Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

СПРАВА ДАСПАДОБЫ

Галіна Недзень працуе ў ААТ «Дзераўное» аператарам па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Як адзначыла галоўны заатэхнік Таццяна Кокель, паказчыкі работы ў яе даволі неблагія, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе складаюць звыш 700 грамаў. Яно і зразумела, бо стаж у гэтай прафесіі налічвае амаль чвэрць стагоддзя. Накоплены немалы вопыт. Але Галіна Рыгораўна лічыць, што гэта не самае галоўнае. Для таго каб атрымліваць высокія прывагі, трэба належным чынам карміць і паіць жывёлу, даглядаць яе, своечасова заўважыць хваробу і сказаць аб гэтым ветурачу. Адным словам, неабходна добрасумленна адносіцца да работы.

 Пачынала жанчына працоўную дзейнасць яшчэ тады, калі гаспадарка мела назву саўгас «Хотава». З цягам часу мяняліся шыльды, кіраўнікі, адбылося нават далучэнне да суседняга таварыства. А Галіна Рыгораўна як працавала, так і працуе на адным месцы. Быў невялікі перапынак, але яна неўзабаве зноў улілася ў калектыў. Увайшла ў прывычны рабочы рытм.

– У нас усе цялятніцы здатныя да работы, але Галіна Недзень вылучаецца сярод іншых, – сказала брыгадзір комплексу «Ніўнае» Ірына Панасюк. – У яе і прывагі вышэйшыя, і ніколі не трэба жанчыне гаварыць, што і як зрабіць – добра ведае і старанна выконвае свае абавязкі. Спраўная і ўвішная. Па характары добрая і сціплая, а з такімі людзьмі лёгка працуецца.

Галіна Рыгораўна даглядае 180 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы да шасцімесячнага ўзросту. У даручанай ёй групе толькі бычкі, якіх аператар затым перадае на адкорм. На пытанне, ці шкада аддаваць сваіх гадаванцаў, Галіна Недзень сказала, што іншага не дадзена. А перадае іх з душой, каб прыбывалі ў вазе і не хварэлі. І адразу набірае новую групу.

– Я люблю сваю работу, – сказала Галіна Рыгораўна, і яна мне не надакучыла. Даглядаць жывёлу прывыкла з дзяцінства. Маці мая працавала на ферме даяркай, я пастаянна ёй дапамагала. Падабаецца карміць цялят і сачыць за тым, як яны растуць. Малыя такія ласкавыя і прыгожыя. Як убачаць мяне, то заўсёды бягуць насустрач.

Аднак, нягледзячы на тое, што Галіна Рыгораўна звыклая да нялёгкай сялянскай працы, напрыканцы рабочага дня і яна адчувае стомленасць. Справа ў тым, што механізавана ў памяшканне падаюцца толькі травяныя кармы, а вось малако або яго замяняльнік, прыходзіцца разносіць вёдрамі ўручную. Калі прыкінуць, што кожнаму цяляці паложана тры літры на дзень, то атрымліваецца больш за паўтоны. А яшчэ ж камбікармы трэба раздаць.

– Прывыкла, уцягнулася і не бачу сябе ў іншай прафесіі, – дадала працаўніца. – Умовы работы камфортныя. Рабочы дзень у мяне пачынаецца з васьмі раніцы і завяршаецца ў пяць гадзін вечара, з перапынкам на абед. Бывае, затрымліваемся і пазней, калі трэба правесці бычкам вакцынацыю або пераважыць жывёлу. Але гэта рабочыя моманты. З каляжанкамі ладзім, калі трэба дапамагаем адна адной. І не толькі парадай. Брыгадзір у нас харошы, знаходжу з ёю агульную мову. Ірына Паўлаўна заўсёды прыслухоўваецца да маіх просьбаў.

Галіна Недзень не мясцовая. Нарадзілася і вырасла на Палессі, у Калінкавіцкім раёне. Затым вучылася ў сталіцы на кандытара і пасля заканчэння навучальнай установы была накіравана на працу ў Івянец, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. І вось ужо трыццаць гадоў жыве ў Ніўным. Галіна Рыгораўна шчаслівая маці (мае дваіх дарослых дзяцей) і бабуля. Шчырая і спагадліва жанчына карыстаецца павагай сярод аднавяскоўцаў.

 

ЗАЛОГ ПОСПЕХУ – ПРЫТРЫМЛІВАННЕ ТЭХНАЛОГІІ

На малочнатаварных фермах раёна за паўгоддзе надоена 42351,4 тоны малака, прыбаўка ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года склала 3961,7 тоны. Лідары не змяніліся. Аўтсайдары таксама, калі не ўлічыць, што ААТ «Шашкі» прапусціла наперад у рэйтынгу аталезскіх жывёлаводаў. Гэтае таварыства, а таксама ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і «Рочавічы», дапусцілі зніжэнне валавога надою і працягваюць мінусаваць па надоях малака. Паступова прыбаўляе ў малочных справах «Вішнявецкі-агра», з даволі важкай прыбаўкай – 1129 кілаграмаў.

– Па вытворчасці малака пераважная большасць гаспадарак спрацавала за першае паўгоддзе на ўзроўні, – гаворыць начальнік аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галіна Шуранкова. – Павялічыўся валавы надой. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана па 2650 кілаграмаў малака – плюсуем і па гэтым паказчыку. Але вынікі маглі быць вышэйшымі. Цягнуць раён уніз тры гаспадаркі, якія занялі апошнія месцы ў рэйтынгавай табліцы. Мінус імі не ліквідуецца, а наадварот нарошчваецца. І асабліва ў ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Вялікія пытанні тут і з вядзеннем узнаўленчай работы, – менш атрымана цялят. А ладзяцца справы ў тых гаспадарках, дзе работнікі скрупулёзна і пастаянна прытрымліваюцца правілаў кармлення і ўтрымання жывёлы. І ў першую чаргу гэта нашы маякі – ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Вялікі Двор», «Каганец».

Неабходна гаспадаркам хутчэй вырашаць і такую важную праблему, як недахоп  багатых на бялковыя травы пашаў. Апошнія гады гэтаму не ўдзялялася належная ўвага, а менавіта даная прычына і з’яўляецца адной з першарговых у недаборы прадукцыі ў сезон «вялікага малака». Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў скіроўвае кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на высяванне на пашах новых перспектыўных шматгадовых траў, у прыватнасці, люцэрны, фестулоліуму, донніку, кастрацу. Зараз у гаспадарках актыўна вядзецца перазалужэнне, але пачалі гэта рабіць пазнавата, таму сітуацыю  хутка выправіць не ўдасца. Усяго неабходна, каб на адну галаву жывёлы прыпадала не менш за 45 сотак пажыўных пашаў. І калі мы будзем іх мець, то і малака прыбавіцца, прычым на танных кармах.

У мясных справах у сярэднім па раёне паказчыкі станоўчыя. Вырашчана 3255,9 тоны мяса ялавічыны, што складае 103,7 працэнта да мінулагодняга.  Аднак неабходна павялічваць сярэднясутачныя прывагі, і асабліва  рамонтных цялушак. Гэта тычыцца ў першую чаргу ААТ «Шашкі», «Вішнявецкі-агра» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

 І напрыканцы не лішне будзе паўтарыць для ўсіх, што залог паспяховай работы ў жывёлагадоўлі – строгае прытрымліванне тэхналогіі вытворчасці.

 

СТАРАННЫЯ РАБОТНІКІ

За паўгоддзе ў ААТ «Каганец» вырашчана 198,7 тоны мяса ялавічыны ў жывой вазе, што на 41,3 тоны больш, чым за адпаведны перыяд летась. Пастараліся ў гэтай справе жывёлаводы МТФ «Ячонка», дзе атрымана найбольшая прыбаўка, – плюс 24,6 тоны пры агульным паказчыку 79,9 тоны. Сярод жывёлаводаў тут вылучаюцца Людміла Пікула і Раіса Казацкая, якія атрымалі на вырошчванні рамонтных цялушак сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе ў сярэднім па 703 грамы. Вынік працаўнікоў МТФ «Зарэчча» Іосіфа і Антаніны Часноўскіх, якія даглядаюць маленькіх цялят, перасягнуў 840 грамаў. А ў Таццяны і Мікалая Сярковых з МТФ «Засулле» – кілаграмовыя прывагі. Усе гэтыя жывёлаводы добрасумленна адносяцца да сваіх абавязкаў, выконваюць правілы кармлення і ўтрымання буйной рагатай жывёлы.

 

ПЛЁН НАМАГАННЯЎ ПРУДЧАН

Па-ранейшаму ў лідарах па вытворчасці малака жывёлаводы ТАА «СЖК «Налібакі». На малочнатаварных фермах таварыства надоена 4248,3 тоны малака, што больш мінулагодняга. Па надоях ад каровы першае месца за жывёлаводамі МТФ «Церабейнае». Аператар машыннага даення гэтага вытворчага падраздзялення Святлана Рынкевіч не саступае заваяванай   пазіцыі, прыбавіла ў адносінах да леташняга паказчыка і мае вынік 4 541 кілаграм. Другое месца ў Алены Вялічка з МТФ «Цэнтр» – 4 502 кілаграмы. А найбольшай прыбаўкі дасягнула вопытная Алена Гаптар з МТФ «Пруды» – 279 кілаграмаў пры надоі 4 263 кілаграмы, гэта трэці паказчык. На гэтай ферме самая высокая таварнасць малака – 95 працэнтаў. Прадукцыя адсюль адгружаецца перапрацоўшчыкам толькі вышэйшым гатункам. Тлустасць складае 3,7 працэнта. Брыгадзірам фермы працуе Павел Міхно, кіраўнік з больш як з дваццацігадовым стажам. Жывёлаводы таварыства ўпэўнена набліжаюцца да васьмітысячнага рубяжу. Летась да запаветнай лічбы налібаччанам не хапіла 12 кілаграмаў.

 

РАЎНЕННЕ НА «ЭКСТРУ»

За шэсць месяцаў года на малочныя заводы гаспадаркамі раёна рэалізавана 38770,2 тоны малака ў заліковай вазе. Гатункам «экстра» перапрацоўшчыкамі залічана 7557,9 тоны, што склала 19,5 працэнта ад агульнай колькасці. ААТ «Каганец» адгрузіў найвышэйшым гатункам амаль 80 працэнтаў ад усёй прадукцыі. Другі паказчык у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – 66,8 працэнта, трэці ў ААТ «Жацерава» – 34,2 працэнта. У чэрвені пастаўкі малака «экстрай» зменшыліся. Калі за паўгоддзе, за выключэннем чатырох гаспадарак, астатнія здавалі пэўную колькасць малака самым высокім гатункам, то ў чэрвені пастаўлялі яго толькі шэсць сельгаспрадпрыемстваў. Пры гэтым варта аддаць належнае СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», дзе адгружана за апошні месяц 43 працэнты прадукцыі «экстрай» – другі паказчык сярод сельгаставарыстваў. З ААТ «Вішнявецкі-агра» ў папярэднім месяцы з агульнай колькасці прададзенага малака 187,3 тоны залічана першым гатункам і 16,6 – другім. Самая высокая тлустасць малака ў ААТ «Каганец» – 3,77 працэнта, самая нізкая – у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – 3,39 працэнта.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *