З новым хлебам!

Нумары Сельская гаспадарка

ЖНІВО СТАРТАВАЛА

Першымі ў раёне ў мінулую нядзелю пачалі ўборку збожжавых хлебаробы ААТ «Жацерава». Вопытныя камбайнеры Ігар Рокаш і Аляксандр Ганчарэнка вывелі свае машыны на палеткі азімай пшаніцы. Першыя гектары паказалі, што ўраджайнасць гэтай культуры ў гаспадарцы вагаецца ў межах 50 цэнтнераў з гектара.

– Ураджай на корані стаіць неблагі, – гаворыць галоўны аграном Іна Атрушкевіч. – Спякотнае і засушлівае надвор’е практычна не паўплывала на збожжавыя. Мы аб’ехалі ўсе ўчасткі і засталіся задаволенымі – колас наліўся. Праўда, сустракаюцца невялікія падгарэлыя плямкі, але гэта не павінна адбіцца на канчатковым выніку і можна спадзявацца на добрыя намалоты. Галоўнае, каб надвор’е было спрыяльным падчас жніва.

Сёлета хлебаробам неабходна ўбраць хлеб на плошчы больш за 1200 гектараў, сярод якіх 850 – азімыя. Варта дадаць, што ў гэтай гаспадарцы з году ў год вырошчваюцца высокія ўраджаі ўсіх сельскагаспадарчых культур. Работнікі таварыства парупіліся і сёлета, своечасова пасеялі збожжавыя, выкарыстоўваючы перспектыўныя сарты. Правялі ўсе падкормкі і шчыра даглядалі пасевы.

 

УБІРАЕЦЦА РАПС

На мінулым тыдні прыступілі да ўборкі азімага рапсу тры сельгаставарыствы – «Радзіма Якуба Коласа», «Жацерава» і «Вішнявецкі-агра». Убрана нямнога і не самыя лепшыя ўчасткі, таму ўраджайнасць павінна падрасці. А вышэйшую пакуль атрымліваюць на радзіме Коласа – намалочваюць каля 30 цэнтнераў масланасення з гектара. Як расказвае галоўны аграном Аляксей Чандакоў, высявалі беларускі сорт «праметэй», строга прытрымліваліся тэхналогіі вырошчвання. Заняты на гэтай рабоце вопытныя камбайнеры Іван Ажгірэвіч, Генадзь Янскі, Юрый Масель і Уладзімір Пявец. На жацераўскіх палетках шчыруе студэнт БГАТУ, стыпендыят таварыства Сяргей Амельчыц, на вішнявецкіх – Віталій Шода і Аляксандр Якімовіч.

 

МЕСЦА ПРАПІСКІ – МЕХДВОР

У ААТ «Вялікі Двор» на сёлетнім жніве будуць задзейнічаны восем збожжаўборачных камбайнаў. Мясцовым хлебаробам патрэбна ўбраць ураджай на плошчы 1220 гектараў. Сярод тэхнікі і новы КЗС-1218 айчыннай вытворчасці, які гаспадарка купіла ў лізінг.

Такім чынам зменшылася нагрузка на кожны камбайн, якая  і складае 152 гектары.

 

ЗБОЖЖА ПАСТУПІЦЬ У ЗАСЕКІ

Сёлета сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна паставіць у засекі дзяржавы 13 980 тон збожжа, рапсу і грэчкі. З усёй колькасці дзяржзаказу Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства, якое пасля праведзенай рэарганізацыі нядаўна стала філіялам ААТ «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў», прыме  2700 тон жыта, 3100 – пшаніцы , 80 – грэчкі і 50 – аўса.

– Мы своечасова і належным чынам падрыхтаваліся да прыёму новага ўраджаю, – расказвае дырэктар Мікалай Пуляк. – Камісія, у склад якой увайшлі спецыялісты з дзяржаўнай хлебнай інспекцыі і райсельгасхарча, прыняла склады з высокай адзнакай. Гэтымі днямі да нас паступае трыцікале леташняга ўраджаю, якое завозіцца з Барысава, а ўсяго вытворчыя плошчы дазваляюць захоўваць да 20 тысяч тон збожжа.

Астатнюю колькасць у лік дзяржзаказу гаспадаркі раёна адгрузяць на іншыя хлебапрадпрыемствы. У прыватнасці, 1950 тон харчовага ячменю паставяць на ААТ «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў», тры тысячы тон рапсу, 1600 тон пшаніцы і 50 – грэчкі на ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў». ААТ «Крыніца» і «Белсолад» прымуць адпаведна 2050 і 2400 тон піваварнага ячменю. Як і штогод, сельгаставарыствы заключаюць дагаворы з Хатаўскім спіртовым заводам.

Надзея Баталка

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *