Альтруістка з «Шашкаграда»

Людзі і лёсы Нумары

Гэты чалавек ніколі не пройдзе міма добрага ці, наадварот, дрэннага, не застанецца абыякавым да чуласці ці, наадварот, чэрствасці, усміхнецца бліжняму і знойдзе патрэбнае слова акурат у той момант, калі неабходна тэрмінова выправіць сітуацыю або разрадзіць абстаноўку…

Быць па жыцці руплівым падзвіжнікам, тонкім псіхолагам і своеасаблівым міратворцам Ніне Дубовік, народжанай за год да Вялікай Айчыннай, – асаблівая місія. Няпроста жыць так, каб застацца самой сабой. Але дзе б ні была яна – на педагагічнай працы ці на грамадскай рабоце –  ніколі сабе не змяняла. Не змяняла, як зрабілі гэта многія, і сваім палітычным перакананням. «Я засталася савецкім чалавекам», – прызнаецца Ніна Дубовік, старшыня раённай арганізацыі КПБ, член ЦК КПБ, якая пранесла, нягледзячы ні на што, упэўненасць у ідэалах дабра, справядлівасці, роўнасці…

Як гісторык па адукацыі і сапраўдны камуніст, Ніна Уладзіміраўна любіць весці дыялогі. Вось і мне запомніўся адзін з іх: «Скажы, Танечка, трэба любіць людзей – і тады ўсё атрымаецца». Да нас у кабінет, дарэчы, яна ніколі не заходзіць без якога-небудзь знака ўвагі. Гэта можа быць кішэнны каляндарык ці папяровы «домік» для мабільніка, а часцей за ўсё – верш, перапісаны з прачытанага, які кранае за жывое… 

У голасе Ніны Уладзіміраўны чуюцца мацярынская пяшчота, глыбінныя жаночыя інтанацыі, калі яна дэкламуе паэзію перад членамі клуба «Гады – не бяда» ў тэрытарыяльным цэнтры, і эмацыянальная цвёрдасць, аратарскі талент, калі выступае перад людзьмі. З усімі грамадскімі арганізацыямі раёна (Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, таварыствы ветэранаў вайны і працы, інвалідаў, «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, Фонд міру і т. п.) яе звязвае цеснае і плённае супрацоўніцтва.

Здаецца, яна сама – ініцыятыва, і гэтак жа няўрымсліва адгукаецца на прапановы іншых, заўсёды гатовая напоўніць любую раённую акцыю, абласны эколага-патрыятычны марафон сваім непасрэдным укладам. Педагог па прызванні, а ў свой час – і дырэктар Шашкоўскай школы, яна прысвяціла сябе выхаванню падрастаючага пакалення. У яе бытнасць у школе быў закладзены сад Любові і Дружбы, бо, упэўнена Ніна Уладзіміраўна, «няма нічога раднейшага за куточак сваёй зямлі, які нам трэба любіць і ўпрыгожваць сваімі пачуццямі».

Гэтым словам немагчыма не верыць, бо жанчына, якая свядома даводзіць іх вучням, сама жыве і працуе ў сельскай мясцовасці, у родных ёй Шашках (у «Шашкаградзе», згодна з прыдуманым Нінай Уладзіміраўнай эпітэтам пасля надання вёсцы статусу аграгарадка). На бацькоўскай сядзібе яны з мужам пабудавалі ўласны дом. Пры дарозе пасаджаны сад.  

– Бацька мой быў кавалём, унікальным на ўсю ваколіцу майстрам. Нас, трох сясцёр і двух братоў у сям’і, нярэдка называлі не па прозвішчы Радзіон, а кавалёвымі, – прыгадвае Ніна Дубовік.

Нягледзячы на тое, што яе матуля была непісьменнай (служыла ў пана Гаціцкага), усе «кавалёвы дзеці» атрымалі адукацыю і сталі дастойнымі дочкамі і сынамі Беларусі. Што датычыць Ніны Уладзіміраўны, то, на маю думку, яе варта назваць гэтым высокім імем у першую чаргу за карпатлівую работу з моладдзю, за няспыннае грамадскае служэнне. Ад яе асобы зыходзіць бязмежны альтруізм (чаго вартыя святы вёскі Дудкі, што арганізоўваюцца ёю, дэпутатам Шашкоўскага сельскага Савета, пяць гадоў запар!), выключная інтэлігентнасць, прыродны такт, заўсёднае імкненне да дзейнасці. Не выпадкова такому неардынарнаму чалавеку давяралі ўзначальваць раённую арганізацыю таварыства «Веды».

У дамашнім архіве Ніны Дубовік – шмат розных узнагарод, сярод якіх ёсць і Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, падпісаная П. М. Машэравым. Нядаўна калекцыю папоўніў юбілейны медаль – «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», уручаны Ніне Уладзіміраўне на ХІ пазачарговым з’ездзе КПБ.    

У грамадска-палітычным жыцці нашай краіны набліжаецца вельмі важная і адказная пара – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «У складзе ініцыятыўнай групы будзем збіраць подпісы за аднаго з кандыдатаў – дзеючага Прэзідэнта», – расказвае пра бліжэйшыя планы Ніна Дубовік. Дапамагаць ёй у гэтым, як і ва ўсіх іншых пачынаннях, будзе яе муж Генадзій Васільевіч. «Мой аднадумца, надзейная апора, стымул», – так гаворыць пра яго жонка.

Ніна Дубовік стварыла ў Шашкоўскай школе музей першага Прэзідэнта краіны. Разам з тадышнім старшынёй калгаса «Чырвоны сцяг» М. І. Карніцкім ездзіла ў Мінск, у Дом прэсы, дзе брала ўдзел у тэлемосце з Прэзідэнтам.

Наперадзе чакае шмат цікавых падзей. Але ніводзін дзень не праходзіць без тэленавінаў і прагляду газет, без зносінаў з дзецьмі, унукамі і праўнукамі, цікавых сустрэч. У гэтыя дні Ніна Уладзіміраўна адзначае дзень нараджэння. Далучаемся да шчырых віншаванняў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *