Несці адказнасць усім калектывам

Нумары Прамая лінія

Адбылася тэлефонная прамая лінія з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Людмілай Магер па пытаннях аховы працы.

– Якія абавязкі выконваюць грамадскія інспектары па ахове працы і што змянілася за апошні час у аплаце іх работы?

– Грамадскія інспектары ажыццяўляюць кантроль за аховай працы непасрэдна на месцы работы. Мы прыцягваем іх да праверак, арганізуем вучобу. Аднак быць грамадскім інспектарам нялёгка. Нярэдка на патрабаванне выконваць правілы па ахове працы ён можа пачуць ад парушальніка не заўсёды прыемныя словы. Толькі калі па халатнасці і безадказнасці работніка здараецца няшчасны выпадак і ён страчвае здароўе, тады ў яго ўзнікаюць прэтэнзіі да калег, да кіраўніка: чаму своечасова не папярэдзілі?

У Законе «Аб ахове працы» ўведзена адказнасць наймальніка, але неабходна, каб за ахову працы таксама неслі адказнасць работнік і калектыў. І калі так будзе, то грамадскаму інспектару працаваць стане значна лягчэй, ды і вынікі будуць лепшымі. Што тычыцца аплаты працы, то, на жаль, ільготы, якія прадугледжаны калектыўнымі дагаворамі грамадскім інспектарам па ахове працы, не заўсёды выконваюцца. 

– На якіх умовах у гаспадарцы павінны  выдаваць маладому спецыялісту сродкі індывідуальнай аховы, калі ён заняты на работах са шкоднымі ўмовамі працы?

– На агульнай падставе, як і ўсім работнікам. Гэта занатавана ў адпаведным артыкуле Працоўнага кодэкса. А іменна, пры заключэнні працоўнага дагавору наймальнік абавязаны забяспечыць выдачу работнікам, занятым на вытворчасці са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы, а таксама на работах, звязаных з забруджваннем або якія выконваюцца ў неспрыяльных тэмпературных умовах, спецыяльнага адзення, спецабутку і іншых неабходных сродкаў індывідуальнай аховы па тыпавых нормах у адпаведнасці з найменнямі прафесій і пасад, уключаных у Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь «Прафесіі рабочых і пасады служачых».

– Якім патрабаванням павінна адпавядаць сцецадзенне?

– Спецадзенне – неабходны элемент для вытворчасці розных відаў работ, таму павінна выконваць ахоўныя функцыі падчас іх правядзення. Патрабаванні да таго, якім яно павінна быць, прапісаны дзяржстандартамі. У прыватнасці, рабочае адзенне на вытворчасці павінна выдавацца ў строгай адпаведнасці з полам работніка, з улікам памеру і росту кожнага чалавека, адпавядаць умовам і асаблівасцям работ, якія праводзяцца. Яно не павінна быць свабодным або цесным. Акрамя таго, рабочаму адзенню павінны быць уласцівыя наступныя абавязковыя якасці: надзейнасць, стойкасць да ўсадкі і мыцця, даўгавечнасць, гігіенічнасць, зручнасць і інш. А таксама яно павінна адпавядаць прафесіянальнай спецыфіцы, кліматычным умовам і сезону эксплуатацыі. У мэтах бяспекі на спецадзенне нашываюцца святлоадбівальныя палосы. Акрамя гэтага, адным з асноўных патрабаванняў да рабочага адзення з’яўляецца і яго эстэтычны знешні выгляд. Хачу нагадаць, што механізатары павінны абавязкова насіць спецабутак, і ні ў якім разе не працаваць у сланцах.

– У якіх выпадках праводзіцца стажыроўка асоб рабочых прафесій на рабочым месцы? Якая яе працягласць?

– Правядзенне такой стажыроўкі рэгламентуецца інструкцыяй. Рабочыя, якія прыняты або пераведзены на работы з павышанай бяспекай ці маюць перапынак у выкананні ўказаных работ больш за адзін год, да самастойнай работы дапускаюцца пасля праходжання стажыроўкі і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. Падчас стажыроўкі рабочыя выконваюць работу пад кіраўніцтвам прызначаных загадам (распараджэннем) кіраўніка арганізацыі, майстроў, брыгадзіраў, інструктараў і высокакваліфікаваных рабочых, якія маюць стаж практычнай работы па данай прафесіі не менш за тры гады. Кіраўнікі стажыроўкі і рабочыя, якія яе праходзяць, павінны быць азнаёмлены з загадам (распараджэннем) аб праходжанні стажыроўкі. Пералік прафесій рабочых, якія павінны прайсці стажыроўку, зацвярджаецца кіраўніком арганізацыі. Працягласць стажыроўкі залежыць ад кваліфікацыі рабочых і відаў работ, якія яны выконваюць, і павінна праводзіцца не менш як два рабочыя дні.

– Ці маюць права працаваць памочнікамі камбайнераў непаўналетнія?

– Гэтае пытанне грамадзяне задаюць пастаянна, але адказ заўжды будзе адмоўным. У сувязі з тым, што падчас жніва мелі месца выпадкі са смяротным зыходам з удзелам непаўналетніх, упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама забаронена  заключаць дагаворы з непаўналетнімі на выкананне работ на збожжаўборачных камбайнах. Хачу падкрэсліць, што афармляць на працу непаўналетніх для выканання іншых відаў сельскагаспадарчых работ можна толькі строга прытрымліваючыся адпаведных дакументаў. 

Забеспячэнне бяспечнай працы работнікаў –  адзін з самых вострых момантаў на любой вытворчасці, і да гэтага трэба падыходзіць з поўнай адказнасцю, бо цана пытання – жыццё чалавека. Таму асобы, якія адказваюць за прытрымліванне правілаў па ахове працы, павінны знаходзіцца падчас масавых палявых кампаній, у прыватнасці, жніва, непасрэдна на полі і збожжасушыльных комплексах. Зразумела, не трэба забываць пры гэтым і пра іншыя аб’екты.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *