Жніво бярэ разбег

Нумары Сельская гаспадарка

Чаканая хлебаробская пара гарачага жніва ўзяла разбег. На каласістыя гоні вывелі ўборачную тэхніку механізатары ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Шосты ўборачны жнівень у вопытнага камбайнера таварыства Юрыя Маселя. Сёлета ўбіраць вырашчаны хлеб яму дапамагае сын Генадзій – аператыўнік мясцовага РАУС. Убраны лепшыя гектары, намалочаны першыя тоны залацістага збожжа, аб чым спяшаецца паведаміць працоўным гаспадаркі дыспетчар Галіна Шпакоўская. Работу тэхнікі аператыўна карэкціруюць галоўны аграном Аляксей Чандакоў і галоўны інжынер Дзмітрый Махіна.

Фотарэпартаж Васіля ЗЯНЬКО

 

АДГРУЖАЮЦЬ РАПС

Сельгаставарыствы раёна масава ўбіраюць азімы рапс. Сярэднераённая ўраджайнасць гэтай прыбытковай тэхнічнай культуры складае 19,4 цэнтнера масланасення з гектара. А самая высокая, прычым упершыню, атрымана ў ААТ «Жацерава», дзе на пачатку тыдня справіліся з уборкай рапсу. На круг намалочана па 42 цэнтнеры масланасення, а ўсяго – 125,5 тоны. Высявалі сорт «капітал», які спаўна аддзячыў жацераўцам. Шчыра парупіліся камбайнеры Аляксандр Ганчарэнка, Максім Леўкавец і Сяргей Амельчыц. Працаўнікі гэтай гаспадаркі, а таксама ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Вішнявецкі-агра» адгружаюць масланасенне рапсу ў лік дзяржзаказу на Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў.

 

АБМАЛОЧВАЮЦЬ НАСЕННІКІ

Адначасова з уборкай збожжавых культур у гаспадарках раёна абмалочваюцца і насеннікі шматгадовых траў. Усяго запланавана ўбраць на насенне 400 гектараў, з якіх 200 – канюшыны лугавой і 160 – цімафееўкі. У ААТ «Жацерава» і «Агранёманскі» абмалочаны насенныя ўчасткі фестулоліуму, а ў ААТ «Шашкі» – купкоўкі зборнай.

 

ЦЯРЭБЯЦЬ ЛЁН

У ААТ «Рочавічы» лён займае 150 гектараў, з якіх 25 ужо выцераблена і пакладзена на вылежку. Затым ільнотрасту адгрузяць на Слуцкі льнозавод. Парупіліся на ўборцы льну вопытныя механізатары Уладзімір Хімарода і Казімір Цярэня. На астатняй плошчы лён спачатку абмалоцяць на насенне. На 31-м гектары высявалі суперэліту сорту «веста», на 94-х – «васілёк». Варта адзначыць, што надвор’е не паспрыяла вырошчванню «паўночнага шоўку», аднак, па сёлетніх мерках, лён у таварыстве, як адзначылі перапрацоўшчыкі, вырас неблагі.

 

НА НОВЫМ КАМБАЙНЕ

У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» сёлета неабходна абмалаціць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 1460 гектараў. Як расказвае галоўны аграном Ігар Баброў, папярэдняя ўраджайнасць вызначана ў межах 42 цэнтнераў на круг. На жніве будуць задзейнічаны сем збожжаўборачных камбайнаў. Сярод іх і новы італьянскай вытворчасці, набыты нядаўна ў арэнду на галаўным прадпрыемстве «Профі-Аграпарк».  Даручылі тэхніку камбайнеру Расціславу Васілевічу. Ён жа перадаў свой «КЗС-1218» сыну  Сяргею, які працаваў у бацькі памочнікам.

 

ПАСЛЯ ПРАВЕРКІ

Як і ў мінулыя гады, напярэдадні жніва камбайны правярала спецыяльна створаная ў райсельгасхарчы камісія. Мэта – выключыць страты збожжа. Члены камісіі пабывалі ва ўсіх гаспадарках раёна і праверылі на герметычнасць 94 камбайны, 89 з якіх атрымалі допуск да работы. Астатнія гэтымі днямі будуць даведзены да ладу. Правяралі таксама наяўнасць на машынах супрацьпажарных сродкаў, аптэчак і іншых неабходных інструментаў, пітной вады.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *