Гатовы прыйсці на дапамогу

Нумары РАНС інфармуе

Апошнім часам пажарныя-выратавальнікі пабывалі ва ўсіх працоўных калектывах. Пажарна-прафілактычная работа праводзіцца і ў жылым сектары. Для аб’ездаў населеных пунктаў райвыканкам выдзеліў паліва. Асноўны акцэнт у рабоце з грамадскасцю – на прафілактыцы пажараў з гібеллю людзей.

Вынік тысяч такіх сустрэч відавочны. У гэтым годзе ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам  зменшылася колькасць пажараў (з 27-мі да 23-х) і колькасць загінуўшых на іх (з шасці чалавек да аднаго). Дзякуючы агульным намаганням пад кантролем у пажаранебяспечны перыяд застаецца сітуацыя ў лясах і на тарфяніках. Набліжаецца жніво – пажарныя гатовы несці дзяжурства ў полі ля збожжаўборачнай тэхнікі.

Як адзначае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын, напярэдадні ўсе гаспадаркі раёна былі правераны, цяпер вядзецца штодзённы маніторынг стану пажарнай бяспекі камбайнаў і аўтамабіляў, якія перавозяць збожжа, КЗС і збожжаскладоў. Задача дзяржаўнай важнасці – бяспека сельгасаб’ектаў падчас уборкі, захоўвання і перапрацоўкі ўраджаю, нарыхтоўчай кампаніі. 

Адно з падраздзяленняў, якое выконвае пастаўленыя задачы, – каравул № 3. Усіх каравулаў у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці г. Стоўбцы – тры, аднак гэты, пад кіраўніцтвам Вадзіма Уставіча, вылучаецца рознабаковасцю. Служаць у ім спартсмены, выдатнік пажарнай службы. «Мае саслужыўцы – адказныя рабяты, прафесіяналы сваёй справы», – зазначае Вадзім Уставіч, сам прызнаны на розных узроўнях футбаліст. Камандзір аддзялення Андрэй Арлоўскі – лыжнік, лёгкаатлет, удзельнік шматбор’я. Старшы інструктар па ваджэнні пажарных аўтамабіляў Віктар Карповіч – першакласны бягун на спаборніцтвах пажарных Міншчыны ў сваёй узроставай групе.

Асобнае слова – пра камандзіра аддзялення Андрэя Сергіевіча. Летась Андрэй браў удзел у ліквідацыі наступстваў паводкі ў Рэспубліцы Сербія, а калі вярнуўся з камандзіроўкі, быў узнагароджаны за добрасумленную і шматгадовую службу нагрудным знакам «Выдатнік пажарнай службы». Андрэй – з патомных пажарных. Бацька яго, Святаслаў Іванавіч, быў пажарным усё працоўнае жыццё. Матуля, Наталля Уладзіміраўна, працавала дыспетчарам, цяпер – загадчыца склада рамонтна-тэхнічнай часці. Недалёка ад гэтай часці яны і жывуць, таму сваіх першых настаўнікаў, Аляксандра Бычко і Юрыя Босага, ён ведаў задоўга да таго, як прыйшоў служыць у «пажарку». «Пажарная часць навучыць усяму», – гаворыць Андрэй, які за 10 гадоў службы атрымаў мноства сумежных прафесій. Разам з бацькам узяўся за будаўніцтва дома. Калі мы рыхтавалі гэты матэрыял, байцы каравула таксама не сядзелі без справы – займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Сёлета каравул папоўнілі двое маладых вадзіцеляў – Яўген Станкевіч і Валерый Пятроўскі. Абодва адслужылі ў арміі. Мясцовыя, з Пагарэлага і Задвор’я. Вучыліся ў Дзяржынскім прафесійна-тэхнічным ліцэі (Валерый яшчэ завочна закончыў Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж, думае пра вышэйшую адукацыю). Любяць тэхніку. Валерыя прывёў у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях сябар дзяцінства – старшы пажарны Алег Крэнь. Цяпер яны разам у адным каравуле. За маладымі байцамі замацаваны вопытны калега-настаўнік – Віктар Карповіч, ды і ўсе саслужыўцы па магчымасці дапамагаюць ім асвоіцца. Будучы стажорам, Яўген Станкевіч запомніў свой першы выезд на пажар, удзел у вучэннях. «Падабаецца дапамагаць людзям», – вызначыў ён для сябе асноўнае ў прафесіі выратавальніка-пажарнага.

Склад каравула будзе няпоўным без пажарнага Паўла Сахара, вадзіцеля Сяргея Валовіча, дыспетчара Віталя Бондарава. Паміж байцамі каравула і іх сем’ямі наладжаны сяброўскія адносіны, іх яднае агульнае хобі, напрыклад, рыбалка або паляванне. «Гэта нармальна, – тлумачыць Вадзім Уставіч. – Калі давяраеш, можна ісці разам у агонь».

Аб пераемнасці пакаленняў, кадравай забяспечанасці калектыву, яго амаладжэнні ў Год моладзі расказаў намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Герасіменка:

– У гэтым годзе да нас прыйшлі з ліку грамадзянскай моладзі вадзіцелі Яўген Станкевіч і Валерый Пятроўскі, а таксама камандзір аддзялення Антон Чарняцоў, сын нашага старшага інструктара па ваджэнні пажарных аўтаабіляў. Антон прыйдзе на службу ў верасні, пасля заканчэння курсавой падрыхтоўкі ў Заслаў’і. Штогод да нас прыходзяць выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў МНС. У гэтым годзе, праўда, вакантных месцаў няма. Двое нашых супрацоўнікаў – Вадзім Грахольскі і Павел Александровіч – сталі выпускнікамі завочнага аддзялення Камандна-інжынернага інстытута. Вадзім ужо атрымаў павышэнне па службе – прызначаны начальнікам каравула.

Рыхтуецца і будучая змена, прычым з ліку мясцовай моладзі. Падалі дакументы і прайшлі камісію для залічэння ў Мінскае абласное кадэцкае вучылішча (кадэцкі клас МНС) двое сямікласнікаў Старасвержанскай школы. Дзевяць выпускнікоў школ падалі дакументы на вочнае аддзяленне ВНУ МНС. Сярод іх – выпускнікі гімназіі № 1 і СШ № 3 г. Стоўбцы, Коласаўскай, Заямнаўскай, Залужскай і Рубяжэвіцкай школ.

Цякучасць кадраў у райаддзеле невялікая, і калектыў паступова амалоджваецца. На цяперашні час сярэдні ўзрост нашых супрацоўнікаў складае 26-27 гадоў. З улікам таго, што пенсіённы ўзрост нашых супрацоўнікаў пачынаецца пасля 45-ці, то запас створаны значны. Тэндэнцыяй стала тое, што пасады вызваляюцца толькі ў выпадку выхаду на пенсію. Вось і нядаўна стаў ветэранам пажарнай службы Святаслаў Касцюкевіч, камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 у Дзераўной. У ліпені пойдзе на пенсію яго калега з таго ж паста Аляксандр Макась. У жніўні ў часці вызваляецца пасада старшага вадзіцеля – на пенсію выходзіць Алег Гарохавік. На ўсе гэтыя пасады ўжо падабраны кандыдаты, якія праходзяць працэс узгаднення.

У сувязі з прафесійным святам – Днём пажарнай службы – дасылаем калектыву, ветэранам пажарнай службы самыя шчырыя віншаванні. Жадаем здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у службе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: выдатнік пажарнай службы Андрэй Сергіевіч; маладыя вадзіцелі (злева направа) Валерый Пятроўскі і Яўген Станкевіч; дыспетчар Віталій Бондараў і начальнік каравула Вадзім Уставіч.

Фота аўтара

 

***

На 4-й старонцы газеты размешчаны матэрыялы краязнаўчай старонкі “Панямонь” – экскурс у гісторыю Канстанціна НАШЧЫНЦА “Чыгуначны вакзал у Стоўбцах: ад Панятоўскага да Караткевіча” і “З першай зоркай геройскай славы” Фёдара БАНДАРОВІЧА.

На 5-й старонцы газеты можна знайсці інфармацыю пра ўчасткі і дамы Стаўбцоўскага раёна, якія прадаюцца.



Tagged

2 комментария по теме “Гатовы прыйсці на дапамогу

  1. С ПРАЗДНИКОМ ВСЕХ РАБОТНИКОМ СТОЛБЦОВСКОГО РОЧС!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. С ПРАЗДНИКОМ ВСЕХ РАБОТНИКОВ СТОЛБЦОВСКОГО РОЧС!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *