Дзеля нашай бяспекі

Ахова правапарадку Нумары

НЕ ПРЫШПІЛЕНЫЯ РАМЯНЯМІ, ДЗІЦЯ – БЕЗ АЎТАКРЭСЛА…

Чарговае дарожна-транспартнае здарэнне з пацярпелым дзіцем-пасажырам адзначана ў Мінскай вобласці.

25 ліпеня каля 10.00 на 74-м км аўтадарогі Пухавічы – Узда – Негарэлае на тэрыторыі Уздзенскага раёна адбылося сутыкненне матацыкла «Сузукі», якім кіраваў 30-гадовы жыхар Уздзенскага раёна, з аўтамашынай «Форд-ф’южн». Матацыкл, ужо без вадзіцеля, вынесла на паласу сустрэчнага руху, дзе адбыўся на яго наезд аўтамабілем «Мерседэс-бэнц-307». Пасля ўдару «Мерседэс» сутыкнуўся з аўтамабілем «Форд-фокус», у якім ехала сям’я.

У выпадку ДТЗ загінуў 44-гадовы пасажыр «Мерседэса», яшчэ чатыры чалавекі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці: вадзіцель «Мерседэса» і пасажыры «Форда-фокуса». Дзевяцігадовы хлапчук сядзеў на заднім сядзенні без аўтакрэсла, ён атрымаў цяжкую траўму твару. Не дапамагло нават тое, што ў момант ДТЗ мама моцна прыціснула яго да сябе. Усе, хто знаходзіўся ў «Мерседэсе», не былі прышпілены рамянямі.

Паважаныя вадзіцелі! Ад сітуацыі, якая можа раптоўна ўзнікнуць на дарозе, не застрахаваны ніхто. Клапаціцеся аб сваіх пасажырах. Перавозьце дзяцей толькі ў аўтакрэслах. Усе дарослыя павінны быць прышпілены рамянямі бяспекі.

УДАІ РАУС Мінаблвыканкама

 

АГАРОДЫ – БЕЗ МАКУ І КАНОПЛІ

За перыяд правядзення спецыяльнай праграмы «Мак» у чэрвені і ліпені на тэрыторыі раёна выяўлена 24 факты росту незаконных пасеваў маку і каноплі. Згодна з арт. 16.1 КоАП Рэспублікі Беларусь, пасеў ці вырошчванне без мэты збыту забароненых раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі, выклікае накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь. Так, ужо складзена 12 адміністрацыйных пратаколаў.

Крымінальным кодэксам (арт. 329) за вырошчванне маку і каноплі прадугледжаны і наступныя меры адказнасці, у залежнасці ад ступені цяжкасці: штраф, арышт на тэрмін да шасці месяцаў, абмежаванне свабоды на тэрмін да трох гадоў і, нарэшце, пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да пятнаццаці гадоў.

Спецыяльная прафілактычная праграма працягнецца да 15 верасня. Супрацоўнікі міліцыі будуць весці далейшае абследаванне прысядзібных участкаў, палёў, дач і адміністрацыйных тэрыторый з мэтай праверкі вырошчвання забароненых для культывавання раслін. У сваю чаргу праваахоўнікі заклікаюць грамадзян самастойна прымаць меры па знішчэнні наркаўтрымліваючых раслін, паведамляць аб месцах іх вырошчвання, а таксама своечасова інфармаваць аб асобах, якія збываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх аналагі. Паведамленнем, якое можа быць ананімным, вы можаце захаваць сваіх родных і блізкіх ад наркотыкаў, выратаваць здароўе і жыццё маладым людзям.

Міхаіл Мігура, першы намеснік начальніка РАУС, падпалкоўнік міліцыі

 

ЗАБЛУДЗІЛІСЯ – НЕ ПАНІКУЙЦЕ

Штогод у тэрытарыяльных аддзелах унутраных спраў Мінскай вобласці рэгіструецца каля 2500 паведамленняў аб без вестак прапаўшых грамадзянах. Большую частку людзей удаецца знайсці падчас першапачатковых вышуковых мерапрыемстваў. Калі ж чалавек не знаходзіцца, то па кожным такім факце ўзбуджаецца крымінальная справа. Вышук спыняецца толькі ў выпадку ўстанаўлення месцазнаходжання прапаўшага або пасля пятнаццаці гадоў з моманту узбуджэння крымінальнай справы.

У летне-асенні перыяд не рэдкія выпадкі, калі грамадзяне прападаюць у лесе падчас збору ягад і грыбоў. Сёлета паступіла больш за дваццаць паведамленняў. Не заўсёды ўдаецца людзей адшукаць. Паходы ў грыбы і ягады часам заканчваюцца лятальнымі выпадкамі, таму хадзіць у лес пажадана не аднаму. Напярэдадні неабходна зарадзіць мабільныя тэлефоны, расказаць сваім блізкім у якую мясцовасць трымаеце накірунак. Калі ж вы заблудзіліся, то не панікуйце. Старайцеся ўспомніць шлях, па якім ішлі, шукайце знаёмыя арыенціры і т. п. Пры наяўнасці мабільных сродкаў сувязі неабходна паведаміць аб здарэнні ў міліцыю і менш званіць, але сам тэлефон не выключаць – гэта дапаможа хутчэй вас знайсці. Настойліва парэкамендуйце родным састарэлага ўзросту не хадзіць адным у лес, асабліва тым, хто мае праблемы са здароўем.

На тэрыторыі вобласці зарэгістраваны выпадкі, калі людзі, якія заблудзіліся ў лясных масівах, на працягу некалькіх гадзін і нават дзён знаходзіліся на сувязі са сваімі блізкімі. У далейшым па розных прычынах сувязь з прапаўшымі спынялася. І толькі пасля гэтага родныя звярталіся па  дапамогу ў міліцыю. На жаль, пошукі не заўсёды заканчваліся вынікова. Лёс многіх і сёння застаецца невядомым.

Грамадзяне! Не заставайцеся раўнадушнымі да бяды людзей, у якіх прапалі родныя. Калі знойдзеце чалавечыя астанкі або прадметы, якія сведчаць аб магчымым знаходжанні ў вашай мясцовасці прапаўшых (адзенне, абутак, вёдры, карзіны, веласіпеды і інш.), просім без прамаруджвання паведаміць аб гэтым у бліжэйшы орган унутраных спраў па тэл. 102.

Аддзел крымінальнага вышуку Стаўбцоўскага РАУС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *