За будучае Беларусі

Выбары 2015 Нумары

На мінулым тыдні пачаўся збор подпісаў за кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Асаблівую актыўнасць праяўляюць цяпер ініцыятыўныя групы ад розных грамадскіх арганізацый і палітычных партый. У ліку першых зладзілі пікет у Стоўбцах раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і раённае аб’яднанне прафсаюзаў, на якім збіралі подпісы ў падтрымку аднаго з кандыдатаў – Аляксандра Лукашэнкі.

У людным месцы, непадалёку ад магазіна «Еўраопт», гучала музыка і развяваліся сцягі «Белай Русі» і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Працавалі члены ініцыятыўных груп грамадзян Жанна Петрашкевіч і Алена Гота.  Жадаючыя прахожыя падыходзілі да стала і ўласнаручна ставілі свой подпіс у падпісным лісце. Як патрабуе закон, абавязкова ўказвалі пашпартныя даныя, адрас падпісанта.           

– Дэвіз нашага пікеціравання – за будучае роднай Беларусі, за яе росквіт пад мірным небам, у грамадзянскай згодзе і любові, – тлумачаць старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька і старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Жанна Лысая. Удзел у пікеціраванні брала і старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Белая Русь «ДРБУ № 135» Вольга Калевіч.

Каб зразумець, што думаюць з гэтай нагоды звычайныя людзі, падыходзім да маладой мамы з двума дзеткамі. Яна толькі што паставіла свой подпіс. Знаёмімся – Алена Бохан, стаўбчанка. «Чаму вы падтрымліваеце менавіта гэтага кандыдата?» «Мяне ўсё задавальняе, – адказвае яна. – Атрымліваю дапамогу па доглядзе дзіцяці. Пабудавалі свой дом дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. А ад дабра дабра не шукаюць».

У кожнага з нас ёсць магчымасць прыняць правільнае рашэнне і зрабіць свой выбар.

Пр

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СТВОРАНЫ 153 ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫЯ ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ

У Беларусі створаны 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Аб гэтым 22 ліпеня ў спецыяльным відэазвароце, урывак з якога быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала «Беларусь 1», заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

«Створаны тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў асноўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках. Так, створана 153 тэрытарыяльныя камісіі: раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах, абласныя, Мінская гарадская тэрытарыяльныя камісіі», – сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі будуць працаваць кожны рабочы дзень да 19.00, а ў суботу – з 10.00 да 14.00. «Выбаршчыкі, у якіх ёсць пытанні, заўвагі, скаргі наконт работы ініцыятыўных груп, а таксама асобы, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты, маюць права звяртацца ў тэрытарыяльныя камісіі ў названы рабочы час і выказваць свае прэтэнзіі, прапановы і заўвагі», – адзначыла кіраўнік ЦВК.

 

НЕ ПАКІДАЦЬ ПОДПІСЫ Ў ПУСТЫХ ПАДПІСНЫХ ЛІСТАХ

Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына заклікае грамадзян не пакідаць подпісы ў пустых падпісных лістах. Аб гэтым яна заявіла ў праграме «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што прыйсці да выбаршчыка можа толькі член ініцыятыўнай групы, прычым ён павінен прадэманстраваць пасведчанне за подпісам старшыні Цэнтрвыбаркама і з гербавай пячаткай. На пасведчанні таксама пазначана, што гэта за група, за якім нумарам яна зарэгістравана. Акрамя таго, зборшчык павінен прадставіць пашпарт або іншае пасведчанне з фатаграфіяй, якое пацвярджае, што названая асоба сапраўды з’яўляецца членам ініцыятыўнай групы. На руках у яго абавязкова ёсць падпісны ліст і інфармацыйныя матэрыялы пра будучага кандыдата. «Падпісны ліст павінен быць запоўнены. Я прашу выбаршчыкаў не падпісвацца ў пустым лісце, таму што наверсе павінна быць шапка і выбаршчык павінен ведаць, у чыю падтрымку ён падпісваецца. На жаль, часам бывае падман, калі выбаршчык лічыць, што ён ставіць подпіс за адну асобу, а потым гэты подпіс і падпісны ліст здаюцца за зусім іншага кандыдата», – канстатавала кіраўнік ЦВК.

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫ РЭСУРС ДА ВЫБАРАЎ

Пачаў працаваць інфармацыйны рэсурс ВЫБАРЫ-2015 (vybory2015.by), дзе будуць асвятляцца важнейшыя падзеі кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе. Адпаведнае паведамленне размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама.

На рэсурсе можна знайсці інфармацыю аб ініцыятыўных групах, дапушчаных да ўдзелу ў зборы подпісаў (іх зарэгістравана восем), а таксама аб іх каардынатарах па рэгіёнах. Апублікаваны апошнія навіны са сродкаў масавай інфармацыі, якія непасрэдна датычацца выбараў.

Абнародавана таксама, што на даны момант пры ЦВК акрэдытавана пяць нацыянальных назіральнікаў – ад Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», Беларускага Хельсінскага камітэта, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай партыі «Зялёныя».

Як растлумачыў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, чакаецца, што ў перспектыве на сайце будуць і далей размяшчацца найбольш важныя паведамленні па электаральнай тэматыцы. Такім чынам, карыстальнікі змогуць пры неабходнасці на адным рэсурсе азнаёміцца з мінулымі і будучымі падзеямі ў гэтай сферы. Цяпер на сайце ВЫБАРЫ-2015 можна знайсці зварот кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *