Пунсовыя ветразі на хвалях песні

Захапленні Нумары Факты, падзеi, людзi

Стаўбчанка Наталля Паўлючэнка прыняла ўдзел у завочным конкурсе «Ніхто не забыты, нішто не забыта», які праходзіў у рамках ХХІІІ Усерасійскага фестывалю аўтарскай песні «Грынландыя-2015». Гэтае мерапрыемства было прымеркавана да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і праходзіла ў вёсцы Башарава Кіраўскай вобласці. Менавіта песня «Вінавата вайна», якую напісала Наталля Мікалаеўна (дасылала дзве, другая – «Я чакаю цябе»), і стала лаўрэатам. Атрымала запрашэнне прыехаць на конкурс. 

– Далёкая дарога, таму доўга вагалася, ці варта ехаць, але муж мяне ўгаварыў, – расказвае Наталля Мікалаеўна, якая прыйшла ў рэдакцыю, каб падзяліцца сваёй радасцю. – Не ўстаяла супраць аргумента, што гэта памяць аб нашых бацьках і дзядах, якія ваявалі. А прысвяціла гэтую песню менавіта свайму бацьку – ветэрану вайны. Шчаслівая, што паехала.

Наталля Мікалаеўна дадала, што ёй усё вельмі спадабалася – і як сустрэлі, і як усё было выдатна арганізавана:

– Вы не паверыце, усіх удзельнікаў налічвалася некалькі тысяч! І нават з далёкага замежжа. Атрымала зарад бадзёрасці і шмат станоўчых уражанняў. Займела многа новых сяброў. Усе мы, не важна адкуль прыехалі, якой нацыянальнасці, адчувалі сябе дзецьмі адзінай вялікай краіны, бо ва ўсіх на постсавецкай прасторы ёсць родныя або знаёмыя. Сёння мая электронная пошта перапоўнена пісьмамі. Хапіла і рамантыкі, бо жылі ў палатках на беразе ракі Быстрыца. Успомніла сваю маладосць, калі грэліся ля кастра пад патрэскванне бярозавых дроў. І нягледзячы на дажджлівае і халаднаватае надвор’е, было цёпла і хораша на душы. А ў Іосіфа Кабзона, з якім разам спявалі, зразумела, ён на сцэне, а мы як слухачы, – проста закахалася. Дарэчы, подпіс Іосіфа Давыдавіча стаіць на дыпломе.

Журы, якое праслухоўвала ўдзельнікаў, складалася з вядомых расійскіх аўтараў і эстрадных выканаўцаў, якія затым бралі ўдзел у заключным канцэрце. Конкурсаў было некалькі – не толькі песенныя, а і спартыўныя, малюнкаў, фотаздымкаў. Пацвярджала Наталля Мікалаеўна сваё «лаўрэацтва», выступаючы на ваенна-патрыятычнай сцэне, дзе песні, якія выконвалі, былі сугучныя з яе песняй. Адборачны тур працягваўся два дні.

– Я таксама прымала ўдзел у кастынгах, дзе не толькі спявала, а і чытала свае вершы, – працягвае гаворку жанчына. –  Прыемна было пачуць, што мае творы спадабаліся, і асабліва песня «Я настаўнік», якую вызначылі як гімн настаўніку. Дыплом мне ўручалі ўдзельнікі ансамбля воінаў-інтэрнацыяналістаў, з якімі сфатаграфавалася на памяць. Калі сказала, адкуль прыехала, то ўсе заапладзіравалі. Па-сутнасці, я  адзіны лаўрэат з Беларусі. Вельмі ўдзячна Валерыю Малухіну, які піша аранжыроўкі для маіх песень. Робіць ён гэта таленавіта, таму свой поспех падзяляю разам з ім.

Варта сказаць, што Наталля Паўлючэнка – жанчына таленавітая. Вершы пачала пісаць з васьмі гадоў. Ураджэнка Луганскай вобласці, у Беларусі жыве ўжо трыццаць гадоў. Па прафесіі настаўніца пачатковых класаў. Працавала спачатку ў Стаўбцоўскай школе-інтэрнаце, а пасля, да выхаду на пенсію – у гарадской сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 3. Удзельніца створанай пры школе вакальнай групы «Мроя». Неаднаразовы пераможца і прызёр песенных конкурсаў, выконвае свае творы на розных мерапрыемствах, куды яе запрашаюць і дзе з задавальненнем слухаюць. У сямейным архіве захоўваецца стос грамат і дыпломаў, але, як сама сказала, такі прыгожы дыплом атрымала ўпершыню.

– Мне было таксама цікава, чаму фестываль мае такую назву і праводзіцца менавіта ў гэтым маляўнічым месцы. Як аказалася – гэта малая радзіма вядомага пісьменніка-рамантыка Аляксандра Грына, аўтара славутых «Пунсовых ветразяў», прозвішча якога і выкарыстана ў назве фестывалю. Адзін з удзельнікаў конкурсу падарыў мне значок з яго барэльефам, – дадала Наталля Мікалаеўна. – А я, у сваю чаргу, перадала арганізатарам конкурсу сувеніры на памяць аб нашай маляўнічай Стаўбцоўшчыне і яе сыне – класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу, якія прадаставіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Напрыканцы размовы Наталля Мікалаеўна падкрэсліла, што ўбачыла аб’яву аб правядзенні конкурсу менавіта ў нашай «раёнцы». Аднак доўга вагалася, ці дасылаць фанаграму, а потым вырашыла паспрабаваць. На ўдачу. І ўдача ўсміхнулася.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *