Вынікова для ўсіх бакоў

Нумары Соцыум

16 ліпеня ў Навасвержанскім сельвыканкаме адбыўся прыём грамадзян дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалаем Міхайлавічам Іванчанкам. На прыём прыйшлі ў асноўным мясцовыя жыхары.

Ксёндз Марэк Навасвержанскага касцёла звярнуўся да Мікалая Міхайлавіча з просьбай аказаць садзейнічанне ў добраўпарадкаванні касцёла. Ён расказаў, што ў касцёле ўжо шмат што зроблена і робіцца: ідзе бягучы рамонт унутры касцёла, устаноўлены гадзіннік, падсветка, зроблена дакументацыя на ацяпленне, закуплены трубы і т. п. Але яшчэ патрэбна прывесці ў парадак і знешні выгляд касцёла. Тым больш, што даны культавы аб’ект мае гістарычную каштоўнасць. Сродкі на абнаўленне касцёла выдзелены Біскупам, паступаюць і з-за мяжы, уносяцца ахвяраванні прыхаджан, але іх на ўсе работы не хапае. Таму касцёл просіць дапамогі і ў мясцовых улад, а таксама ў дзяржавы.

Дырэктар Навасвержанскага лесазавода прыйшоў на прыём з набалелай праблемай свайго прадпрыемства – «старыя» даўгі не даюць магчымасці спакойна працаваць прадпрыемству, амаль усё, што зарабляецца лесазаводам, ідзе на выплату крэдытаў, узятых былым кіраўніцтвам лесазавода.

Жыхары дома № 7 па вуліцы Трактарнай у Новым Свержані звярнуліся з просьбай дапамагчы знайсці грошы, якія яны адлічвалі на абслугоўванне дома доўгі час. Справа ў тым, што раней дом знаходзіўся на балансе райсельгастэхнікі, цяпер ён перададзены на абслугоўванне АКС. Дом перадазены, а дах як працякаў, так і працякае. Супрацоўнікі АКС тлумачаць, што на бягучы год даны дом не ўнесены ў спісы капітальнага рамонту, няма фінансавых сродкаў. Напэўна, райаграсэрвіс дом перадаў, а грошы на абслугоўванне забыўся аддаць.

Падводзячы вынікі прыёму грамадзян, Мікалай Міхайлавіч Іванчанка адзначыў: «Асноўная праблема, якую патрэбна вырашаць, – гэта функцыянаванне лесазавода. Сёння лесазавод стабільна працуе. Вельмі многа зроблена кіраўніком завода, але старыя даўгі засталіся. Цяпер уключыўся рэжым, што патрэбна гасіць пазыкі, крэдыты, узятыя раней. Патрэбна выпрацаваць схему, механізм, каб гэтыя даўгі не пацягнулі прадпрыемства на дно. Будзем сумесна з канцэрнам, аблвыканкамам выпрацоўваць рашэнне, каб дапамагчы прадпрыемству.

Пытанне, паднятае жыхарамі вёскі Новы Свержань, ужо вырашана. Грошы на рамонт дома, якія жыхары справядліва імкнуцца знайсці, – знойдзены. Былы ўласнік павінен вярнуць АКС грошы, а апошняя ў сваю чаргу павінна зрабіць рамонт даху.

Зварот мясцовага ксяндза аб прывядзенні ў парадак культавых аб’ектаў актуальны. Гэтае пытанне патрэбна вырашаць сумесна з айцом Сергіем, бо царква і касцёл знаходзяцца побач, на адной плошчы. Гэтыя культавыя аб’екты павінны набыць прыгожы эстэтычны выгляд, гэта наша, беларуская рэліквія. Сумесна з мясцовымі органамі ўлады, Міністэрствам культуры пастараемся аказаць садзейнічанне ў добраўпарадкаванні даных мясцовых культавых аб’ектаў».

Таксама Мікалай Міхайлавіч адзначыў, што работа і парламента, і Урада накіравана на тое, каб навучыцца правільна працаваць у новых эканамічных умовах. «Галоўная задача – знізіць затраты, у нас прадукцыя яшчэ не эфектыўна выкарыстоўваецца, яна даволі дарагая. Навучымся эканоміць – прадукцыя стане таннейшай. Патрэбна павышаць і якасць гэтай прадукцыі. Задача ранейшая – навучыцца лепш гаспадарыць. Гэта тычыцца ўсіх: як рабочага, так і кіраўніка, працаваць у тандэме. У гэтым сутнасць нашай паспяховай работы. Спадзяюся, што і заканадаўчая ўлада знойдзе аптымальныя рашэнні праблем».

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота аўтара

 

***

ЧЫТАЙЦЕ НА 2-Й СТАРОНЦЫ ГАЗЕТЫ:

“Дагавор з наймальнікам” — аб значэнні калектыўнага дагавору. Артыкул Святланы ЖЫБУЛЬ.

“Пенсія назначаецца ўсім” — аб пенсіённым забеспячэнні расказвае Святлана КАСПЯРОВІЧ, намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсіённага забеспячэння.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *