Турыстычныя маршруты ФАКа

Нумары Паездкі, экскурсіі

На пачатку 2015 года ў Стоўбцах адбылася доўгачаканая падзея – адкрыццё першай чаргі фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Першыя вынікі яго работы сведчаць пра папулярнасць трэнажорнай залы, абедзвюх залаў для настольнага тэніса, більярднай. Пры неабходнасці ў камфартабельных памяшканнях ФАКа можна знайсці нумар для пражывання. Не так даўно тут з’явіўся шэйпінг для дзяцей і дарослых, а з красавіка дабавіліся і турыстычныя паслугі.    

– Стараемся прапаноўваць разнастайныя паслугі і арганізацыям, і школьнікам, – тлумачыць дырэктар ДУ «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна» Сяргей Жук. – Для шматдзетных сем’яў, пенсіянераў практыкуем ільготы.

– Сяргей Іванавіч, ФАК адкрыты нядаўна, але паспеў прывабіць стаўбчан. Якімі паслугамі ў першую чаргу?

– Найбольшы попыт захоўваецца на трэнажорныя залы. Ёсць вялікі попыт на турыстычныя паслугі. Для іх аказання мы супрацоўнічаем з вопытным спецыялістам Леанідай Высоцкай. Трымаем невысокія цэны,  гэтаму спрыяе прыцягненне транспарту аўтапарка № 17 – аўтапрадпрыемства, дзе тарыфы на транспартныя паслугі застаюцца ў ліку самых нізкіх сярод калег-суседзяў. Заяўкі на экскурсійныя паездкі паступаюць як са школ, так і ад прафаюзных камітэтаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Папулярнасцю карыстаюцца такія турысцкія маршруты, як Мінск, Магілёў, Смаленск, Дудуткі, Хатынь, Санкт-Пецярбург і т. п. З улікам таго, што сезон адпачынку, ідуць заяўкі і на адпачынак ля мора, у Адэскую вобласць.

У перспектыве хацелася б развіваць паслугі і сумяшчаць іх з сэрвісным абслугоўваннем. Напрыклад, ёсць задумка адкрыць на нашай базе цырульню. Пачалі рэалізоўваць план па адкрыцці свайго буфета. Для яго закуплена абсталяванне. Спадзяемся, што падобнымі праектамі мы зможам падтрымаць нашых, мясцовых, вытворцаў і стварыць у горадзе здаровую канкурэнцыю. Заўважу, што ў нашым статуце прапісана магчымасць займацца аптова-гандлёвай дзейнасцю.

– Галоўная задача – зарабіць?

– Безумоўна, мы імкнемся расшыраць комплекс паслуг для таго, каб зарабляць самім, ні ў кога не прасіць. Сродкі неабходны для выканання асноўнай задачы – падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву, адбору таленавітых дзяцей і перадачы іх у вышэйшае звяно. У гэтым плане ў нас ёсць цікавыя напрацоўкі і ёсць кім ганарыцца. Гэта нашы выхаванцы – Аляксандр Карніцкі, Яўген Ліпай, Максім Рудніцкі, Яўген Скараход і іншыя, пра якіх ведаюць на спартыўных арэнах рэспублікі і за яе межамі.

Каб рыхтаваць дастойную спартыўную змену, выхоўваць маладых людзей на традыцыях спорту і здаровага ладу жыцця, трэба ўкладваць сродкі ў развіццё інфраструктуры нашых аб’ектаў. Надаем увагу стварэнню сучасных і бяспечных умоў на іх. Да прыкладу, на стадыёне ўстанавілі тры камеры відэаназірання і столькі ж – на ФАКу. Плануем аснасціць «трывожнымі кнопкамі» блокі А і В, а таксама стадыён. У планах – увядзенне гульнявой залы, з дапамогай якой будзем аказваць паслугі камандам па валейболе, міні-футболе для правядзення збораў і т. п.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *