«Дзеці – свае, таму і прышпільваем іх», – так эмацыянальна патлумачыў адзін з вадзіцеляў сваю пазіцыю адносна перавозкі дзяцей-пасажыраў

Нумары Увага - дзецям

Супрацоўнікі абласной і раённай ДАІ сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, рэдакцыяй газеты «Прамень» правялі рэйд на дарогах раёна ў рамках прафілактычных акцый – «Дзеці-пасажыры» і «Цвярозы вадзіцель».

Рэйдавая брыгада працавала на аўтадарозе Стоўбцы – Рубяжэвічы. Ля магазіна «Родны кут», дзе акурат цэнтр Рубяжэвічаў і развілка дарог, бліжэй да абеду назіраецца прыкметнае ажыўленне. Экіпаж у складзе інспектараў дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Валянціна Ліпніцкага і Аляксея Славінскага спыняе вадзіцеляў і правярае дакументы. У агульным патоку «адфільтроўваюцца» некалькі вадзіцеляў, ды і ў тых парушэнні – нязначныя. Не ўзнікла пытанняў і да трактарыста, занятага на падвозцы зялёных кармоў на бліжэйшую ферму. «Неабходна падфарбаваць рэгістрацыйны нумар на трактары», – у інспектараў знайшлася толькі гэтая заўвага.

Адзін за адным рулююць да магазіна веласіпедысты самых розных узростаў.  Здаецца, сярод вяскоўцаў гэты від транспарту не мае канкурэнтаў. Начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Мінаблвыканкама Алег Цюрын накіроўваецца да веласіпедысткі-жанчыны.  Правілаў дарожнага руху яна быццам не парушае, аднак… Спераду на веласіпедзе – катафот чырвонага колеру, ззаду – няма ніякага. Знаёмімся. Месца працы жанчыны знаходзіцца побач з домам, а вось на пошту, па іншых справах – заўсёды з веласіпедам. «Вам трэба пераставіць чырвоны катафот – ён павінен быць ззаду, – даводзіць веласіпедыстцы Алег Цюрын, – інакш у цёмны час сутак не пазбегнуць наезду». Калі даведваецца, што жанчына пражывае адна, просіць у аднаго з вадзіцеляў адвёртку і сам ставіць катафот на правільнае месца, а спераду, дзе належыць быць ліхтару белага колеру, наклейвае на раму святлоадбівальную палоску. Жанчына дзякуе супрацоўніку ДАІ, а ён, у сваю чаргу, «разлічваецца» з удзельнікамі гэтай лакальнай вулічнай акцыі адмысловымі падарункамі – тэматычнымі закладкамі для кніг. «Гэта для вашых дзяцей, унукаў», – падказвае Алег Цюрын.

Такія ж закладкі ўручаюцца і двум падлеткам, што непадалёку катаюцца на веласіпедах. Даведваемся, што ў Рубяжэвічы яны прыехалі да бабуляў. Інспектары папутна нагадваюць дзецям, што веласіпед праз дарогу неабходна пераводзіць у руках. Завязваецца размова і з мясцовымі школьнікамі. Яны на веласіпедах суправаджаюць матулю ў магазін.

– А 14 гадоў вам ёсць? Правілы дарожнага руху ведаеце? – цікавімся ў іх.

– Канешне. У нашай школе ёсць каманда юных інспектараў дарожнага руху. Яна ў лагеры «Зубраня» пабывала, – «абяззброілі»  нас Віталь і Таццяна сваёй эрудзіраванасцю.

Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ганна Галяновіч дадае пры гэтым, што вучняў на ўроках, у гуртках навучаюць быць дысцыплінаванымі пешаходамі і, вельмі важна, – веласіпедыстамі, бо веласіпед на вёсцы – першы памочнік.

На прыкладзе гэтага рэйду відавочна, што прафілактычная работа сярод школьнікаў фактычна не спыняецца і летам. Цяпер ідзе акцыя «Бяспечныя канікулы».

Тым часам экіпаж інспектараў кантралюе аўтамабілі, у якіх перавозяцца дзеці-пасажыры. У аўтамабілі дачнікаў-мінчанаў чатырохгадовы Данііл, зафіксаваны з дапамогай бустара, пачувае сябе ў бяспецы. У аўтамабілі з расійскімі нумарамі – зроблена тое ж самае. Яго вадзіцель, які аказаўся жыхаром Ленінградскай вобласці, адрэагаваў вельмі эмацыянальна: «Дзеці – свае, мы іх любім, таму абавязкова прышпільваем».  Але вось да магазіна пад’ехала сям’я з мясцовых. Дзядуля, бабуля, унукі. Ні аўтакрэсла, ні бустара, ні рамянёў бяспекі… «Нам тут блізка. Што можа здарыцца на гэтай адлегласці?..» – не сунімалася бабуля…

Увага інспектараў фіксуецца на матацыклісце. Некалькі дзён таму паміж Дзераўной і Янкавічамі адбылося дарожна-транспартнае здарэнне па віне 16-гадовага матацыкліста. Ён жа сам у ім і пацярпеў… Ды гэты малады вадзіцель – у шлеме, водзіць акуратна. Пры праверцы дакументаў –  парадак.

Як ажыццяўляецца кантроль за станам вадзіцеляў у ААТ «Рубяжэвічы», удзельнікі рэйду пераканаліся непасрэдна на месцы, у дыспетчарскай гаспадаркі. Дыспетчар Таццяна Рубіс з дапамогай алкатэстара правярала вадзіцеляў і механізатара. Прэтэнзій да работнікаў не ўзнікла – можна працягваць рамонтныя работы.

 – Закупілі тры алкатэстары і арганізоўваем праверкі раніцай і вечарам, на працягу рабочага дня. Пры выяўленні алкагольнага ап’янення адхіляем работніка ад работы, – гаворыць намеснік дырэктара па раслінаводстве Ірына Атрушкевіч. 

– Пры рабоце з алкатэстарам бываюць і спрэчныя моманты, – заўважае Валянцін Ліпніцкі. – У такім выпадку вадзіцеля дастаўляем для праверкі ў бліжэйшую медыцынскую ўстанову.    

Чаму пытанне нецвярозых вадзіцеляў не губляе актуальнасці, тлумачыць начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Мінаблвыканкама Алег Цюрын:

– З пачатку года на дарогах Мінскай вобласці нецвярозымі вадзіцелямі ўчынена больш за 30 ДТЗ. Яны характарызуюцца цяжкімі наступствамі, таму і ёсць патрэба ў рэйдавых мерапрыемствах, асабліва ў сельскай мясцовасці. Мэта іх – інфармаванне вадзіцеляў аб адміністрацыйнай адказнасці, наступствах ДТЗ, а таксама агляд іх перад выездам на лінію, падчас работы. Намецілася тэндэнцыя на зніжэнне колькасці аварый па віне вадзіцеляў АПК у стане алкагольнага ап’янення, аднак кантроль павінен быць пастаянным.                    

Матэрыялы рэйду падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *