Да ведама

Кантроль, бяспека Нумары

АХОЎНАЯ ЗОНА ЖНІВА

У сувязі з уборачнай кампаніяй і працягам нарыхтоўкі кармоў узнікае неабходнасць работы збожжаўборачных камбайнаў і механізмаў паблізу ліній электраперадач і ў ахоўнай зоне. Гэта гарачы час і для службаў, якія забяспечваюць функцыянаванне зернесушыльнай гаспадаркі.

Інспекцыяй Энерганагляду праведзены абследаванні ўсіх зернесушыльных комплексаў гаспадарак раёна, праведзены інструктажы з механізатарамі і работнікамі збожжатакоў, распаўсюджаны памяткі па электрабяспецы. Як паказалі абследаванні, падрыхтаваны да ўборкі ўраджаю КЗС у ААТ «Жацерава», ААТ «Агранёманскі», ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і іншых. Аднак выдадзены і прадпісанні на ўхіленне выяўленых заўваг.

Асноўнымі недахопамі з’яўляецца адсутнасць электратэхнічнага персаналу (ААТ «Рочавічы», ААТ «Дзераўное»), а таксама выпрабаваных ахоўных сродкаў, надпісаў і знакаў электрабяспекі, ахоўнага шкла на свяцільніках, аховы ад механічных пашкоджанняў на сілавых кабелях. Не ўсюды закрыты на замкі размеркавальныя шафы.

Асаблівай увагі заслугоўвае работа машын і механізмаў у ахоўнай зоне ліній электраперадач. З мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў Энерганагляд нагадвае, што вытворчасць работ на адлегласці бліжэй чым два метры ад правадоў паветранай лініі электраперадач небяспечна для жыцця людзей. Небяспечна набліжацца бліжэй чым на 8 м да абарваных правадоў і правадоў, якія ляжаць на зямлі. У ахоўнай зоне паветраных ліній электраперадач забаронены праезд машын і механізмаў, якія маюць вышыню з грузам або без яго ад паверхні зямлі ці дарогі вышэй за 4,5 м, складзіраваць кармы, салому і іншыя матэрыялы. Забаронены прыпынак і стаянка, рамонт машын і механізмаў у ахоўнай зоне паветраных ліній. 

Перад пачаткам работ на электрыфікаваных машынах і механізмах неабходна праверыць спраўнасць правадоў, кабеля і падключанага электраабсталявання. Пры рабоце перасоўных электрычных машын з кабельным сілкаваннем неабходна сачыць за тым, каб не ўзнікала нацяжэння гібкага сілкуючага кабеля, а таксама не было наездаў на яго машынай.    

Кіраўніцтвам гаспадарак неабходна забяспечыць надзейны тэхнічны стан электраўстановак збожжатакоў і КЗС, не забываць пра інструктажы па электрабяспецы. Пры пашкоджанні паветраных ліній, абрыве правадоў неабходна тэрмінова паведамляць дзяжурнаму электрасетак.

Вадзім ХАЛОПІЦА, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ДЗЯЖУРСТВА НА ХЛЕБНАЙ НІВЕ

Пачынаецца самы адказны этап у рабоце сельскагаспадарчых арганізацый. Ураджай важна не толькі сабраць, а і захаваць. На жаль, на тэрыторыі раёна ўжо ў гэтым годзе меў месца выпадак загарання сенасховішча.

Камбайнеры, машыністы сушыльных комплексаў, вадзіцелі, трактарысты і службовыя асобы, якія прыцягваюцца да ўборачнай кампаніі, павінны прайсці падрыхтоўку па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. Неабходна памятаць, што часовыя палявыя станы можна размяшчаць не бліжэй чым за 100 м ад хлебных масіваў, такоў, сціртаў сена або саломы, а самі пляцоўкі, адведзеныя пад палявыя станы, павінны быць ачышчаны ад іржышча і сухой травы, абвораны паласою шырынёю не менш за 4 м.

Трактары, аўтамабілі і камбайны павінны быць забяспечаны іскрагасільнікамі. Своечасовай ачысткі ад саломістай масы патрабуюць рухомыя дэталі машын. Ажыццяўляць тэхабслугоўванне, рамонт уборачных машын дапускаецца не менш чым за 30 м ад хлебных масіваў. Нельга размяшчаць заправачныя пункты, пляцоўкі для рамонту і стаянкі тэхнікі на тарфяніках. У месцах уборкі павінна быць арганізавана дзяжурства пажарнай аварыйна-выратавальнай або прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі. Пераезд збожжаўборачнай тэхнікі ажыццяўляецца групамі ў суправаджэнні прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі.

Не дапускаецца праводзіць работы з адкрытым агнём на адлегласці бліжэй чым 50 м ад сціртаў сена або саломы. Курэнне дазволена толькі ў спецыяльна прызначаных месцах не бліжэй за 4 м ад тэхнікі і гаручых матэрыялаў.

У памяшканнях, дзе захоўваецца збожжа, не дапускаецца знаходжанне пажаранебяспечных матэрыялаў, тэхнікі і абсталявання, а таксама ўстройства падсобных памяшканняў і рабочых месцаў з пастаянным або кароткатэрміновым знаходжаннем людзей.   

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *