Цэнтр, дзе развіваюцца здольнасці

Нумары Увага - дзецям

Над развіццём здольнасцяў юных працуе  ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі», загадчыцай якога з’яўляецца Жанна Яраславаўна Луцік. Тут кожнае дзіця, падлетак можа знайсці сабе занятак даспадобы.

 У цэнтры дзейнічаюць 143 аб’яднанні па інтарэсах па сямі напрамках: тэхнічным, краязнаўчым, фізкультурна-спартыўным, мастацкім, культурна-забаўляльным, ваенна-патрыятычным і грамадска-гуманітарным. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца народная студыя выяўленчага мастацтва «Вясёлка», гурткі «Цестапластыка», «Юны гітарыст», «Кераміка». А таксама «Юны інфарматык», «Асновы духоўнай культуры», вакальны гурток «Мелодыя», гурток усходняга танца і іншыя.

Навучэнцы і настаўнікі прымаюць удзел у мерапрыемствах рознага ўзроўню. Высокімі вынікамі вызначаюцца вучні і настаўнікі мастацкага накірунку. Ю. В. Сінянкова, С. М. Смоліч атрымалі дыпломы ІІ ступені, Н. М. Маслава – дыплом І ступені упраўлення адукацыі за ўдзел у абласным конкурсе на лепшую сувенірную работу сярод педагогаў. Сяргею Аўгусціновічу прысвоены дыплом І ступені, Эвяліне Стула, Кацярыне Навіцкай – дыпломы ІІ ступені, Дар’і Тарасавай, Дзіяне Гумен, Вадзіму Міхно – дыпломы ІІІ ступені па выніках абласнога этапу рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка». На абласным этапе рэспубліканскага фестывалю-конкурсу творчасці дзяцей і моладзі «Вянок славы» адзначаны дыпломамі Даміра Галіякберава, Вольга Грышкевіч, Мацвей Ганчарэнка, Станіслава Ляцко, Анастасія Галушка, Кірыл Маслаў.

З кожным годам у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі з’яўляецца ўсё больш новых гурткоў. Напрыклад, у наступным вучэбным годзе плануецца адкрыццё гуртка па робататэхніцы.

Дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць цэнтр і займаюцца любімай справай, і гэта пацвярджае педагог дададковай адукацыі, кіраўнік кружка «Цестапластыка» Таццяна Георгіеўна Аўгусціновіч, якая працуе ў цэнтры ўжо 14 гадоў і дакладна ведае, як зацікавіць сваіх выхаванцаў. Яна разам з навучэнцамі з простага цеста робіць сапраўдныя цуды, якія нельга апісаць словамі. Іх трэба толькі бачыць.

Дзякуючы Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі навучэнцы могуць навучыцца не толькі рэчам, якія раней ім здаваліся марай, але і здабыць занятак для сябе на ўсё жыццё.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *