Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 15 шлюбаў. Скасаваны тры сямейныя саюзы. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Цімафей Анішчук, Арцём Астапковіч, Эліна Барысевіч, Тэона-Інжысу Дземірал, Кацярына Тарабеш, Ксенія Туміловіч і Дар’я Уласік.

Зямны шлях закончыўся для дзесяці жыхароў раёна.

Міліцыяй зарэгістраваны 133 паведамленні аб правапарушэннях. З пад’езда дома па вуліцы Цэнтральнай украдзены дзве пары імпартных красовак. Абрабаваны прыпаркаваны паблізу рынку аўтамабіль, з салона знікла магнітола з дыскам, FM-мадулятарам і флэш-картай. Неўстаноўленым зламыснікам учынены грабеж у Новым Свержані – сярод белага дня  з рук грамадзянкі выхвачаны палімерны пакет з кашальком і прадуктамі харчавання.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены два адміністрацыйныя пратаколы ў адносінах да жыхароў Мінска, якія ў фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў займаліся незаконнай здабычай рыбы, выкарыстоўваючы забароненыя сродкі, нанесеныя дзяржаве страты склалі 2 916 тысяч рублёў. Матэрыял накіраваны ў суд, аматарам дармавой юшкі пагражае штраф да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй рыбалоўных прылад.

Пракуратурай праведзены маніторынг выканання патрабаванняў працоўнага заканадаўства арганізацыямі аграпрамысловага комплексу раёна. Устаноўлена, што службовымі асобамі ААТ «Агранёманскі» дапускаюцца парушэнні ўказаных патрабаванняў. Так, да прымянення дысцыплінарнага спагнання наймальнік часта не патрабуе пісьмовага тлумачэння работніка. Загад аб дысцыплінарным спагнанні з указаннем матываў работніку пад роспіс у пяцідзённы тэрмін не аб’яўляецца. Дырэктару таварыства ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў працоўнага заканадаўства, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць.

Суд прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і пазбавіў правоў кіравання на пяць гадоў стаўбчаніна, які парушыў правілы дарожнага руху, што выклікала смерць пацярпелага. Акрамя гэтага, ён выплаціць родным загінуўшага 130 мільёнаў маральнага ўрону. На 12 базавых велічынь аштрафаваны мінчанін, які парушыў правілы ўтрымання дамашніх сабак і кошак. Яго сабака пакусаў грамадзяніна.

ДАІ выявіла 273 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў трое нецвярозых вадзіцеляў і 12 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Зарэгістравана 12 дробных дарожных аварый. Вадзіцель аўтамабіля «Сітраэн-ксанцыя», рухаючыся апоўначы па аўтадарозе Стоўбцы – Рубяжэвічы,  не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў дрэва. У выніку, ён атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні і змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы.

Санітарнай службай па выніках праверкі магазіна ТАА «Сэрвіс Пак» (база Аграмашзапчасткі) знята з рэалізацыі 9,2 кілаграма прадукцыі, на 6,6 кілаграма прадуктаў сышоў тэрмін прыдатнасці.

«Хуткая» атрымала 217 выклікаў, у тым ліку трынаццаць – да асоб з алкагольным ап’яненнем. Тры выклікі былі неабгрунтаванымі.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *