Магазіны з фірменным смакам

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

Філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» прадстаўлены вялікай сеткай фірменных магазінаў, якія карыстаюцца попытам у жыхароў і гасцей нашага раёна.

На гэта звярнула ўвагу намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч, калі аналізавала работу гандлёвых аб’ектаў Стаўбцоўшчыны.

На даны момант фірменная сетка мясакамбіната – гэта дзевяць магазінаў. Сем з іх працуюць у горадзе і два ў сельскай мясцовасці – у Коласаве і Старым Свержані. Разглядаецца пытанне выхаду на прасторы Мінскай вобласці – цяпер вытворцы вядуць пошук памяшканняў для адкрыцця сваіх фірменных магазінаў па-за межамі раёна.        

– Агульны месячны тавараабарот фірменнай сеткі мясакамбіната перасягае чатыры мільярды рублёў. Праз фірменную гандлёвую сетку рэалізуецца амаль 50 працэнтаў паўфабрыкатаў, што выпускае камбінат. Штат прадаўцоў у нас невялікі, таму і нагрузка на іх – адпаведная. Да тавараабароту неабходна дадаць і іншыя паказчыкі, не менш значныя, такія, напрыклад, як магчымасць набыць  ахалоджаную прадукцыю, культура абслугоўвання пакупнікоў, стабільны састаў калектыву, – падкрэслівае дырэктар прадпрыемства Рамуальда Бурдукевіч і робіць важную выснову: – Нягледзячы на канкурэнцыю, мы свайго пакупніка не згубілі.

Менавіта ён, пакупнік, і вызначае тройку лідараў сярод дзевяці фірменных магазінаў мясакамбіната. Так, найбольшую ўдзельную вагу ў тавараабарот – больш за адзін мільярд рублёў – уносіць калектыў магазіна «Пятачок». У даным магазіне рэалізуецца 87 працэнтаў прадукцыі ўласнай вытворчасці. Значная заслуга ў гэтым як працоўнага калектыву камбіната, які выпускае запатрабаваныя пакупніком далікатэсы (каўбасныя вырабы, паўфабрыкаты, ахалоджаную прадукцыю, кансервы), так і калектыву магазіна, які ўмее прапанаваць тавар, зацікавіць пакупкай. Выбар сапраўды шырокі і на густ, і на кашалёк – ад прадукцыі недарагой, з субпрадуктаў, да элітнай сыравяленай. На чале невялікага, але стабільнага калектыву стаіць Таццяна Папоўская (яна працуе ў «Пятачку» з дня яго адкрыцця), намеснік загадчыцы Наталля Есьман.

Мяркуючы па выручцы, пакупнікі таксама любяць магазін «Мясныя прысмакі» (загадчыца – Наталля Губанава). Размешчаны па вуліцы Гагарына, побач з аўтадарогай, ён стварае прывабны гандлёвы імідж не толькі мясакамбінату, а і ў цэлым нашаму раёну. Нельга не сказаць і пра такі нюанс: побач з гэтым фірменным магазінам знаходзіцца магазін райспажыўтаварыства, але абодва пры гэтым добра гандлююць, дапаўняючы адзін аднаго.

Штомесяц набірае абароты і самы малады сярод фірменных магазінаў – «Кумпячок» (узначальвае Ала Юнцэвіч), адкрыты летась на вуліцы Міру. 

– Усе нашы фірменныя магазіны працуюць добра, зладжана, – спяшаецца паведаміць начальнік аддзела збыту і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Валянціна Бурдзейка. – Цяпер сезон пікнікоў, таму мы стараемся прапанаваць штосьці цікавае для адпачынку на прыродзе, а бліжэй да восені прыдумаем нешта больш прыдатнае для нарэзкі на стол, для прыгатавання ў дамашніх умовах. Мы ў пастаянным пошуку новых відаў прадукцыі, новых смакаў.

Для яшчэ большай актывізацыі фірменнага гандлю з пачатку лета на базе магазінаў мясакамбіната ўжо прайшлі дзве дэгустацыі новых відаў прадукцыі.

Апошняя дэгустацыя ладзілася побач з «Пятачком» і прапанавала шэсць новых відаў прадукцыі. Шашлык з чырвоным часнаком «Пікнік», «Стэйк па-амстэрдамску» з ягадамі буякоў і праванскімі травамі, «Стэйк па-балканску» з кропам і пятрушкай, субпрадукт са шкуркі свіной у жэле «Панскія прысмакі», сасіскі «Астанкінскія» ў ядомай абалонцы, упакаваныя пад вакуумам, і каўбаскі мясныя «Харгіта». Кожны з гэтых відаў прадукцыі, прадстаўлены начальнікам вытворчасці Марыяй Радаман, таваразнаўцам аддзела збыту і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Галінай Тарарай і вядучым спецыялістам па энешнеэканамічнай дзейнасці Ганнай Бушыла, не пазбаўлены сваіх асаблівасцяў. Але найбольш станоўчых водгукаў атрымаў шашлык «Пікнік». «Гэта па-нашаму, па-беларуску. Нават пах наш», – выказваў захапленне, смакуючы, адзін з жыхароў горада. «І гэта па-беларуску», – падказвалі яму тыя, хто «запаў» на жэлейны прадукт «Панскія прысмакі», густа здобраны морквай і сумессю спецый…       

Мясакамбінат развівае сетку фірменных магазінаў і, у недалёкім будучым, плануе набыць самастойнасць (ужо прынята рашэнне аб рэарганізацыі і выдзяленні філіяла ў самастойнае прадпрыемства, вядзецца працэс рэарганізацыі) і новую назву – Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара

 

***

Чытайце на 8-й старонцы газеты артыкул Таццяны ПЯТКЕВІЧ “ВЯЛІКАЯ АДКАЗНАСЦЬ У МАЛЫМ ГОРАДЗЕ”.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *