуліцы, якая носіць імя Гагарына. Урачыстае ўручэнне хлеба-солі і словы вітання: «Блаславёны маленькі куточак роднай бацькоўскай зямлі на вялікай планеце, які называецца Радзімай. Зямля была і ёсць для нас усё: калыска, хлеб, песня, любоў. Вёска Раёўшчына для яе жыхароў таксама стала роднай і непаўторнай. Тут жывуць і працуюць прыгожыя, добрыя людзі». Пранікнёны голас вядучай свята Алены Гоцкай, і гучыць песня ў выкананні народнага мастацкага калектыву «Дольніца». Дарэчы, творчы гурт Горкаўскага Дома культуры хораша аздабляў усё дзейства.

З самага пачатку павіншавалі Ганну Піліпаўну і Васіля Іванавіча Ярмакоў з 55-годдзем сумеснага жыцця. 60 гадоў дзеляць разам і радасці, і нягоды Ганна Фёдараўна і Генадзій Аляксандравіч Сень. Залаты юбілей у Галіны Іванаўны і Івана Францавіча Даманеўскіх. І што можа быць больш прыемным, чым сардэчныя віншаванні, якія дасылаюць не толькі дзеці, унукі, усе родзічы, але і суседзі, аднавяскоўцы, госці, якія прыехалі са шчырымі пачуццямі на свята! Добрыя словы, песні прагучалі і для маладзейшых – Ганны Пятроўны і Аляксандра Аляксандравіча Лапкоўскіх, якія жывуць разам 45 гадоў, Марыі Іванаўны і Аляксандра Аляксандравіча Паўлавых, шлюбны саюз, якіх звязвае 35 гадоў. Зноў жа ўслухаемся, што кажуць вядучыя: «Сёння ў нашай вёсцы свята. І ўсё, што звязана з ім – гэта госці, віншаванні, кветкі, падарункі, паветраныя шары і цудоўныя словы».

Раёўшчына – радасны рай,

Пчолы раяцца…

Ці проста свой родны край,

Дзе ўсё здабываецца працай.

Працай сумленнай людзей,

Шчырым стараннем

Кожны напоўнены дзень

Ад самага рання.

Згадкі, адкуль паходзіць назва вёскі Раёўшчына, прагучалі каля сядзібы Ляўданскіх. Уладзімір Пятровіч Ляўданскі 47 гадоў жыцця аддаў калектыўнай гаспадарцы, быў брыгадзірам механізаванага звяна, якое вырошчвала рэкордныя ўраджаі бульбы. А яго палавінка Ніна Пятроўна 38 гадоў рупілася ў бухгалтэрыі.

Сапраўды, працавітыя, сціплыя людзі, са шчырай працай якіх багацеў і прыгажэў наш родны кут. Вераніка Іосіфаўна Дзярнейка выходзіла ў лідары ўсесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва жывёлаводаў, адзначана залатым медалём Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Антаніна Іванаўна Міцюля ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, яе стаж працы ў жывёлагадоўлі склаў 36 гадоў.

50 гадоў адпрацавала ў гаспадарцы Ванда Антонаўна Лук’янчык, з іх больш за 40 – жывёлаводам. Генадзь Аляксандравіч і Ганна Фёдараўна Сень, Мікалай Іванавіч Меляшкевіч, Алена Лявонцьеўна Клімовіч – усіх гэтых заслужаных працаўнікоў сяла ўшаноўвалі на свяце Раёўшчыны.

Урачыстасць доўжылася на імправізаванай сцэне пад адкрытым небам. І не толькі хлебаробы, жывёлаводы, а і педагогі, работнікі культуры, здатныя прадстаўнікі іншых прафесій пачулі добрыя словы, песні ў іх гонар, атрымалі падарункі. Вяскоўцаў віншавалі, выказвалі словы падзякі старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Р. Казякоўскі, старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Н. І. Гурыновіч, намеснік дырэктара ААТ «Жацерава» Л. М. Калішэвіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. В. Юрчык і іншыя. Шчыра ўсе апладзіравалі М. І. Карніцкаму. 30 гадоў узначальваў Мар’ян Іосіфавіч калгас «Чырвоны сцяг», плённы яго ўклад у развіццё гаспадаркі, сацыяльныя пераўтварэнні ў вёсцы.

А пачалася гэтая заключная частка свята хвілінай маўчання, прысвечанай памяці землякоў, якія аддалі свае жыцці за мір і свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У памяці і даты, і падзеі.

І няхай імклівы час бяжыць.

Радуе, што вёска маладзее,

Значыць, ёй квітнець

 і ў шчасці жыць.

Сапраўды, летняй парой вёска асабліва звініць маладымі галасамі. Прыязджаюць дзеці, унукі. Разумныя, здатныя, як і Віка Беладзед, якую вы бачыце на здымку ў прыгожым танцы.

Але размова і пра іншае, пра тое, ці ёсць у вёскі перспектыва. Вытворчасць, размешчаная тут жывёлагадоўчая ферма патрабуе маладых рук. І на свяце называліся рупліўцы, такія, як Ларыса Вяргейчык і Людміла Грамыка. Папаўняецца механізатарская гвардыя ААТ «Жацерава». Маладыя спецыялісты прыходзяць у суседнія Горкаўскую сярэднюю школу, дзіцячы сад, іншыя ўстановы.

А самым знакавым для перспектывы з’яўляецца відавочнае: Раёўшчына будуецца. Узводзіцца пяць дамоў па Прэзідэнцкай праграме развіцця вёскі, з рыштаванняў падымаюцца і прыватныя новабудоўлі. Вось на такой, у тон настрою свята, ноце закончым наш расказ.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *