Хлеб – вялікае наша багацце

Нумары Ураджай-2015 Факты, падзеi, людзi

Жніво – пара асаблівая. У гэты час нічога няма важней, чым спаўна сабраць вырашчаны ўраджай, а ўборка збажыны становіцца стратэгічнай дзяржаўнай задачай.

Па добрай традыцыі штогод жніво пачынаецца святам «Зажынкі». Афіцыйны старт уборачнай кампаніі ў нашым раёне быў дадзены ў мінулую суботу на палетках ААТ «Каганец». У гэтай гаспадарцы летась атрымалі  неблагі для мясцовых палеткаў ураджай – сабралі па 37 цэнтнераў збожжа з гектара. Сёлета таксама спадзяюцца на высокія намалоты.

На ячным полі ля вёскі Ячонка вецер гайдае рознакаляровыя сцягі. На свежазжатым пятачку збажыны побач з камбайнамі выстраіліся экіпажы, вадзіцелі машын. У кожнага на грудзях стужкі «Жніво-2015». Сёння ў хлебаробаў свята. Шмат узнёслых і добрых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас хлебаробаў. І ў кожным быў адзін і той жа сэнс: хлеб – самае каштоўнае зямное багацце.

Урачыстасць пачалася са жніўных песень, вершаў, якія ўслаўляюць нашу зямлю-карміцельку, у выкананні народнага вакальнага ансамбля «Дольніца» Горкаўскага сельскага Дома культуры.

Пачэснае права падняць сцяг жніва прадастаўляецца пераможцам мінулагодняга жніва камбайнерам Валерыю Шахно і яго сыну Сяргею, які стаў лепшым сярод маладых камбайнераў. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.

– Шчыра віншую ўсіх са святам, – сказаў Юрый Мікалаевіч. – Хлебаробы шчыра парупіліся, уклалі нямала працы і вырасцілі сёлета дастойны ўраджай. З году ў год Стаўбцоўшчына ўносіць важкі ўклад у агульны каравай, ствараючы харчовую бяспеку краіны. А гэта адзін з галоўных прыярытэтаў для стабільнага развіцця нашай дзяржавы. Сёння ў радах камбайнераў побач з вопытнымі і маладыя, якія, пераймаючы вопыт у старэйшага пакалення,  актыўна працуюць і дасягаюць высокіх вынікаў – падрастае дастойная змена бацькам. Сёлетні год аб’яўлены Годам моладзі – гэта падкрэсліў на абласных зажынках у Клецку і губернатар Сямён Шапіра. Жадаю ўдзельнікам жніва, каб уборачная  прайшла з мінімальнымі стратамі, а ўраджай, які стаіць на палях, быў сабраны спаўна. Поспехаў усім і ўдачы.

Затым слова прадаставілі начальніку Мінскай абласной інспекцыі дзяржтэхнагляду Валерыю Злотніку, які таксама пажадаў, улічваючы складаную сітуацыю ў цэлым па рэспубліцы, убраць вырашчаны хлеб да апошняга каласка. І самае галоўнае – прытрымлівацца тэхнікі бяспекі, бо жыццё чалавека бясцэннае.

Карыстаючыся выпадкам Валерый Яфімавіч уручыў дырэктару ААТ «Жацерава» дыплом за прызавое месца ў абласным спаборніцтве на лепшы машынны двор. І выказаў пажаданне, каб раён увогуле стаў прызёрам у гэтай намінацыі.

Дырэктар ААТ «Каганец» Пётр Малахаў павіншаваў з пачаткам уборачнай свой калектыў і ўсіх прысутных гасцей – кіраўніцтва раёна, калег, галоўных спецыялістаў райсельгасхарча. І выказаў спадзяванне, што пастаўленую задачу намалаціць 5130 тон збожжа працаўнікі таварыства з гонарам выканаюць. Галоўнае, каб паспрыяла надвор’е.

Перад выхадам у поле настаяцель храма Іаанна Прадцечы вёскі Засулле айцец Іаанн блаславіў удзельнікаў жніва. Ён адслужыў малебен і асвяціў камбайны, камбайнераў і ўсіх прысутных, каб Гасподзь дапамог убраць ураджай і парадаваў людзей, апраўдаў іх спадзяванні, каб усё склалася добра, не падвялі тэхніка і надвор’е. Жанчыны, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, зжалі сярпамі збажыну, звязалі з яе снапы і ўручылі старшыні  райвыканкама Юрыю Горлаву, дырэктару таварыства Пятру Малахаву і начальніку Мінскай абласной інспекцыі дзяржтэхнагляду Валерыю Злотніку.

На правах гаспадара раёна старшыня райвыканкама дае камбайнерам каманду: «Па машынах!» І рушылі ў поле «стэпавыя караблі» за новым багатым ураджаем.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СТАРТ У «АГРАНЁМАНСКІМ»

У мінулую пятніцу ў ААТ «Агранёманскі» прайшло свята «Зажынкі».

Удзельнікі жніва, кіраўніцтва гаспадаркі, спецыялісты сабраліся на пляцоўцы ля мехдвара, дзе стаяла гатовая рушыць на поле тэхніка. Першым узяў слова намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі. Галоўны спецыяліст расказаў, што камбайнерам сёлета неабходна ўбраць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 2590 гектараў, абмалаціць рапс на 140 гектарах. І трэба правесці ўборачную без страт. На жніве задзейнічаны дзесяць камбайнаў. Выступілі, кожная па сваіх пытаннях, спецыяліст па ахове працы Марыя Турко, галоўны эканаміст Людміла Пакроўская, старшыня прафкама Марына Касматовіч. Дырэктар Уладзімір Жукаў у заключным слове дадаў, што жніво – пара адказная і праходзіць звычайна ў няпростых умовах, але трэба пастарацца і завяршыць яго ў сціслыя тэрміны. Для ўдзельнікаў жніва работнікі Старасвержанскага Цэнтра культуры падрыхтавалі невялікі канцэрт. Асвяціў камбайны і склады настаяцель храма ў Скамарошках айцец Сергій. Напрыканцы мерапрыемства для ўсіх прысутных быў накрыты салодкі стол.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *