Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 12 шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 12 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Мацвей Шуцько, Яраслаў Дзяк, Хрысціна Лапко, Павел Бортнік, Сямён Канкаловіч, Арсеній Раманоўскі, Яна Канкаловіч, Аляксандра Лапко, Мікіта Шыдлоўскі, Марыя Паплаўская, Гражына Ліпніцкая і Марыя Ерамецька.

Зямны шлях закончыўся для пяці жыхароў раёна.

Міліцыяй зарэгістравана 148 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 14 крымінальных спраў, у васьмі з іх устаноўлены падазраваемыя. З тэрыторыі нарыхтоўчага ўчастка прэсава-гальванічнага цэха філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы» знікла больш за 530 кг металаадходаў медзі. З пад’езда дома па вуліцы Энгельса выкрадзены дамскі і дарожны веласіпеды. Жыхар Старога Свержаня застаўся без мультымедыйнага прайгравальніка і іншых рэчаў. На дарозе паміж Коласавам і Наваколасавам нецвярозы грабежнік выхапіў з рук у прахожага куртку, у якой былі грошы, мабільны тэлефон, пашпарт. На тэрыторыі МТФ у Аталезі зламыснік паквапіўся на некалькі кілаграмаў камбікорму і 1,5 літра малака.  

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол на жыхарку Кляцішча. Жанчына збірала чарніцы на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібацкі» забароненым спосабам, з прымяненнем саўка-камбайна (гэта другі аналагічны выпадак за апошні час). Парушальніцы пагражае штраф да 20 базавых велічынь. У суд накіраваны матэрыял у адносінах да жыхара Фаніпаля, які на рацэ Нёман паблізу Канкаловічаў займаўся падводным паляваннем. За гэта прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.  

Пракуратурай раёна праведзена праверка законнасці і абгрунтаванасці прыцягнення райаддзелам міліцыі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства. Устаноўлены факты, калі падрыхтоўка спраў да разгляду праводзіцца няпоўна і аднабакова, а рашэнне аб складанні пратакола прымаецца дачасна. Па выніках праверак на восем пастаноў па адміністрацыйных справах згаданай катэгорыі вынесены пратэсты ў суд раёна.

Суд абмежаваў у волі на тры гады за перавозку псіхатропных рэчываў 23-гадовага стаўбчаніна (яму зменшаны тэрмін на адзін год у сувязі з прымяненнем амністыі). Да выпраўленчых работ тэрмінам на адзін год з утрыманнем з заробку 10 працэнтаў прыгавораны 42-гадовы жыхар Новых Рубяжэвічаў. Ён збіў чалавека — нанёс траўмы з працяглым расстройствам здароўя. На 1 440 000 рублёў аштрафавана службовая асоба – за нясвоечасовую выплату абавязковых страхавых узносаў.

ДАІ выявіла 238 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – пяцёра нецвярозых вадзіцеляў і 18 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 21 недысцыплінаваны пешаход. Зарэгістравана сем дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. На дарогах раёна завяршылася прафілактычная акцыя «Хуткасць», працягваюцца акцыі «Цвярозы вадзіцель», «Фільтр».  

«Хуткая» атрымала 181 выклік, у тым ліку пяць – да асоб з алкагольным ап’яненнем. Чатыры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *