Насустрач дзіцячай душы

Культура Нумары

Мы працягваем расказаваць пра  лепшых працаўнікоў розных сфер нашага раёна, удастоеных быць занесенымі на раённую Дошку гонару. Там вы ўбачыце і фотаздымак Людмілы Крамко. Сваё жыццё яна звязала з мастацтвам і прыкладвае свае творчыя сілы для педагагічнай работы, эстэтычнага выхавання маладога пакалення.

Выпускніца Мінскага музычнага вучылішча, Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Людміла Крамко працуе выкладчыкам у Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў па класе баяна. За яе плячыма 38 гадоў педагагічнай дзейнасці. Людміла Станіславаўна з’яўляецца настаўнікам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і пацвярджае гэтую высокую ацэнку свайго прафесіяналізму вынікамі працы.

Выбар прафесіі настаўніка для яе быў і прызваннем, і працягам сямейных традыцый. Ветэраны педагагічнай працы яе бацькі Станіслаў Іванавіч і Любоў Юльянаўна Войны. Яны паказалі ёй прыклад без астатку аддаваць сябе рабоце, дзецям, не шкадаваць для гэтага душэўных сіл, цеплыні свайго сэрца, удзельнічаць у лёсе дзіцяці, фарміраваць яго асобу, выхоўваць розум і душу далучэннем да прыгожага, маральнага, чыстага і светлага.

Вучні Людмілы Крамко з’яўляюцца лаўрэатамі прэстыжных музычных конкурсаў. Узяць хоць бы адну дзяўчынку – Аню Абрамовіч. Ёй толькі дзевяць гадоў. Аднак яна, дзякуючы вялікай працы са сваім любімым педагогам, сумела заваяваць больш за 20 дыпломаў розных конкурсаў юных выканаўцаў, у тым ліку міжнародных і рэспубліканскіх, і стаць стыпендыяткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі за 2014 год. І іншыя вучні Людмілы Крамко прымаюць актыўны ўдзел у гарадскіх і раённых мерапрыемствах, адстойваюць гонар школы на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Паказчыкам вялікіх поспехаў можа служыць такі факт: тройчы вучні Людмілы Крамко праходзілі на заключны этап Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча. Імёны гэтых вучнў – Кацярына Цюхай, Кацярына Шуцько, Ганна Абрамовіч.

Тыя бацькі, чые дзеці займаюцца ў школе мастацтваў і ўдзельнічаюць у конкурсах, належна ацэняць працу педагога. Толькі талент настаўніка можа дапамагчы вучням адчуць прыгажосць музыкі, палюбіць яе, матываваць дзяцей на дадатковыя заняткі для падрыхтоўкі да конкурсу, дапамагчы вывучыць складаныя творы, пераадолець перадконкурснае хваляванне, граматна і прыгожа сыграць на сцэне перад кампетэнтным журы. Увесь гэты час настаўнік падтрымлівае свайго вучня, ахвяруе асабістым часам, сваімі выхаднымі днямі, каб звазіць юных музыканктаў на конкурсы ў розныя гарады нашай краіны.

Педагога радуе, што многія яе выпускнікі звязалі сваё жыццё з прафесійнай музыкай. У ліку іх цяперашні дырэктар Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрый Слесарчык, намеснік дырэктара гэтай школы Ірына Шэндзік. Настаўнікамі музыкі працуюць Марына Ігнацюк, Алена Гарбачук, Анжэла Саматыя, Кацярына Цюхай, трое апошніх у гэтым спісе – цяпер калегі Людмілы Станіславаўны па Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў.

За свае добрасумленныя адносіны да працы, вернасць аднойчы выбранай прафесіі, за вялікі ўклад у эстэтычнае развіццё маладога пакалення, творчую работу і высокае прафесіянальнае майстэрства Людміла Крамко ўзнагароджана шматлікімі граматамі – іх у яе арсенале 26. Акрамя таго, Людміла Станіславаўна – лаўрэат «Парада лідараў культуры года-2003» у намінацыі «Педагог года».

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ХТО ШМАТ ЧЫТАЕ, ТОЙ ШМАТ ВЕДАЕ

Калі чытаем добрую кнігу, мы адчуваем такое ж пачуццё, як пры набыцці новага сябра. Зноў прачытаць ужо раней прачытаную кнігу – значыць зноў убачыць старога сябра. Не апошнюю ролю ў гэтым працэсе выконваюць дзіцячыя бібліятэкі. Яны даюць школьніку магчымасць выбраць новы томік твора, правесці адпачынак з карысцю. Такой кніжнай мясцінай з’яўляецца дзіцячая бібліятэка горада Стоўбцы.

Нягледзячы на камп’ютары, планшэты, якія цяпер з’яўляюцца ледзьве не самым важным у жыцці моладзі, у бібліятэку па-ранейшаму ходзяць, бяруць кнігі, чытаюць. На погляд Алены Міхайлаўны Асаёнак, бібліятэкара чытальнай залы, да кнігі трэба прывучваць з дзяцінста, і тады дзеці з задавальненнем будуць самі хадзіць у бібліятэку не толькі ў школьныя гады, але і дарослымі, для іх бібліятэка стане нечым неабходным.

Фонд дзіцячай бібліятэкі складае каля 26 тысяч экзэмпляраў. Кожны квартал яна абнаўляецца новай літаратурай. Вельмі добра працуе адзел камплектавання. Яго калектыў імкнецца забяспечыць бібліятэку ўсімі навінкамі, годнымі ўвагі. Падпісана каля 100 часопісаў. Вельмі добры даведачны апарат, шмат энцыклапедый. Бібліятэка цесна супрацоўнічае з праваслаўнай царквой. Выдавецтва Патрыярхата забяспечвае кніжнай літаратурай на рэлігійную тэму. Фонд духоўна-маральнага напрамку налічвае каля трох тысяч экзэмпляраў. Дзякуючы новым тэхналогіям кніжкі выдаюцца прыгожымі, са шматлікімі малюнкамі, якія прывабліваюць дзяцей.

На базе дзіцячай бібліятэкі праводзіцца шмат мерапрыемстваў і выстаў. Працуе клуб па інтарэсах «Вясёлка» для аматараў мастацтва. У мінулым годзе прайшла выстава дзіцячага малюнка, дзе былі прадстаўлены работы дзяцей са студыі Ірыны Зянько. У гэтым годзе з удзелам дзяцей першых класаў адбылося свята Буквара. Цэлы чэрвень бібліятэку наведвалі выхаванцы школьных лагераў. Цікава прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню Перамогі, праведзенае сумесна з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Гэта была інтэрактыўная гульня па станцыях. Станцыя «Эрудыт» знаходзілася ў бібліятэцы. Тут дзеці шукалі літаратуру на ваенную тэму, адказвалі на пытанні віктарыны і т. п. Адбылася вялікая тыматычная выстава, прысвечаная гэтаму святу.

Дзіцячая бібліатэка супрацоўнічае з грамадскім аб’яднаннем «Шматдзетная сям’я». Таксама займаецца краязнаўчай работай. Пастаянна дзейнічае выстава, прысвечаная Якубу Коласу, на якой сабраны матэрыялы пра вялікага пісьменніка. Дзейнічае выстава, прысвечаная раёну. Яна  карыстаецца попытам. Часта дзеці прыходзяць з рознымі пытаннямі па гісторыі і абавязкова знаходзяць тут адказы.

Працуюць у бібліятэцы шэсць чалавек. У жніўні прыйдуць два новыя спецыялісты.

У наступным годзе дзіцячая бібліятэка адзначыць 65-годдзе. Гэта натхняе на тое, каб сказаць, што кніга існавала, існуе і будзе існаваць, і заўседы знойдзе свайго чытача.

Ксенія Рубін



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *