Пакаціўся круглы мяч

Нумары Спорт

Месяц таму назад з лікам 6:2 каманда «Нёман-Агра» адолела «Крупкі-ДРБУ-164». А затым толькі паражэнні – ад камандаў Дзяржынскага, Смалявіцкага, Маладзечанскага раёнаў.

Паехалі ў Пухавічы з пэўнай надзеяй. Тамашняя «Зорка» акурат замыкала турнірную табліцу першынства вобласці. Ну і што? Бегалі, пасавалі, атакавалі… А мяч залятаў у вароты нёманцаў ажно чатыры разы. Лік «размачыў» толькі Андрэй Шпадарук. Капітан каманды выдзяляўся сярод маладзейшых сваіх калег і тэхнікай, і самаадданасцю. Намаганняў іншых членаў калектыву не хапіла, каб пазбегнуць чарговай няўдачы – 1:4.

Падвядзём рахункі. Стаўбчане з ранейшымі сваімі пятнаццаццю ачкамі дзялілі пасля адзінаццатага тура шостае-восьмае месцы з камандамі «Забудова-Буд», «Беразіно», ФК «Фалько». Недалёка і да дна табліцы. Хоць і лідары не надта далёка адбегліся. Праўда, чэрвеньскі «Колас» і ФК «Старыя Дарогі», у якіх адпаведна 23 і 22 ачкі, перамогамі падмацоўваюць сваё становішча. У каманды ДЮСШ-4 з Маладзечанскага раёна 18 ачкоў, у «Віліі» (Вілейскі раён) і «Лівадзіі-Юні» (Дзяржынскі раён) – па 17. І яшчэ сярэдзіна дыстанцыі не пройдзена. Пара нёманцам выходзіць са стану дэпрэсіі, каб гаварылі: «Пакаціўся круглы мяч да перамог, а не да няўдач».

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *