Безумоўны клопат

Нумары Тэма тыдня

Пенсіённы ўзрост у Беларусі павышацца не будзе. Аб гэтым заявіў 24 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб асобных пытаннях сацыяльнага забеспячэння.

«Маё меркаванне наконт гэтага вядома: калі людзі не хочуць павышэння пенсіённага ўзросту, мы ім адкрыта сказалі – вось такі пенсіённы ўзрост, такі пенсіённы фонд, мы яго дзелім на ўсіх пенсіянераў». Ён звярнуў увагу на тое, што з кожным годам хоць пакрыху, але становіцца менш працуючых людзей, якія ажыццяўляюць адлічэнні ад сваёй заработнай платы на сацыяльныя патрэбы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным звальняць пенсіянераў, здольных працаваць далей.  Аб гэтым ён заявіў на нарадзе аб асобных пытаннях сацыяльнага забеспячэння.

«У сродках масавай інфармацыі чытаю аб пазіцыі некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў і падыходах, якія дазваляюць, захоўваючы працоўныя калектывы, звальняць пенсіянераў. Маўляў, сітуацыя складваецца такая, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Вось гэтага дапускаць нельга! Хоча чалавек працаваць, можа працаваць – няхай працуе. Інакш наш лозунг аб сацыяльнай дзяржаве так і застанецца лозунгам».

«Па-чалавечы трэба ставіцца да людзей. Але калі некаторыя кіраўнікі гэтага не разумеюць, то трэба перш за ўсё кіраўніка адправіць на вуліцу, таму што без ведама ўлады ён нікуды не ўладкуецца, і потым паглядзім, як ён будзе сябе паводзіць. Нельга фармальна выконваць пастаўленыя мною задачы», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных на тое, што аб пенсіянерах і іншых неабароненых слаях насельніцтва трэба памятаць заўсёды.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ў краіне больш за 2,5 млн пенсіянераў, з іх 646 тыс. працуючых. «Але астатнія жывуць на пенсію. Таму сёння мы абавязаны своечасова і поўна выплаціць пенсію гэтым людзям», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе тэмп росту заработнай платы невысокі, паколькі ён строга ўвязаны з тэмпам росту прадукцыйнасці працы. «Але гэта правільна, гэта законы эканомікі, ад гэтага нікуды не дзенешся. Тым больш у складаны час ніхто з гэтымі пытаннямі ні ў адной дзяржаве не жартуе і не балуецца. А калі заработная плата не такая вялікая, значыць, у нас і пенсіі адпаведным чынам прывязаны да зарплат», – падкрэсліў ён.

Як далажыла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, цяпер са сродкаў фонду пенсіённыя выплаты атрымліваюць 2 573 мільёны пенсіянераў. Сярэдняя пенсія па ўзросце складае Br2,749 млн.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу адшукаць сродкі для таго, каб спланаваць павышэнне пенсій з 1 верасня на 5 працэнтаў.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *