Што прыводзіць да карупцыйных злачынстваў

Нумары Пракурорскі нагляд

У першым паўгоддзі 2015 года праваахоўнымі органамі на тэрыторыі Мінскай вобласці выяўлена 74 карупцыйныя злачынствы ў адносінах да 38 асоб, у тым ліку 35 па арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, 16 – па арт. 424 КК, 14 – па арт. 430 КК. Найбольшая колькасць – 16 злачынстваў – выяўлена ў галіне сельскай гаспадаркі, 12 – у будаўніцтве, 14 – у сферы дзяржаўнага кіравання, 12 – у прамысловасці.

Страты па выяўленых карупцыйных злачынствах склалі 21 743 131 047 рублёў, кампенсавана 2 470 010 798 рублёў, накладзены арышт на маёмасць на суму 1 885 841 848 рублёў.

У першым паўгоддзі 2015 года органамі пракуратуры Мінскай вобласці праведзена 98 праверак захавання антыкарупцыйнага заканадаўства. Па выяўленых парушэннях унесена 78 прадстаўленняў, вынесена 49 прадпісанняў, прынесена 12 пратэстаў, 51 асоба афіцыйна папярэджана аб недапушчальнасці парушэння закона, адменена 11 незаконных актаў.

Паводле вынікаў разгляду актаў пракурорскага рэагавання 130 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, пры гэтым тры – вызвалены ад займаемых пасад, 21 – прыцягнуты да адміністрацыйнай, 10 – да матэрыяльнай адказнасці на агульную суму 24 774 000 рублёў.

Пракуратурай Мінскай вобласці, гарадскімі і раённымі пракурорамі прымаюцца меры па кампенсацыі страт, нанесеных парушэннямі антыкарупцыйнага заканадаўства і ў парадку грамадзянскай судавытворчасці. У першым паўгоддзі прад’яўлена 9 іскаў на агульную суму 479 477 000 рублёў.

Паводле вынікаў пракурорскіх праверак узбуджана 8 крымінальных спраў. З іх чатыры крымінальныя справы па ч. 2 арт. 210 КК – у адносінах да дзвюх службовых асоб ТАА «1-ая Мінская птушкафабрыка», якія ў канцы 2014 – пачатку 2015 гадоў, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы быццам бы для набыцця птушкафабрыкай матэрыялаў, што туды не пастаўляліся, далі даручэнне на аплату фіктыўных дакументаў. Гэтым прадпрыемству нанесены ўрон на суму 55 024 678 рублёў.

Пракуратурай за ўказаны перыяд выяўлена 19 фактаў учынення карупцыйных правапарушэнняў і правапарушэнняў, якія стваралі ўмовы для карупцыі.

Так, прараб ДП «ЭБ» Свекловичная» С. быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 540 000 рублёў. Якія ж яго далейшыя дзеянні? Ведаючы, што падначалены яму па службе сталяр учыніў прагулы без уважлівых прычын, утаіў гэтую інфармацыю ад кіраўніцтва прадпрыемства і наўмысна ў яго табелі ўліку рабочага часу ўказаныя дні паказаў як адпрацаваныя. А неабгрунтавана налічаную сталяру заработную плату ў суме 450 000 рублёў С. выкарыстаў для аплаты накладзенага на яго штрафу. Гэтым С. учыніў карупцыйнае правапарушэнне – выкарыстанне дзяржаўнай службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў з мэтай набыцця іншай маёмасці.

Найбольш грубымі і распаўсюджанымі парушэннямі антыкарупцыйнага заканадаўства па-ранейшаму з’яўляюцца парушэнні ў дзейнасці камісій па супрацьдзеянні карупцыі дзяржаўных органаў, устаноў і арганізацый, дзейнасць якіх носіць у большасці фармальны характар і зводзіцца да заслухоўвання справаздач, зацвярджэння планаў, без правядзення аналітычнай работы.

Так, органамі пракуратуры Мінскай вобласці выяўлены ўказаныя парушэнні ў рабоце камісіі па супрацьдзеянні карупцыі ў ДП «УКБ Уздзенскага раёна». Разам з тым, выяўлены выпадкі парушэнняў дырэктарам прадпрыемства пры ажыццяўленні матэрыяльнага заахвочвання работнікаў. Такім чынам, ва ўмовах фактычнага не ажыццяўлення камісіяй па супрацьдзеянні карупцыі ўскладзеных на яе задач, дырэктарам прадпрыемства ўчынена правапарушэнне, якое стварае ўмовы для карупцыі, – аказанне дзяржаўнай службовай асобай пры прыняцці рашэння неправамернай перавагі інтарэсам фізічных асоб, прадастаўленне ім неабгрунтаваных ільгот і прывілей.

Акрамя таго, праверкамі сістэматычна выяўляюцца выпадкі невыканання дзяржаўнымі службовымі асобамі ўскладзеных на іх арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» абавязацельстваў, парушэння парадку дэкларавання маёмасці, парадку правядзення канкурэнтных працэдур закупу тавараў (работ, паслуг), інфармавання аб іх правядзенні, аказання пераваг інтарэсам аднаго з удзельнікаў закупу.

Выяўлены факты парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства пры прэміраванні работнікаў прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці. Так, праведзенай пракуратурай Мінскай вобласці праверкай у КУП «Мінаблкінавідэапракат» выяўлены факты неабгрунтаванай выплаты прэмій службовым асобам прадпрыемства, якія мелі не знятыя і не пагашаныя дысцыплінарныя спагнанні на агульную суму 900 000 рублёў. А таксама грашовай прэміі ў памеры 10 000 000 рублёў асобе, якая на момант выдання не была ў працоўных адносінах з КУП «Мінаблкінавідэапракат».

Паводле вынікаў праверкі, праведзенай пракуратурай Мінскай вобласці, КУП «Мінаблкінавідэапракат» унесена прадстаўленне, прынесены тры пратэсты, адменены тры незаконныя акты, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці чатыры асобы, тры асобы прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці на суму 5 900 000 рублёў. Ідзе работа па спагнанні ўсіх незаконна выплачаных грашовых сродкаў.

Аляксандр ГАНЧАР, начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *