Дзеля дзяцей

Нумары Увага - дзецям

ДА НОВЫХ СУСТРЭЧ!

Зусім нядаўна закончылася другая, самая крэатыўная, цікавая, захапляючая, дружная, патрыятычная, пазнавальная, спартыўная, тэатральная змена ў аздараўленчым лагеры «Нёман». І я адразу хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Гэты лагер знаходзіцца ў маляўнічым месцы. Ён папрыгажэў, аднавіўся да нашага прыезду і расквеціўся ўсмешкамі дзяцей і дарослых. Нас сустрэў добразычлівы калектыў выхавацеляў і кіраўніцтва лагера, якія забяспечылі нам карысны адпачынак.

Наша змена была самая цікавая і даволі адказная. Яна насіла назву «Гісторыя ў нашых сэрцах». Кожны дзень быў тэматычны, да яго правядзення мы рыхтаваліся разам са сваімі выхавацелямі: рупіліся да позняга вечара, афармляючы атрадныя газеты, удзельнічалі ў цікавых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах.

Самым адказным момантам стала падрыхтоўка да Дня Незалежнасці і 71-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны атрад, а іх у нас было шэсць, падрыхтаваў творчы нумар-падарунак. Тут нікога не трэба было ўгаворваць: кожны хацеў паказаць сябе і свой атрад з самага лепшага боку.

А колькі творчага ўмення спатрэбілася праявіць кожнай з сямі дзяўчынак, якія рыхтаваліся да конкурсу «Міс лагера-2015», і пяці хлопчыкам, якія ўдзельнічалі ў конкурсе «Містар лагера-2015». Я, паводле рашэння журы і гледачоў, стала пераможцай гэтага конкурсу, а ў хлопчыкаў перамогу атрымаў Улад Жыгайла. Мы знайшлі  шмат новых сяброў  не толькі ў нашым лагеры, а і ў суседнім – імя Я.  М. Чайкі. З суседзямі мы праводзілі сумесныя спартыўныя спаборніцтвы па футболе. Дарэчы, перамогу атрымала зборная каманда лагера «Нёман», нашых хлопчыкаў віншаваў увесь лагер. Любілі паплаваць і ў суседзяў у басейне. А колькі песень прагучала каля сяброўскіх кастроў! Кожны тут быў не проста назіральнікам, але і актыўным удзельнікам.

18 дзён праляцелі як адзін. І калі прышоў час развітання, на вачах нашых дзяўчынак і хлопчыкаў блішчэлі слёзы, нават  нашы выхавацелі і ўвесь калектыў лагера неяк засумавалі. Я ніколі не забуду сваіх новых сяброў Дар’ю Яўменаву,  Насцю Васільеву, Насцю Качановіч, сваіх выхавацеляў М. В. Пархімовіч, Н. В. Гарэлік, кіраўніцтва лагера Т. В. Ажгірэвіч, К. В. Сергіевіч, спартыўнага кіраўніка Ю. І. Галабурда, нашых павароў, медыцынскіх работнікаў, ахоўнікаў, якія былі з намі кожны дзень.

І таму сёння я не гавару: «Бывай, лагер «Нёман!», а з надзеяй, радасцю і захапленнем мне хочацца вымавіць: «Да новых сустрэч!».

Анастасія Белановіч, вучаніца Навасвержанскай СШ

 

УРОКІ «ЗДАРОВАГА ЛЕТА»

Пад такой назвай у аздараўленчым лагеры «Нёман» прайшла міжведамасная акцыя, накіраваная на прафілактыку залежнасцяў, правапарушэнняў, вострых кішэчных інфекцый, прапаганду здаровага ладу жыцця, а таксама навучанню паводзінам у экстрэмальных сітуацыях. Арганізатарамі акцыі выступілі аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райаддзелы міліцыі і па надзвычайных сітуацыях.  

У рамках акцыі з дзецьмі прайшлі заняткі з элементамі трэнінгу, гульнявы камунікатыўны трэнінг, урокі здароўя і бяспекі, анкетнае апытанне. Валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская правяла круглы стол, адну з тэм якога прапанавала выбраць самім дзецям. Яны захацелі абмеркаваць праблему ўжывання спайсаў.

– Добра тое, што дзеці ведаюць аб шкодзе, якую наносяць спайсы, у тым ліку і для здароўя, – адзначае Ала Шыдлоўская.

 

З ВЕДАННЕМ ПРАВІЛАЎ БЯСПЕКІ

Акцыя «Канікулы без дыму і агню» працягвае крочыць па Стаўбцоўшчыне. Дзяўчынкі і хлопчыкі, якія адпачываюць у аздараўленчых лагерах, з нецярпеннем чакаюць сустрэч з выратавальнікамі. І выратавальнікі не расчароўваюць сваіх юных сяброў.

Як расказала інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей, яны наведалі дзіцячыя аздараўленчыя лагеры «Церамок», «Нёман», імя Я. М. Чайкі. Кожная сустрэча адрозніваецца сваёй праграмай і мае асаблівасці. Так, дзеці з лагера імя Я. М. Чайкі традыцыйна засвойваюць правілы паводзін на вадзе на свяце з Нептуном, «нёманцы» здзіўляюць дакладнымі адказамі на пытанні віктарыны, а жыхары «Церамка» – мініяцюрамі бяспекі.

Дзеці з цікавасцю знаёмяцца з аварыйна-выратавальным інструментам, вывучаюць пажарныя машыны і прымяраюць амуніцыю выратавальнікаў. З вялікім нецярпеннем яны чакаюць завяршальнага этапу сустрэч, аздобленага воднай феерыяй. Калі стаіць спякотнае надвор’е і ўсе імкнуцца да вады, то і пырскі ад «фантанаў» становяцца асвяжальнай забавай.       

Хочацца верыць, што канікулы ў нашых дзяцей будуць па-сапраўднаму вясёлымі, цікавымі і, безумоўна, бяспечнымі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *