Верыць у мару

Захапленні Нумары Факты, падзеi, людзi

Лідар музычнай групы «Цвет Алоэ» Сяргей Лапкоўскі, ураджэнец Стаўбцоўскага раёна, з’яўляецца адным з яскравых прадстаўнікоў беларускай эстрады. Мы любім Сяргея, сочым за яго творчасцю і радуемся таму, што ён здолеў ажыццявіць сваю мару і стаць выдатным музыкантам.

У канцы чэрвеня, калі ўся краіна святкавала Дзень моладзі, у нашым горадзе адбыўся канцэрт Сяргея Лапкоўскага і яго групы «Цвет Алоэ». Канцэрт суправаджаўся бурнымі апладысментамі, а песні калектыву прымусілі трапятаць не адно дзявочае сэрца. Перад канцэртам мне ўдалося ўзяць інтэрв’ю ў лідара калектыву. Не стану ўтойваць: Сяргей з першай хвіліны пакарыў мяне сваім абаяннем.

– Сяргей, раскажыце пра гісторыю стварэння групы «Цвет Алоэ».

– Стварэнне калектыву – гэта творчая сустрэча двух людзей, а менавіта: гітарыста Руслана Іванова і мяне. Гэта быў 2002 год. Я ў той час вучыўся ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Нам прыйшла ідэя стварыць нешта цікавае, сучаснае, папулярнае. Да гэтага я быў удзельнікам гурта «Джокер», арганізаванага  ў Стоўбцах. Але будучы студэнтам, я марыў пра вялікую сцэну, марыў выйсці на новы ўзровень.Такім чынам, мы стварылі групу «Цвет Алоэ».

– А чаму Вы выбралі менавіта такую назву?

– Гэта вельмі прыгожае словазлучэнне. Акрамя таго, яно нясе ў сабе вялікі сэнс, бо кветка алоэ цвіце толькі раз у сто гадоў.

– Ні для каго не сакрэт, што вы з’яўляецеся прыкладам для многіх пачынаючых музыкантаў Беларусі. Што вы можаце пажадаць ім на шляху да поспеху?

– У першую чаргу – верыць у мару! Неабходна ставіць для сябе мэту і абавязкова ісці наперад, не зварочваючы. Людзі не павінны звяртаць увагі на чужыя думкі, не патрэбныя ім парады. Яны павінны ісці да сваёй мары. Толькі з дапамогай моцнага жадання, упартай працы і жалезнай волі можна дамагчыся поспеху. І не важна, у якой прафесіі: няхай гэта будзе артыст, лекар ці педагог. У мяне была мара, і я ішоў да яе. На маім шляху сустракаліся людзі, якія дапамагалі мне, за што я вельмі ўдзячны.

– Раскажыце аб адносінах з іншымі ўдзельнікамі калектыву.

– У нас выдатныя адносіны! Вы можаце зараз бачыць рабят, у групе «Цвет Алоэ» нядаўна абнавіўся склад. Руслан Іваноў – гітарыст, бас-гітарыст – Яўген – новы член калектыву, як і Андрэй, барабаншчык. Хлопцы выдатныя! Маладыя і перспектыўныя. Гэта новае ўліванне ў групу, новыя ідэі і новыя эмоцыі. У нас вельмі добрыя адносіны, сяброўскія. Сёння пасля канцэрта абавязкова збярэмся разам. Гэтага ўжо даўно не было, таму што ўвесь час тэлевізійныя здымкі, праекты, і амаль няма вольнага часу.

– Якое пачуццё вы зведваеце, выступаючы на сцэне?

– Задавальненне. Я люблю дарыць радасць людзям, для мяне гэта адно з самых прыемных адчуванняў. Ну і, вядома ж, перад выступленнем я адчуваю хваляванне, якое знікае, калі выходжу на сцэну. Там я адчуваю сябе вельмі ўпэўнена.

– У чым або ў кім вы чэрпаеце натхненне?

– Мяне натхняе жыццё, узаемаадносіны, погляды людзей. Наогул, мяне натхняе ўсё тое, што я бачу вакол.

– Ну і напрыканцы, скажыце, што вы можаце пажадаць жыхарам Стаўбцоўскага раёна?

– Кахання. Таксама мне хочацца пажадаць жыхарам нашага раёна, каб яны шанавалі тых, хто знаходзіцца з імі побач, заўсёды пазітыўна глядзелі на жыццё і, вядома ж, верылі ў сябе.

Сяргей Лапкоўскі – дзіўны чалавек. За невялікі час зносін з ім я зразумела, што перада мною – моцная, валявая асоба, якая, нягледзячы на цяжкасці і няўдачы, будзе ісці наперад, насустрач свайму лёсу. Шчырая любоў да жыцця, да свайго прызвання, да людзей зрабіла Сяргея артыстам, здольным з дзіўнай хуткасцю пакараць сэрцы слухачоў. А жаночыя – асабліва. Сяргей падчас свайго выступу быў незвычайна сціплы, шчыры, а ў выкананне сваіх песень ён укладваў ўсю душу.

Песні гурта «Цвет алоэ» вельмі разнапланавыя: некаторыя з іх напаўняюць цябе радасцю і прымушаюць скакаць ад нястрымных эмоцый, іншыя ж слухаеш са слязамі на вачах. Многім стаўбчанам асабліва палюбілася песня «Белым снегам». Нядзіўна: гэтая кранальная кампазіцыя апавядае пра каханне, моцнае і палымянае, якое здольна жыць, нягледзячы на расстанне і холад навакольнага свету. І яшчэ песня «9 жыццяў». Думаю, што многія гледачы, асабліва маладыя, палюбілі гэты творчы калектыў.

Кацярына ІГНАТОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *